«Сытуацыя на межах няпростая, мы пра гэта пастаянна гаварылі і гаворым. Работы сёньня хапае ня толькі памежнікам, але і мытнікам, асабліва на прапускных пунктах. Чэргі з аднаго і другога бакоў вялікія, гэта дадатковая нагрузка на нашых памежнікаў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі перад тым, як зацьвердзіць рашэньне, паведамляецца на ягоным сайце.
Лукашэнка адзначыў, што ў ахове дзяржаўнай мяжы задзейнічаныя ўсе сілавыя структуры «ад міліцыі да вайскоўцаў».
Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанцін Моластаў паведаміў аб нарошчваньні інжынэрнай інфраструктуры, аснашчэньні ўзбраеньнем і тэхнікай, а таксама аб удасканаленьні баявой падрыхтоўкі для павышэньня эфэктыўнасьці аховы мяжы.
Моластаў паведаміў, што на польскім участку мяжы на базе памежнай заставы імя Андрэя Кіжаватава Берасьцейскай памежнай групы пачалі ствараць «высокатэхналягічны падразьдзел», які дазволіць «значна павялічыць надзейнасьць аховы і перайсьці ад патруляваньня ўчастка да рэагаваньня на разьвіцьцё абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу, а таксама аптымізаваць штатную структуру».
Апроч таго, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі паведаміў, што ўжо правялі рэарганізацыю авіяцыйных падразьдзяленьняў — у іх увялі пасады апэратараў бесьпілётных лятальных апаратаў.
Як паведамляла Свабода, у 2025–2027 гадах пры тэхнічнай дапамозе Міжнароднай арганізацыі міграцыі (IOM), штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Швайцарыі, будзе ажыцьцяўляцца праект па стварэньні ўстойлівай і эфэктыўнай сыстэмы кіраваньня аховай межаў у Беларусі. IOM выдзеліць беларускаму боку 300 тысяч даляраў на правядзеньне шэрагу навучальных мерапрыемстваў, уключна з навучальным візытам, а таксама набыцьцё спэцыялізаванага абсталяваньня.
У той жа час Эўразьвяз прапанаваў уключыць у 16-ы пакет санкцыі супраць Беларусі забарону на шэраг абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца для маніторынгу і назіраньня на зямлі, у паветры і на вадзе, а таксама спэцыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяваньне, што ўваходзяць у склад спэцыяльных сродкаў для сілавых структур.
Форум