Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі расказаў аб прынцыпах мірнага пляну, які прадставяць партнэрам у ЗША: «Украіна не прызнае акупацыю Расеяй тэрыторый»


Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Перад сваім адлётам зь Вялікай Брытаніі ўкраінскі прэзыдэнт заявіў, што дамова аб спыненьні вайны павінна быць «сумленнай, справядлівай і стабільнай», а таксама прадугледжваць канкрэтныя гарантыі бясьпекі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што неўзабаве Ўкраіна разам з эўрапейскімі партнэрамі сфармуе мірны плян, у якім будуць вызначаныя ўсе чырвоныя лініі.

«Неўзабаве мы ўсе ў Эўропе сфармуем нашы супольныя пазыцыі — лініі, якіх мусім дасягнуць, і лініі, зь якіх ня можам адступіць. Такія пазыцыі будуць прадстаўленыя нашым партнэрам у Злучаных Штатах Амэрыкі. Надзейнасьць, працягласьць міру і правільная дамова пра заканчэньне вайны — гэта сапраўды наш супольны прыярытэт», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце ў ноч на 3 лютага.

Перад сваім адлётам зь Вялікай Брытаніі ўкраінскі прэзыдэнт заявіў, што дамова аб спыненьні вайны павінна быць «сумленнай, справядлівай і стабільнай», а таксама прадугледжваць гарантыі бясьпекі. «Я не хачу гаварыць пра дэталі, пакуль няма подпісаў... Ёсьць шмат рэчаў, над якімі трэба падумаць», — дадаў ён.

«Украіна ніколі не прызнае акупаваных Расеяй тэрыторый. Для нас гэта будзе часовай акупацыяй. Нашыя тэрыторыі і нашыя каштоўнасьці не прадаюцца. Нашы свабоды не прадаюцца», — заявіў Уладзімір Зяленскі брытанскім журналістам у аэрапорце ў Лёндане, паведаміла выданьне Sky News.

Другога сакавіка ў Лёндане адбыўся саміт, прымеркаваны Ўкраіны. Паводле ўкраінскага боку, у ім удзельнічалі 18 кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і міжнародных інстытуцый.

На саміце абмеркавалі працяг фінансавай падтрымкі ўкраінскай абароннай прамысловасьці, уключна зь інвэстыцыямі ва ўнутраную вытворчасьць зброі, а таксама павелічэньне фінансаваньня абароннай прамысловасьці Эўропы.

У часе саміту заявілі аб агульнай пазыцыі наконт моцных гарантый бясьпекі, якія павінны быць асновай патэнцыйнага замірэньня. У прыватнасьці, як паведамілі ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны, разглядаюць магчымасьць выкарыстаньня мэханізмаў Паўночнаатлянтычнай дамовы як адной з гарантыяў бясьпекі і ўзмацненьня ўкраінскай арміі.

2 лютага прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр паведаміў, што Вялікая Брытанія разам з Францыяй і Ўкраінай дамовіліся падрыхтаваць плян «спыненьня баявых дзеяньняў», які потым прадставяць ЗША.

Саміт адбыўся на тле напружанасьці пасьля таго, як 28 лютага ў Белым доме адбылася эмацыйная дыскусія паміж Уладзімірам Зяленскім, прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Ды Вэнсам пра вайну Расеі ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG