Сфэра культуры Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, выкліканым дзяржаўным ціскам, цэнзурай і рэпрэсіямі.
Культурныя інстытуцыі пазбаўляюць прафэсійных кадраў, кіраваньне імі аддалі ляяльным рэжыму людзям, якія часьцяком ня маюць профільнай адукацыі. Людзі творчасьці сутыкаюцца зь перасьледам, маргіналізацыяй або вымушанай эміграцыяй. Такія высновы зьмяшчаюцца ў справаздачы Беларускага ПЭНу аб парушэньнях культурных правоў у Беларусі за 2024 год.
Справаздача падрыхтаваная на падставе абагульненых зьвестак, сабраных маніторынгавай групай Беларускага ПЭНу на працягу 2024 году з адкрытых крыніц, а таксама праз асабістыя кантакты і непасрэдныя зносіны зь дзеячамі культуры на ўмовах ананімнасьці.
«Нярэдка інфармацыя пра парушэньні ня робіцца публічнай, застаючыся ў коле сям’і або прафэсійнай супольнасьці, таму важна ўлічваць, што ўсе пададзеныя ў дакумэнце лічбы — ніжні парог кожнага тыпу парушэньняў», — гаворыцца ў справаздачы.
У ёй таксама канстатуюць, што дзеячы культуры ў Беларусі, якія трапілі ў «чорныя сьпісы», ня могуць працаўладкавацца ў дзяржаўных установах, а любая асацыяцыя з пратэстамі 2020 году робіцца прычынай забароны на ўдзел у фэстывалях, канцэртах і выставах. Выкарыстаньне беларускай мовы можа стаць падставай для падазрэньняў з боку спэцслужбаў.
Перасьлед у 2024 годзе ў лічбах, паводле справаздачы Беларускага ПЭНу
- У 2024 годзе аўтары справаздачы Беларускага ПЭНу зафіксавалі сама меней 1348 парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры. Найбольш частыя парушэньні ў дачыненьні да дзеячаў культуры — парушэньне права на справядлівы суд (311 выпадкаў), адвольныя затрыманьні / арышты (129) і крымінальны перасьлед (117). У дачыненьні да арганізацый і супольнасьцяў часьцей за іншыя зафіксавалі стварэньне адміністрацыйных перашкодаў для дзейнасьці, у тым ліку прымусовую ліквідацыю (85), а таксама парушэньне права на справядлівы суд і свабоду асацыяцыяў (па 39).
- Станам на 31 сьнежня 2024 году ў зьняволеньні, паводле аўтараў справаздачы, знаходзіліся сама меней 104 палітзьняволеныя дзеячы культуры. Агулам пазбаўленыя волі ці адбывалі пакараньне ў выглядзе «хатняй хіміі» сама меней 168 дзеячаў культуры. На працягу 2024 году палітвязьнямі прызналі як мінімум 56 дзеячаў культуры, сама меней 49 чалавек выйшлі на волю.
- Летась сама меней 129 дзеячаў культуры сутыкнуліся з адвольным затрыманьнем або арыштам. Вядома пра адміністрацыйны перасьлед у дачыненьні да 95 людзей культуры (105 адміністрацыйных пратаколаў). Сама меней на 117 дзеячаў культуры ў 2024 годзе завялі крымінальныя справы. У 20 выпадках пачалі працэдуру «спэцвядзеньня» (гаворка пра завочныя суды). Па крымінальных справах летась асудзілі сама меней 88 дзеячоў культуры, 13 зь іх — завочна.
- 7 прадстаўнікоў сфэры культуры ўнесьлі ў «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», 64 — у так званы «сьпіс экстрэмістаў».
- Аўтарам справаздачы вядома пра палітычна матываваныя звальненьні ў дачыненьні да 45 супрацоўнікаў сфэры культуры.
- У 2024 годзе ў прымусовым парадку зьліквідавалі сама меней 39 аб’яднаньняў, якія дзейнічалі ў сфэры культуры.
- Сама меней 289 матэрыялаў на тэму культуры ці сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры Міністэрства інфармацыі ўнесла ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- Аўтары справаздачы зафіксавалі 133 выпадкі цэнзуры: у дачыненьні да выставаў, канцэртаў, спэктакляў, кінапаказаў, кніг, публічных выступаў.
- Летась зафіксавана 55 парушэньняў, зьвязаных з захаваньнем спадчыны (якая мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці або безь яго) і культурай памяці.
Чым адзначыўся 2024 год для дзеячаў культуры і культурных арганізацый Беларусі
У справаздачы адзначаецца, што 2024-ы — гэта трэці год утрыманьня ў зьняволеньні ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага і яшчэ «сама меней 103 палітзняволеных — дзеячаў культуры ў месцах пазбаўленьня волі, а з улікам тых, хто адбывае пакараньне ў выглядзе „хатняй хіміі“, — сама меней 168 чалавек на канец году».
На канец 2024 году больш за паўтара года знаходзіліся ў рэжыме поўнай ізаляцыі (інкамунікада) дзеячы культуры Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі.
2024 год адзначыўся затрыманьнем удзельнікаў рок-гурта Nizkiz, аўтараў адной са знакавых песень беларускіх пратэстаў 2020 году, і наступнымі адміністрацыйнымі і крымінальнымі працэсамі супраць іх.
Таксама мінулы год адзначыўся рэпрэсіямі за праяву салідарнасьці з палітзьняволенымі, хваляй затрыманьняў і ператрусаў сярод архітэктараў, дырэктараў івэнт-агенцтваў, вядучых актораў Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (зь іх наступным звальненьнем) і іншых дзеячаў культуры. Прайшлі звальненьні з Музэя традыцыйнай культуры ў Браславе, з кінастудыі «Беларусьфільм», з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў і іншых установаў; працягваліся далейшыя палітычна матываваныя выключэньні з творчых саюзаў.
У 2024 годзе, гаворыцца ў дакладзе, набіраў абарот трансьмежны перасьлед дзеячаў культуры. Гэта, сярод іншага, завочны судовы працэс у справе «аналітыкаў Ціханоўскай», завядзеньне крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў «Народных амбасадаў Беларусі» і перасьлед дзеячаў культуры ў эміграцыі за сьвяткаваньне Дня Волі, за ўдзел у выбарах у Каардынацыйнную раду. Адбыліся акты вандалізму ў дачыненьні да беларускіх арганізацыяў у Вільні. Незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы» была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рэжысэр Андрэй Гнёт апынуўся пад пагрозай экстрадыцыі з Сэрбіі на запыт уладаў Беларусі.
Аўтары справаздачы зафіксавалі новыя выпадкі палітычнай і ідэалягічнай цэнзуры: заўчаснае закрыцьцё ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры выставы, прысьвечанай 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава; часовае прыпыненьне ў Палацы мастацтваў выставы «1,10 квадрата», прымеркаванай да 110-годзьдзя «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча; зьняцьце работ шэрагу мастакоў з экспазыцыі «Арт-Менск 2024»; адмена тэатральнай пастаноўкі праз рашэньне Грамадзкай рады па маральнасьці. Таксама ў 2024 годзе адбылося закрыцьцё найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў, далейшая прымусовая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасьці.
Летась прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ 19 кніг, у тым ліку творы Паўла Севярынца, а таксама YouTube-канал паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру, YouTube-канал і сацсеткі праекту пра беларускую культуру мастацтвазнаўца Мікіты Моніча. Прызналі «экстрэмісцкім» тэкст песьні «Ня быць скотам» гурту «Ляпіс Трубяцкі», у аснове якога — верш народнага паэта БССР Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісаны ў 1908 годзе.
Міністэрства інфармацыі Беларусі ў 2024 годзе апублікавала сьпіс забароненай літаратуры з 35 найменьняў, у якім большасьць кніг тычыцца тэматыкі ЛГБТ і анімэ.
Таксама аўтары справаздачы зафіксавалі ў 2024 годзе новыя выпадкі разбурэньня мясьцінаў памяці і аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, дыскрымінацыі беларускай мовы, перасьледу за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».
Арганізаваныя да 30-годзьдзя кіраваньня Лукашэнкі «ўрачыстасьці», а таксама прызначэньне ў канцы 2024 году новага міністра культуры «наглядна дэманструюць, як культура ператварылася ў інструмэнт абслугоўваньня рэжыму», адзначаюць у справаздачы.
«Дзяржаўная культура — шмат у чым адно вялікае ідэалягічнае мерапрыемства зь мілітарысцкай эстэтыкай, а ўдзел у міжнародных конкурсах і фэстывалях цяпер прадугледжвае краіны СНД, а не Эўропы. Установы культуры і адукацыі ператвораныя ў інструмэнты прапаганды, дзе супрацоўнікаў і студэнтаў ня толькі прымушаюць да ўдзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах, але і выкарыстоўваюць як масоўку для гэтых акцыяў. Сэгмэнт „дазволенай культуры“ на сёньня вельмі вузкі, і асноўная пляцоўка для незалежнай творчасьці — падпольле», — робяць выснову аўтары справаздачы.
Цалкам справаздачу Беларускага ПЭНу па выніках маніторынгу парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры ў 2024 годзе можна пачытаць па спасылцы.
Форум