Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон ня выключыў, што Францыя возьме краіны ЭЗ пад ядзерны парасон


Эманюэль Макрон
Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у тэлезвароце ўвечары ў сераду заявіў, што ў сувязі з пагрозай, якую прадстаўляе Расея для Эўразьвяза, і магчымай зьменай палітыкі ЗША ініцыюе дыскусію аб тым, каб Францыя як ядзерная дзяржава гарантавала бясьпеку іншых краін ЭЗ.

Раней шэраг СМІ паведамляў аб тым, што Францыя гатова, у прыватнасьці, разьмясьціць у Нямеччыне некалькі зьнішчальнікаў, здольных несьці ядзерную зброю. У выпадку, калі б Злучаныя Штаты скарацілі сваю вайсковую прысутнасьць у Эўропе ці зусім сышлі з Эўропы, гэта азначала б, што Нямеччына і, верагодна, іншыя краіны ЭЗ апынуліся б пад францускім, а не амэрыканскім, «ядзерным парасонам».

Макрон спаслаўся на словы меркаванага будучага канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца, які выступіў за тое, каб Францыя і Вялікабрытанія распаўсюдзілі на Нямеччыну свой «ядзерны парасон».

Макрон падкрэсьліў, што рашэньне аб выкарыстаньні ядзернай зброі заставалася б пры гэтым выключна ў кампэтэнцыі прэзыдэнта Францыі.

Прэзыдэнт Францыі заявіў, што спадзяецца, што ЗША застануцца саюзьнікам Эўропы, але трэба быць гатовымі і да таго, што яны могуць перастаць ім быць, і ўмацоўваць агульнаэўрапейскую абарону. Нічога не рабіць, падкрэсьліў Макрон, было б «вар'яцтвам». Прэзыдэнт Францыі падкрэсьліў прыхільнасьць краіны ўдзелу ў NATO, але дадаў, што «будучыня Эўропы не павінна вырашацца ў Вашынгтоне або Маскве», і падкрэсьліў, што Эўропа гатова «канкурыраваць» як з ЗША, так і з Расеяй.

Гаворачы аб вайне ва Украіне, Макрон падкрэсьліў, што яна не павінна скончыцца капітуляцыяй Украіны, і мір не павінен быць заключаны «любой цаной». Пры гэтым ён зноў не выключыў разьмяшчэньня кантынгентаў эўрапейскіх войскаў ва Украіне пасьля дасягненьня мірных дамоўленасьцей у якасьці іх гарантаў. Прэзыдэнт Францыі падкрэсьліў, што Расея ўяўляе небясьпеку ня толькі для Украіны, але і для краін ЭЗ, зьвярнуўшы ўвагу на тое, што яна працягвае ўмацоўваць сваё войска і можа не спыніцца ва Украіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG