Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пасьля Пуціна сустрэўся з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы, якога хоча арыштаваць МКС


Афіцыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком вайсковага ўраду М'янмы Мін Аўнг Глайнгам, 7 сакавіка 2025
Афіцыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком вайсковага ўраду М'янмы Мін Аўнг Глайнгам, 7 сакавіка 2025

Мін Аўнг Глайнг ачоліў урад М'янмы ў выніку вайсковага перавароту ў 2021 годзе. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт.

Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнгам, які прыехаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Як вынікае з публікацый дзяржаўнага агенцтва БелТА, у цырымоніі сустрэчы кіраўніка вайсковага ўраду ў Менску задзейнічалі ганаровую варту.

У часе перамоў бакі дамовіліся распрацаваць плян узаемнай супрацы.

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў вызначыць эканамічныя праекты, якія павінны стаць фундамэнтам двухбаковых дачыненьняў.

У сваю чаргу Мін Аўнг Глайнг нагадаў, што ў часе свайго мінулага візыту ў Беларусь у 2014 годзе была дамоўленасьць аб супрацы ў вайскова-тэхналягічнай сфэры. «Наша краіна знаходзіцца ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, паміж магутнымі дзяржавамі, таму трэба заўсёды сур’ёзна ставіцца да пытаньняў бясьпекі», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі «вельмі вялікі» інтарэс да Мʼянмы.

«Вы маеце шмат з таго, што нам патрэбна. Таму я прапаную вам сурʼёзна вывучыць Беларусь у пляне кірункаў і разьвіцьця нашай краіны — прамысловасьць, сельскую гаспадарку, лягістыку. Калі вы нешта пабачыце карыснае для вас, ведайце, што мы заўсёды з вамі і гатовы рэалізаваць вашыя інтарэсы», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама прапанаваў Мін Аўнг Глайнгу прывозіць мʼянмскіх дзяцей на аздараўленьне ў Беларусь.

Перад сустрэчай міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што беларускі бок зацікаўлены ва ўдзеле ў здабычы каштоўных камянёў у Мʼянме і пастаўцы ў гэтую краіну мэдычных прэпаратаў, прадуктаў харчаваньня і сельгастэхніку.

Чым вядомая М’янма

Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы урад М’янмы ў выніку перавароту ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт

М’янма (колішняя назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яна мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам. У 2021 годзе ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. У краіне дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.

ЗША, Эўразьвяз і Канада ўвялі супраць М’янмы санкцыі за зьвяржэньне законнага кіраўніка краіны Аўнг Сан Су Чы.

Зь ліпеня 2024 году цяперашні госьць Лукашэнкі Мін Аўнг Глайнг адначасова выконвае абавязкі прэзыдэнта М’янмы — тады абвясьцілі, што прызначаны ў выніку захопу ўлады прэзыдэнт М’інг Сўэ праз стан здароўя ўзяў водпуск па хваробе і перадаў свае паўнамоцтвы прэм’ер-міністру.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт часовага прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Адносіны М’янмы з Расеяй

5 сакавіка Мін Аўнг Глайнг у часе перамоў з прэзыдэнтам Расеі назваў яго «каралём», бо Ўладзімір Пуцін ачольвае Расею «ня пяць і ня дзесяць гадоў, а ўжо дастатковы тэрмін», таму ён ня можа лічыцца проста лідэрам краіны, піша moscowtimes.ru.

Мін Аўнг Глайнг таксама сказаў, што ён мог сустракацца з Пуціным «у мінулым жыцьці» і падарыў яму будыйскую кнігу, у якой апісваюцца дачыненьні караля М’янмы і расейскага цара.

Па выніках перамоў Расея і М’янма падпісалі некалькі дакумэнтаў, у тым ліку аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі невялікай магутнасьці, узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі, а таксама аб супрацы з галіне космасу, тэлекамунікацый, інфармацыйных тэхналёгій, харчовай прамысловасьці, здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG