Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што разглядае санкцыі і тарыфы супраць Расеі, пакуль ня будзе дасягнутае перамір'е


Дональд Трамп
Дональд Трамп

У чацьвер, пасьля падпісаньня шэрагу ўказаў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп па традыцыі адказаў на пытаньні журналістаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

На пытаньне прэсы аб тым, чаго ён чакае ад наступнай сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, Дональд Трамп сказаў, што чакае, што «Ўкраіна заключыць угоду» аб спыненьні агню.

«Бо я ня думаю, што ў іх ёсьць выбар, — дадаў амэрыканскі прэзыдэнт. — Я таксама думаю, што і Расея хоча заключыць угоду, таму што толькі я ведаю аб тым, што і ў іх няма выбару».

У пятніцу Трамп напісаў у сваёй сацсетцы TruthSocial, што разглядае банкаўскія санкцыі і тарыфы ў дачыненьні да Расеі, пакуль ня будзе дасягнутае перамір'е і пагадненьне па мірным урэгуляваньні, бо Расея наносіць ўдары па Ўкраіне. Ён заклікаў Расею і Ўкраіну «сесьці за стол перамоў зараз жа, пакуль ня позна».

Гэтая заява зьвяілася пасьля чарговага маштабнага расейскага ўдару па Ўкраіне, у прыватнасьці па энэргетычнай і газавай інфраструктуры.

Напярэдадні на сустрэчы з журналістамі Трамп адзначыў, што пакуль ня ведае, ці паедзе ён сам у Саудаўскую Арабію на перамовы зь Зяленскім і з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Першы і апошні раз, калі я быў у Саудаўскай Арабіі, яны ўклалі 50 мільярдаў даляраў (у амэрыканскі рынак. — ГА), — нагадаў прэзыдэнт ЗША. — Ну, гэтым разам яны сталі багацейшыя. Таму я сказаў, я паеду, калі вы ўкладзяце (у амэрыканскі рынак. — ГА) трыльён даляраў на працягу чатырохгадовага пэрыяду, і яны пагадзіліся зрабіць гэта, так што я зьбіраюся туды паехаць. І ў мяне зь імі выдатныя адносіны».

Трамп у станоўчым ключы выказаўся наконт заявы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона пра гатовасьць Францыі прапанаваць сваю ядзерную абарону Эўропе, а таксама пра гатовасьць Францыі адправіць міратворцаў ва Ўкраіну.

«Калі мы зможам гэта зрабіць, я скажу, што мы дамагліся вялікага прагрэсу з Украінай і вялікага прагрэсу з Расеяй за апошнія пару дзён, і было б выдатна пакласьці гэтаму канец, — заявіў прэзыдэнт ЗША. — Было б выдатна, калі б увогуле пазбавіліся ад ядзернай зброі... Я (у першы тэрмін. — ГА) быў вельмі блізкі да таго, каб стварыць праграму дэнуклеарызацыі з Расеяй. Мы зьбіраліся атрымаць гэта і ад Кітаю. Я размаўляў пра гэта са старшынём Сі Цзіньпінам, і ён быў бы вельмі рады пайсьці на гэта... нам давялося вярнуцца да гэтага праз чатыры гады».

Прэзыдэнт ЗША зноў закрануў і пытаньне неабходнасьці павышэньня выдаткаў на абарону з боку ўсіх сябраў NATO.

«Калі вы не зьбіраецеся плаціць, мы ня будзем вас абараняць, — падкрэсьліў Трамп. — Я сказаў гэта сем гадоў таму, і праз гэта яны заплацілі сотні мільёнаў даляраў... Калі я прыехаў у (штаб-кватэру. — ГА) NATO, усьвядоміўшы, што гэтыя людзі ня плацяць па рахунках, я сказаў, што мне трэба пачакаць да маёй другой сустрэчы. Так і здарылася. Я разглядаю NATO як патэнцыйна добры альянс. Але, зноў жа, мы плацім 100% за іх узброеныя сілы, а яны ашукваюць нас у гандлі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG