Эканоміка Беларусі завяршыла 2024 год значным, але нестабільным ростам валавога ўнутранага прадукту, заявіў на брыфінгу 21 студзеня старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, яго цытуе «Позірк».
Паводле экспэрта, ВУП Беларусі ў 2024 годзе вырас на 4%, што «істотна вышэй за яго збалянсаваны тэмп прыросту», які BEROC ацэньвае на ўзроўні 1,5–2%, а Нацбанк — у 2–2,5%.
«Гэта блізка да нашай ацэнкі, але ўсё яшчэ ніжэй за фактычны тэмп росту. Паколькі аднаўленьне эканамічнай актыўнасьці пасьля шокавага спаду ў 2022 годзе завяршылася ў 2023-м, дык такі высокі прырост ВУП меў у асноўным нестабільны характар і суправаджаўся перагрэвам эканомікі», — падкрэсьліў экспэрт.
У другой палове 2024 году назіралася «заўважнае аслабленьне дынамікі беларускага ВУП — эканоміка не расла ў трэцім і чацьвёртым кварталах», канстатаваў прадстаўнік BEROC. Такое «хуткае згасаньне росту» ён зьвязаў, у ліку іншых фактараў, зь «дзеяньнямі шэрагу шокаў, у тым ліку ў нафтавай галіне».
На працягу 2025 году рост эканомікі «будзе запавольвацца і па выніках складзе 1,5–2%», прагназуе экспэрт.
«Базавы сцэнар прадугледжвае істотнае запавольваньне расейскай эканомікі, што прывядзе да аслабленьня попыту на беларускі экспарт. Унутраны попыт працягне падтрымлівацца і, верагодна, пакажа рост. У выніку эканоміка будзе знаходзіцца ў стане залішняга попыту. У такіх умовах зьнешні гандаль застанецца ва ўмераным дэфіцыце, а праінфляцыйны ціск захаваецца павышаным», — кажа Анатоль Харытончык.
На думку Харытончыка, імавернасьць, што эканоміка Беларусі ў 2025 годзе вырасьце, як таго чакаюць улады, складае каля 30% — у выпадку, калі «сыдуцца спрыяльна некалькі ўмоваў».
«У першую чаргу, калі расейская эканоміка працягне расьці вышэй, чым тыя тэмпы, якія цяпер прагназуюцца і Цэнтральным банкам РФ, і Мінэканомікі (гэтай краіны. — РС), і МВФ, і Сусьветным банкам. Гэта значыць, калі рост будзе не 1–2%, а 3–4%, чаго дабіцца будзе вельмі складана», — адзначыў ён.
Разам з тым маштаб назапашаных цяпер дысбалянсаў у эканоміцы «не прадугледжвае дэвальвацыі беларускага рубля» — у выпадку, калі «не адбудзецца каляпсу расейскай і сусьветнай эканомікі ці якога-небудзь моцнага шоку», лічыць экспэрт.
«У базавым сцэнары чакаецца яго ўмеранае аслабленьне ў тэрмінах кошыка валют на 4–6%, інфляцыя не перавысіць 10%, нават у выпадку рэзкага зьняцьця кантролю цэнаў (базавы сцэнар — 6–8%)», — спрагназаваў ён.
- Згодна з зацьверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — плянавымі) парамэтрамі на 2025 год, рост ВУП Беларусі павінен скласьці 4,1%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.
- 5 сьнежня 2024 году ў сваім макраэканамічным прагнозе спэцыялісты Эўразійскага банка разьвіцьця дапускалі, што ў 2025 годзе рост беларускай эканомікі запаволіцца да 2,6%.
- Міжнародны валютны фонд у мінулагоднім восеньскім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025 годзе на 2,3%.
- У сярэдзіне кастрычніка 2024 году Сусьветны банк выдаў прагноз, згодна зь якім беларуская эканоміка ў 2025 годзе вырасьце на 1,2%.
Форум