Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН скрытыкавалі беларускі законапраект, які абмяжоўвае права на працу зь дзецьмі для былых палітвязьняў


Сымбаль ААН
Сымбаль ААН

Спэцдакладчыкі ААН Нілс Муйжніекс, Аляксандра Ксантакі, Фарыда Шахід, Маргарэт Сатэртуэйт і Бэн Соўл заклікалі Беларусь не сьпяшацца з прыняцьцем законапраекту «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях забесьпячэньня правоў дзяцей», які Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытаньні 7 лютага 2025 году.

«Артыкул 16 дадзенага законапраекту пашырае катэгорыі асоб, якім забаронена займацца „пэдагагічнай дзейнасьцю“ або „пэдагагічнай дзейнасьцю ў сфэры фізычнага выхаваньня і спорту“, займаць „пасады, зьвязаныя з выкананьнем адукацыйных функцый“ ці іншыя пасады, „зьвязаныя з рэгулярнай працай зь дзецьмі“.

Згодна з законапраектам, гэтая забарона будзе распаўсюджвацца на асоб, асуджаных за „злачынствы экстрэмісцкага характару“, а таксама на асоб, асуджаных па артыкулах Крымінальнага кодэксу, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў», — пішуць спэцдакладчыкі ААН.

Забарону плянуюць прымяняць незалежна ад таго, ці была судзімасьць пагашаная або зьнятая, а таксама незалежна ад таго, ці спынены крымінальны перасьлед у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці або па амністыі, піша Reform.news.

Аўтары адзначаюць, што Спэцыяльныя працэдуры неаднаразова выказвалі заклапочанасьць наконт размытасьці беларускага заканадаўства аб барацьбе з так званым экстрэмізмам і ягонай неадпаведнасьці міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

«У прыватнасьці, мы нагадваем, што невыразнае і празьмерна шырокае паняцьце „экстрэмізм“ ня мае дакладнага вызначэньня ў абавязковых міжнародных прававых нормах і, як крымінальная катэгорыя, супярэчыць прынцыпу прававой дакладнасьці, замацаванаму ў артыкуле 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП).

Размытыя фармулёўкі злачынстваў, зьвязаных з „экстрэмізмам“ або экстрэмісцкімі арганізацыямі, уключаючы падбухторваньне, яшчэ больш абмяжоўваюць законнасьць і ствараюць умовы для злоўжываньняў супраць законнага ажыцьцяўленьня асноўных правоў і свабод», — падкрэсьліваюць яны.

Яны таксама нагадалі пра занепакоенасьць шматлікімі парушэньнямі права на справядлівы суд у працэсах, якія прыводзяць да асуджэньня па абвінавачаньнях у экстрэмізьме, уключаючы завочныя судовыя разборы.

«Мы паўтараем наш заклік да вашага ўраду прывесьці беларускае заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, а таксама адпаведныя палажэньні Крымінальнага кодэксу, у адпаведнасьць зь міжнародным правам, у тым ліку міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека», — заклікалі спэцпрадстаўнікі.

Аўтары лічаць, што з пункту гледжаньня міжнароднага права ў галіне правоў чалавека прапанаваныя абмежаваньні права на працу падаюцца залішнімі і неадпаведнымі і што ў выпадку прыняцьця законапраект дасьць выканаўчым органам празьмерныя дыскрэцыйныя паўнамоцтвы. Акрамя таго, на іх думку, гэтыя абмежаваньні могуць стварыць забароненую дыскрымінацыю па палітычных ці іншых перакананьнях, а выключэньне асоб з крытычнымі поглядамі на дзяржаўную палітыку з адукацыйнага працэсу можа нэгатыўна адбіцца на нацыянальнай сыстэме адукацыі.

Яны прапанавалі не сьпяшацца з прыняцьцем гэтага законапраекту і ўлічыць выкладзеныя заўвагі.

«Экстрэмістаў» можа чакаць пажыцьцёвая забарона на пэдагагічную дзейнасьць?

Сутнасьць законапраекту, які пасьля прыняцьця зробіць больш жорсткімі і без таго драконаўскія правілы пэдагагічнай працы для асобаў, якія былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкага характару», камэнтуе юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка:

«На справе гэта ўжо азначала пазбаўленьне права на прафэсію: напрыклад, асуджаны па арт. 342 КК за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту настаўнік ня можа займацца пэдагагічнай дзейнасьцю падчас адбыцьця крымінальнага пакараньня (дапусцім, 2–3 гады), на працягу тэрміну судзімасьці (два гады) і пяць год пасьля пагашэньня судзімасьці, разам — каля 10 гадоў. Асуджаныя за заклікі да санкцый у сетцы Інтэрнэт пазбаўленыя права на пэдагагічную дзейнасьць ня менш як на 14 гадоў (чатыры гады пазбаўленьня волі — мінімальная санкцыя па ч.3 арт. 361 КК, пяць гадоў — тэрмін пагашэньня судзімасьці, пяць гадоў — тэрмін, прадугледжаны Законам «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму»).

«У новым законапраекце рэжым пайшоў далей: забарона стала бестэрміновай і распаўсюдзілася на ўсе формы працы зь дзецьмі, што зробіць больш жорсткімі і без таго драконаўскія правілы. Устанаўленьне абмежавальных мер на тэрмін, які перавышае тэрмін судзімасьці, носіць неправавы характар: у адпаведнасьці з артыкулам 99 Крымінальнага кодэксу пагашэньне або зьняцьце судзімасьці анулюе прававыя наступствы крымінальнай адказнасьці. Закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“ ўстанаўляе абмежаваны тэрмін абмежаваньняў на пэдагагічную дзейнасьць (у частцы рэалізацыі зьместу адукацыйных праграм)».

Такім чынам, калі законапраект будзе прыняты, то ён нават з фармальнага пункту гледжаньня будзе «супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству і груба парушаць міжнародныя абавязаньні Беларусі ў сфэры правоў чалавека», — перакананы Сапелка.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG