У сваім лісьце Трамп, як ён сьцьвярджае, заклікаў Тэгеран да перамоваў з ЗША аб скарачэньні іранскай ядзернай праграмы і аб вяртаньні да ўгоды, ад якой Іран адмовіўся падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Трампа.
Амэрыканскі прэзыдэнт заявіў, што такая зьдзелка паслужыць на карысьць Ірану. «Мы ня можам дазволіць яшчэ адной краіне завалодаць ядзернай зброяй. Я напісаў, што спадзяюся на перамовы, інакш нам давядзецца прыцягнуць вайсковую сілу, а гэта будзе жахліва», — сказаў ён.
Іранскае агенцтва навінаў Nour News, блізкае да службаў бясьпекі краіны, назвала ліст «паўтаральным шоў» Вашынгтону. Раней «Аль-Джазіра» паведамляла, што ўлады Ірану гатовыя да перамоваў з ЗША і ў цэлым зь міжнароднай супольнасьцю, але толькі ў тым выпадку, калі санкцыйны і палітычны ціск на Іран будзе аслаблены.
Пасьля вяртаньня Трампа ў Белы дом яго адміністрацыя неаднаразова заяўляла, што ЗША не павінныя дазволіць Ірану атрымаць уласную ядзерную зброю. Пры гэтым Міжнароднае агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ) у пачатку гэтага году паведамляла, што Іран паскорыў свае распрацоўкі па ўзбагачэньні ўрану, які можа выкарыстоўвацца ў тым ліку і для вытворчасьці ядзерных боегаловак.
Заявы Захаду аб спробах стварыць ядзерную зброю Тэгеран адмаўляе, сьцьвярджаючы, што выкарыстоўвае атамныя распрацоўкі толькі ў мірных мэтах.
Форум