Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі размаўляў па-беларуску, калгасьнікам лічылі». Гісторыя сучаснага беларуса Канстанціна Каліноўскага


Канстанцін Каліноўскі, фота з прыватнага архіву
Канстанцін Каліноўскі, фота з прыватнага архіву

Беларус Канстанцін Каліноўскі на будоўлі сарваўся з вышыні трэцяга паверху разам зь люлькай. Ён выжыў, але зламаў руку і пашкодзіў крыж. Праз амаль паўгоду пасьля пераломаў ён ня можа працаваць і чакае апэрацыі.

«Калі размаўляў па-беларуску, калгасьнікам лічылі»

Канстанціну Каліноўскаму 34 гады. Гэта яго сапраўднае імя і прозьвішча ў дакумэнтах. Ён нарадзіўся і вырас у Менску. Кастусём, расказвае, яго назвалі бацькі. Прозьвішча Каліноўскі ад маці. Ягоны бацька — Сяргей Бульба (раней Чыслаў), адзін з стваральнікаў патрыятычнай вайскова-спартовай арганізацыі «Белы легіён».

«У мяне тата з мамай размаўлялі на беларускай мове. У дзядулі прозьвішча было Каліноўскі. Тата ўвесь час у апазыцыі быў. Напэўна, таму і назвалі Кастусь», — разважае суразмоўца.

На якой мове ён размаўляў у сям’і ў дзяцінстве, хлопец не памятае. Дапускае, што хутчэй па-беларуску. Калі даведаўся пра гістарычную постаць Кастуся Каліноўскага, ён таксама не памятае. Мяркуе, што, можа быць, на ўроку гісторыі Беларусі або на трэнаваньнях «Белага легіёну», дзе праводзіў шмат часу.

«Я дагэтуль памятаю ягоныя словы: „Толькі, народзе, тады зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табою ўжо ня будзе“», — пераказвае суразмоўца словы свайго цёзкі.

Канстанцін таксама не прыгадвае, каб да яго неяк асабліва ставіліся аднаклясьнікі або настаўнікі празь ягонае імя і прозьвішча.

«Усе нармальна, спакойна рэагавалі. У школе мяне „Косьцік“ называлі. Ніхто асаблівай увагі не надаваў», — успамінае ён.

У 16 гадоў хлопец вырашыў запісаць у пашпарце варыянт імя Канстанцін.

«Калі я ў школе вучыўся, на беларускай мове калі ў нас размаўлялі, гэта лічылася ня вельмі, мякка кажучы. Калгасьнікам лічылі. Вядома, я спрабаваў гаварыць па-беларуску, і ў школе, і зь дзяўчатамі калі знаёміўся, заўсёды ўсе лічылі калгасьнікам. Паехалі кудысьці, пазнаёміліся — беларускую мову ніхто асабліва не любіў, і ўсе дзіўна, коса глядзелі. Мне здаецца, размаўляць на роднай мове ня ў трэндзе было», — тлумачыць суразмоўца.

Праз нэгатыўнае стаўленьне атачэньня да ягонай беларускай мовы хлопец перайшоў на расейскую ў штодзённасьці. Падчас інтэрвію ён збольшага таксама гаворыць па-расейску.

Канстанцін кажа, што калі пасталеў, а стаўленьне беларусаў да беларускай мовы стала мяняцца на больш станоўчае, то думаў перайсьці зноў на беларускую. Аднак ягонае атачэньне пераважна расейскамоўнае, таму размаўляць па-беларуску няма з кім. У пэрыяд, калі ён жыў ва Ўкраіне, карыстаўся сумесьсю беларускай і ўкраінскай моваў. Хаця ён заўважае, што і ягоныя знаёмыя, якія ваявалі ва Ўкраіне, размаўляюць па-расейску.

Жыў у Нэпале, рыхтаваўся ваяваць

Канстанцін расказвае, што вучыўся ў радыётэхнічным каледжы ў Менску.

«Потым у Нэпал езьдзіў, там нейкі час пажыў (агулам паўтара году за тры паездкі). У горы хадзіў. Будызмам захапіўся. Пры манастырах жыў, практыкі розныя наведваў. Я вельмі палюбіў нэпальцаў. Яны такія канкрэтна шчырыя, бескарысьлівыя. У нас такіх людзей рэдка сустрэнеш», — адзначае беларус.

Потым, працягвае суразмоўца, ён займаўся продажамі, арганізацыяй дыскатэк, урэшце — вышыннымі працамі.

Канстанцін падчас выкананьня прац на вышыні. Фота з прыватнага архіву
Канстанцін падчас выкананьня прац на вышыні. Фота з прыватнага архіву

У жніўні 2020 году, расказвае Канстанцін, выходзіў на пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Зь ягоных словаў, яго затрымалі і ён тры месяцы прасядзеў у СІЗА. Інфармацыі пра затрыманьне Канстанціна Каліноўскага няма ў сьпісах праваабаронцаў і ў публікацыях у мэдыя. Дакумэнтаў пра гэта на руках у суразмоўцы таксама не захавалася.

Ён зьехаў з Беларусі ва Ўкраіну ў пачатку 2021 году. Працягнуў працаваць на вышынных прамысловых працах. Паводле суразмоўцы, яму падабалася жыць ва Ўкраіне, сярод плюсаў жыцьця там — досыць добрыя заробкі ў ягонай сфэры.

У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Раасеі ва Ўкрану, расказвае Канстанцін, ён паехаў на базу рэкрутынгавага цэнтру «Азоў» у Кіеве.

«Мы там трэнаваліся, рыхтаваліся. Беларусаў нейкая колькасьць пачала зьбірацца. Потым стварылі беларускую роту на базе „Азова“», — расказвае Канстанцін.

Ён кажа, што правёў так каля двух месяцаў. На баявыя заданьні не выяжджаў, у баях не ўдзельнічаў. Вайсковага білета ў яго не было. Сышоў, як ён сам тлумачыць, празь ягоны канфлікт з штабам. Яму трэба было выехаць з Украіны ўлетку 2022 году. Але потым Канстанціна не пусьцілі назад на мяжы і забаранілі ўезд да канца кастрычніка 2025 году. Чаму, ён ня ведае. Каліноўскі кажа, што потым ён зрабіў некалькі няўдалых спробаў вярнуцца ва Ўкраіну.

Сарваўся з вышыні

Пасьля Ўкраіны, расказвае Канстанцін, ён працаваў на караблях у Эўропе як альпініст. Рэйсы доўжыліся месяц-паўтара. Аднойчы падчас працы яго дэпартавалі з Турэччыны. Канстанцін мяркуе, што яго ўнесьлі тады ў сьпісы Інтэрполу. Неўзабаве пасьля інцыдэнту ён меўся пакінуць гэтую працу, бо многія рэйсы праходзілі праз Турэччыну, куды ён ня мог больш трапіць.

Цяпер Каліноўскі жыве ў Польшчы, у Варшаве. Сёлета ў чэрвені зь ім здарыўся няшчасны выпадак. Ён расказвае, што фарбаваў дом звонку на вышыні, на ўзроўні трэцяга паверху. Люлька сарвалася, і хлопец упаў на зямлю. Драўлянае крэселка, на якім ён сядзеў падчас працы, паламалася. Ён паспрабаваў устаць на ногі, але ня здолеў.

Канстанцін Каліноўскі, фота з прыватнага архіву
Канстанцін Каліноўскі, фота з прыватнага архіву

«Калі я ўпаў, наколькі разумею, адразу прытомнасьць страціў. Калі прачнуўся, вельмі хацеў у туалет. Памятаю, бадай што, шокавую рэакцыю, бо нехта прапанаваў разрэзаць рыштунак, а я сказаў, што зараз у морду дам. Навошта мне свой рыштунак псаваць?», — успамінае ён.

Гэта быў першы раз, калі хлопец сарваўся падчас працы, кажа ён.

«Хутчэй за ўсё, проста няўважліва паставіўся. Я тады на нэрвах быў. Мой даход упаў, працы больш стала. Столькі, колькі ў Польшчы, працаваць нідзе не даводзілася», — кажа ён пра магчымую прычыну падзеньня.

«Паставілі палку мэталічную мне ў руку»

У Канстанціна быў пералом левай рукі, пералом крыжа і аскепкавы пералом у костцы патыліцы. Яго адразу адвезьлі ў шпіталь, працягвае аповед хлопец.

«Яны сьпехам зрабілі мне апэрацыю. Паставілі палку мэталічную мне ў руку», — кажа суразмоўца.

Апэрацыя і знаходжаньне ў шпіталі для яго былі платныя. Ён ня меў страхоўкі на працы, бо заключыў з працадаўцам дамову на выкананьне канкрэтнай працы, якая не прадугледжвае сацыяльнага пакету. Доўга ляжаць у шпіталі ён ня мог сабе дазволіць. Першы этап лекаваньня абышоўся прыкладна ў тры тысячы эўра, заўважае суразмоўца.

Шэсьць першых тыдняў яму было забаронена хадзіць, трэба было насіць мэдычны каўнер. Аднак, кажа хлопец, ён пэрыядычна ўставаў па патрэбе, бо даглядаць яго пастаянна не было каму.

Здымак зламанай рукі Канстанціна Каліноўскага. Фота з прыватнага архіву
Здымак зламанай рукі Канстанціна Каліноўскага. Фота з прыватнага архіву

Рэшту часу, кажа суразмоўца, ён рэгулярна наведваў лекараў, артапэдаў, яму часта рабілі здымкі рукі. Нейкі час займаўся рэабілітацыяй рукі. Усе гэтыя візыты былі платнымі, каля ста эўра за адзін, кажа суразмоўца. Канстанцін дадае, што нават калі б ён меў страхоўку, усё адно яму трэба было б хадзіць да лекараў платна, бо ў бясплатнай сыстэме запіс да многіх лекараў або рэабілітолягаў у Польшчы толькі за год-паўтара.

Не хапае 3300 эўра на апэрацыю

«Рука павінна была зрасьціся. Але прайшло паўгоду, і рука ў мяне зусім не зраслася», — паведамляе Канстанцін.

Ён расказвае, што ня можа пашкоджанай рукой нешта рабіць. Яму не хапае сілаў, каб прытрымліваць палку каўбасы, пакуль ён яе рэжа. Складана мыцца. Ня можа трымаць гэтай рукой зімовую куртку, пакуль апранаецца. Часам ня можа падняць руку зусім або падымае толькі на ўзровень грудзей.

«Каб нешта ўзяць, максымальная грузапад’ёмнасьць — бутэлька вады. І то калі яе нясеш, калі паспрабаваць выпрастаць руку, то адчуваеш, як костка з косткай судакранаюцца, як костка ходзіць сюды-туды», — апісвае ён.

Праблема ў тым, што ўвесь гэты час мужчына таксама ня можа працаваць.

Каб вярнуць функцыі левай рукі, лекары парэкамэндавалі Каліноўскаму зрабіць яшчэ адну апэрацыю. Зноў будуць разразаць руку, ставіць яшчэ адну штучную пласьціну і перасаджваць нейкую тканку з тазу, апісвае мэдычныя пляны суразмоўца. Яе могуць зрабіць 22 сьнежня. Апэрацыя каштуе 33 тысячы злотых (каля 8 тысяч эўра). Аднак у хлопца няма столькі грошай.

Канстанцін Каліноўскі адкрыў збор на лекаваньне на польскай плятформе siepomaga.pl на суму 85 тысяч злотых (20 тысяч эўра). Яму ахвяравалі ўжо больш за палову. Аднак на папярэдняе лекаваньне пайшла большая частка зь іх — каля 5 тысяч эўра. Гэтыя данаты нельга зьняць наяўнымі. Краўдфандынгавая плятформа кампэнсуе выдаткі на лекаваньне паводле дакумэнтаў.

Цяпер на рахунку прыкладна пяць тысяч эўра, паказвае Канстанцін сьвежыя лічбы пасьля выдаткаў. На апэрацыю не хапае яшчэ каля 3300. Калі ён не пасьпее сабраць гэтую суму, то яму ня змогуць зрабіць апэрацыю на руцэ да канца году.

Да таго ж пасьля апэрацыі Канстанціну спатрэбіцца рэабілітацыя. кажа ён. Трыццаць заняткаў каштуюць каля дзьвюх тысяч эўра. Таксама пацыент будзе працягваць платна наведваць лекараў для абсьледаваньня. Каліноўскі адкрыў яшчэ адзін збор у эўра на іншай плятформе, але ён ідзе павольна.

Прыкладна цягам чатырох месяцаў пасьля новай апэрацыі Канстанцін ня здолее працаваць. Цяпер ён жыве за ашчаджэньні, дапамагаюць сябры і бацькі.

Пасьля заканчэньня забароны на ўезд ва Ўкраіну сёлета ў кастрычніку Каліноўскі хацеў паехаць ва Ўкраіну ваяваць.

«Зьбіраўся ў падразьдзел, але цяпер вы самі бачыце, якая сытуацыя», кажа Канстанцін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG