Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі скарачаюць сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. BEROC прагназуе рост інфляцыі


Крама ў Менску, архіўнае фота
Крама ў Менску, архіўнае фота

Пра плянаванае скарачэньне пераліку тавараў са спажывецкага кошыка, цэны на якія рэгулюе дзяржава, паведаміў кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) Артур Карповіч у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» 2 сакавіка.

Паводле яго, плянуюць скараціць колькасьць таварных пазыцыяў, па якіх абмежаваныя гандлёвыя надбаўкі. У першую чаргу гаворка можа ісьці пра імпартныя тавары.

Актуальная рэдакцыя тэматычнай пастановы ўраду №713 рэгулюе 331 пазыцыю спажывецкіх тавараў у частцы гандлёвых, аптовых надбавак. Паводле Карповіча, урад разам з аблвыканкамамі, Белстатам і Камітэтам дзяржкантролю ў найбліжэйшы час павінны выпрацаваць рашэньні «для аптымізацыі названага пераліку».

«Канцэптуальна перад урадам стаіць задача нічога глябальна не мяняць, даць магчымасьць губэрнатарам і вытворцам прымаць рашэньне аб павышэньні цэнаў, зыходзячы з узроўню рэнтабэльнасьці на прадукцыю, што вырабляецца, за апошнія 4 гады з улікам даведзеных паказчыкаў па ўзроўні індэксу спажывецкіх цэнаў для краіны на бягучы год. Гэта значыць, (...) калі магчымы рост цэнаў на тавары, работы, паслугі, дык (...) гэта павінна быць у рамках разумнага ўзроўню рэнтабэльнасьці, устаноўленага вытворцам, зыходзячы зь яго папярэдніх гадоў працы, а ня лічбы нейкай з галавы», — патлумачыў міністар.

Таксама МАРТ прапануе забараніць экспартэрам прадаваць прадукты за мяжу таньней, чым яны рэалізоўваюць іх у Беларусі, заявіў Артур Карповіч. Пры гэтым, паводле яго, ведамства можа «ў выключных выпадках даць права абласным выканаўчым камітэтам, Менгарвыканкаму» дазваляць гэта рабіць.

Паводле Белстату, спажывецкія цэны ў студзені 2025 году вырасьлі на 0,7%, у гадавым вымярэньні (да студзеня 2024-га) цэны павялічыліся на 5,2%. У 2024 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 5,16%.

Дасьледчы цэнтар BEROC у новым «Экспрэс-аналізе» прагназуе, што гадавая інфляцыя застанецца ў межах 5,5% у наступныя месяцы, але можа паскорыцца да 6-8% на працягу году, калі ўлады пойдуць на паслабленьне цэнавага рэгуляваньня.

Інфляцыя «заставалася стрыманай» у студзені, гаворыцца ў матэрыяле BEROC. Дасьледчыкі адзначаюць, што абмежавальнае ўзьдзеяньне на інфляцыю аказвалі адміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы і цэны на плодаагароднінную прадукцыю.

«Драйвэрам інфляцыі ў яе базавых катэгорыях» заставаліся нерэгуляваныя паслугі, цэны на якія падняліся амаль на 12% (месяц да месяца) у студзені 2025 г. (без уліку міжнародных чыгуначных і авіяперавозак).

  • Жорсткае цэнавае рэгуляваньне ў Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Яно датычыцца ўсяго спажывецкага кошыка. Пазьней з тэматычнай пастановы ўраду выключылі некаторыя групы тавараў і падкарэктавалі правілы рэгуляваньня цэнаў. З восені 2024 году Савет Міністраў рыхтуе зьмякчэньне правілаў.
  • 10 лютага кіраўнік МАРГ Карповіч паведаміў, што ў 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў прасілі аб павышэньні цэнаў — у выніку выдалі 572 дазволы на гэта.
  • На тэматычнай нарадзе 28 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сыстэмай рэгуляваньня цэнаў. Паводле яго, у Беларусі цэны «самыя нізкія ў сьвеце».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG