Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы этап — спыніць паветраныя і марскія атакі. Макрон расказаў пра мірны плян Францыі і Брытаніі для Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, брытанскі прэм'ер Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Лёндан, 2 сакавіка 2025
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, брытанскі прэм'ер Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Лёндан, 2 сакавіка 2025

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у інтэрвію Le Figaro расказаў пра мірны плян Парыжа і Лёндана па Ўкраіне.

Паводле Макрона, франка-брытанскі плян на першым этапе прадугледжвае спыненьне паветраных і марскіх атак, у тым ліку ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры, на працягу месяца. Пры гэтым замірэньне не закране баявых дзеяньнўя на зямлі. Як зазначыў Макрон, «будзе вельмі цяжка» праверыць выкананьне дамоўленасьцяў аб спыненьні баявых дзеяньняў на фронце, улічваючы працягласьць лініі фронту.

Наступны этап прадугледжвае ўвядзеньне эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіну — але толькі пасьля заключэньня мірнага пагадненьня. Макрон заявіў, што перамовы могуць доўжыцца тыднямі, таму міратворчы кантынгент могуць разгарнуць пасьля падпісаньня мірнага пагадненьня паміж Украінай і Расеяй. Як зазначыў ён, «у найбліжэйшыя тыдні эўрапейскіх войскаў на ўкраінскай зямлі ня будзе».

Макрон зазначыў, што Эўропа хоча міру в Ўкраіне, але не «любой цаной, не без гарантыяў».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці ведае ён пра гэты плян, сказаў: «Я ў курсе ўсяго».

2 сакавіка ў Лёндане прайшоў эўрапейскі саміт, прысьвечаны дасягненьню міру ва Ўкраіне. У ім прынялі ўдзел 15 лідэраў краінаў Эўропы, у тым ліку прэзыдэнт Украіны Зяленскі і лідэры Турэччыны, Канады, NATO і Эўразьвязу. Паводле Reuters, сустрэча эўрапейскіх лідэраў была арганізаваная з мэтай дэманстрацыі падтрымкі прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага, які раней перапыніў свой візыт у Вашынгтон пасьля сваркі з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэем Ды Вэнсам.

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў, што Лёндан, Парыж і, магчыма, яшчэ некалькі краін будуць працаваць з Украінай над плянам спыненьня агню, не ўдакладніўшы падрабязнасьцяў. Паводле яго, потым яны маюць намер абмеркаваць гэты плян з ЗША. Ключавымі элемэнтамі трывалага міру, дадаў ён, павінны стаць моцная пазыцыя Кіева, эўрапейскія гарантыі бясьпекі і падтрымка ЗША. Важна пазьбегнуць пагадненьня, якое можа разваліцца — гэта асабліва непакоіць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, адзначыў Стармэр.

Вялікая Брытанія і Францыя заявілі пра намер стварыць «кааліцыю ахвочых» для наданьня Кіеву гарантыяў бясьпекі. Яны гатовыя накіраваць на тэрыторыю Ўкраіны міратворцаў, але пры ўмове адпаведных гарантыяў бясьпекі з боку ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG