Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор суду ў Гаазе запатрабаваў арыштаваць кіраўніка вайсковага рэжыму М’янмы


Мін Аун Хлайн
Мін Аун Хлайн

27 лістапада пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запытаў ордэр на арышт часовага прэзыдэнта М’янмы Мін Аун Хлайна. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны — народу рагінг'я.

Як адзначаецца ў заяве, па выніках «шырокага, незалежнага і бесстароннага расьсьледаваньня» офіс пракурора Карыма Хана прыйшоў да высновы, што існуюць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што Мін Аун Хлайн нясе крымінальную адказнасьць за злачынствы супраць чалавечнасьці ў форме дэпартацыі і перасьледу этнічнай групы рагінг'я, учыненыя ў М’янме і часткова ў Банглядэшы.

М’янма — пераважна будысцкая краіна, аднак у яе заходнім штаце Ракхайн, побач зь мяжой з Банглядэш, пражываюць таксама і мусульмане. Улады М’янмы адмаўляюцца прызнаваць іх грамадзянамі краіны, заяўляючы, што гаворка ідзе пераважна пра нелегальных мігрантаў.

У 2012 годзе, падчас успышкі міжрэлігійнага канфлікту, каля 100 тысяч рагінг'я (яны складаюць мусульманскую меншасьць у краіне) вымушаныя былі пакінуць дамы. У 2017-м канфлікт аднавіўся пасьля нападу на бірманскія паліцэйскія пастарункі. Улады абвясьцілі ў Ракхайне антытэрарыстычную апэрацыю. Падчас яе правядзеньня ўчыняліся напады на мірных жыхароў. У выніку каля мільёна чалавек вымушаныя былі перасяліцца ў Банглядэш, піша Associated Press.

Мін Аун Хлайн камандуе войскам і, як сьцьвярджаецца, кіраваў нападамі вайскоўцаў і паліцыі. Сам ён на чале вайскоўцаў у 2021 годзе зрынуў цывільны ўрад і прызначыў сябе спачатку прэм’ерам пераходнага ўраду, а потым часовым прэзыдэнтам. Супраць яго ўвялі санкцыі ЗША і Вялікая Брытанія.

Улады М’янмы ў адказ на заяву пракурора Міжнароднага крымінальнага суду адзначылі, што краіна «ніколі не прымала да ўвагі» заявы суду, паколькі не зьяўляецца яго ўдзельнікам.

Таксама Міжнародны крымінальны суд вядзе яшчэ адно расьсьледаваньне супраць М’янмы — паводле абвінавачаньня ў генацыдзе. Улады М'янмы і будысцкае насельніцтва Ракхайна перасьлед мусульманскай меншасьці рагінг'я адмаўляюць.

Ордэр МКС на арышт Мін Аун Хлайна пракамэнтаваў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка:

«Важна адзначыць, што Офіс Пракурора Карыма Хана цяпер праводзіць папярэдняе расьсьледаваньне аналягічных злачынстваў, як мяркуецца, учыненых Лукашэнкам у дачыненьні да беларускага народу. (...) Калі Офіс Пракурора МКС пяройдзе ад стадыі папярэдняга вывучэньня сытуацыі да непасрэднага расьсьледаваньня беларускай сытуацыі, тады мы можам чакаць аналягічнага запыту ў дачыненьні да Лукашэнкі», — заявіў Латушка.

  • Раней МКС выдаў ордэры на арышт двух іншых лідэраў дзяржаў — расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу. Расея і Ізраіль таксама не зьяўляюцца ўдзельнікамі МКС.
  • Улады М’янмы падтрымліваюць добрыя адносіны з Расеяй. Мін Аун Хлайн у 2021 годзе атрымаў званьне ганаровага прафэсара Вайсковага унівэрсытэту Міністэрства абароны Расеі, а ў 2023-м — ганаровага доктара Інстытуту ўсходазнаўства Расейскай акадэміі навук. Паведамлялася, што Расея выкарыстоўвала снарады вытворчасьці М’янмы падчас уварваньня ва Ўкраіну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG