Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Дуда заклікаў ЗША разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Польшчы


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і спэцыяльны прадстаўнік ЗША для Ўкраіны Кіт Келаг. Варшава, 18 лютага 2025 году
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і спэцыяльны прадстаўнік ЗША для Ўкраіны Кіт Келаг. Варшава, 18 лютага 2025 году

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў ЗША перадаць на польскую тэрыторыю ядзерную зброю для стрымліваньня магчымай расейскай агрэсіі, паведаміла 13 сакавіка газэта Financial Times.

У інтэрвію Financial Times Анджэй Дуда назваў «відавочнай» магчымасьць пераводу прэзыдэнтам Дональдам Трампам у Польшчу ядзерных боегаловак ЗША, якія захоўваюцца ў Заходняй Эўропе або ЗША. Гэтую прапанову польскі лідэр нядаўна абмяркоўваў з спэцыяльным прадстаўніком ЗША для Ўкраіны Кітам Келагам.

«Межы NATO перамясьціліся на ўсход у 1999 годзе, таму праз 26 гадоў інфраструктура NATO таксама павінна рухацца на ўсход. Для мяне гэта відавочна», — сказаў Дуда.

Прэзыдэнт Польшчы ўжо прапаноўваў падобны праект адміністрацыі Джо Байдэна ў 2022 годзе, але тады гэтую ініцыятыву не падтрымалі.

Дуда нагадаў заяву прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў 2023 годзе аб тым, што Расея перакідае ў Беларусь тактычную ядзерную зброю.

«Расея нават не вагалася, калі перамяшчала сваю ядзерную зброю ў Беларусь... Яны ні ў кога не пыталіся дазволу», — дадаў прэзыдэнт Польшчы.

Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што краіна павінна шукаць доступ да ядзернай і іншай неканвэнцыйнай зброі, у тым ліку праз удзел у францускай ядзернай ініцыятыве, прапанаванай прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам.

Туск на мінулым тыдні заявіў, што Польшча вядзе перамовы з Францыяй наконт прапановы прэзыдэнта Макрона выкарыстоўваць францускія сродкі ядзернага стрымліваньня для абароны кантынэнту ад расейскіх пагрозаў.

Туск зрабіў свой камэнтар у парлямэнце пасьля таго, як Макрон сказаў, што вырашыў пачаць «стратэгічныя дэбаты» аб выкарыстаньні сродкаў ядзернага стрымліваньня Францыі для абароны эўрапейскіх саюзьнікаў.

Прэзыдэнт Францыі ў тэлезвароце да нацыі назваў Маскву «пагрозай для Францыі і Эўропы». Макрон ня выключыў, што Францыя будзе гатовая выкарыстаць свае сродкі ядзернага стрымліваньня для абароны Эўропы, а зьнішчальнікі зь ядзерным узбраеньнем разгарнуць у Нямеччыне, бо ЗША пагражаюць вывесьці свае сілы з кантынэнту.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў «пагрозай» словы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона аб магчымай францускай ядзернай абароне краінаў ЭЗ. Лаўроў кажа, што прэзыдэнт Францыі «рыхтуецца ўжыць ядзерную зброю супраць Расеі», — хоць простага згадваньня гэтага ў выступе Макрона не было.

У Эўропе ядзерную зброю маюць Расея, Францыя і Вялікая Брытанія. Акрамя таго, ЗША разьмяшчаюць сваю ядзерную зброю ў пэўных эўрапейскіх краінах у рамках ядзернага стрымліваньня NATO.

Польшча ніколі ня мела сваёй ядзернай зброі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG