Вырашальная сустрэча паміж прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам скончылася рэзкай дыскусіяй пасьля вельмі напружанай размовы ў Авальным кабінеце. Трамп у сваёй сацсетцы заявіў, што Зяленскі «можа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру».
Зяленскі датэрмінова пакідае Белы дом, не падпісаўшы з Трампам пагадненьне аб карысных выкапнях, сумесную прэс-канфэрэнцыю адмянілі, паведамляюць амэрыканскія СМІ. На кадрах відаць машына, якая, праўдападобна, чакала Зяленскага каля будынка.
«Сёньня ў нас была вельмі значная сустрэча ў Белым доме. Шмат чаго даведаліся, што немагчыма было зразумець без размовы пад такім агнём і ціскам... Я вызначыў, што прэзыдэнт Зяленскі не гатовы да міру, калі Амэрыка будзе ўцягнутая, таму што ён адчувае, што наш удзел дае яму вялікую перавагу ў перамовах», — напісаў Трамп у паведамленьні на сваёй плятформе Truth Social. «Я не хачу перавагі, я хачу МІРУ. Ён не паважаў Злучаныя Штаты Амэрыкі ў іхным сэрцы — Авальным кабінэце. Ён можа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру».
Гэта адбылося пасьля сустрэчы, падчас якой Зяленскі настойваў на выкананьні абавязаньняў ЗША ў галіне бясьпекі і заявіў, што «ніякіх кампрамісаў з забойцам» не павінна быць, відавочна маючы на ўвазе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, у той час як Трамп сказаў, што Ўкраіне трэба будзе пайсьці на саступкі і што Кіеў павінен быць больш удзячны за падтрымку ЗША.
Абодва прэзыдэнты сустрэліся 28 лютага ўпершыню з моманту ўступленьня Трампа на пасаду ў мінулым месяцы, Паціснуўшы адзін аднаму рукі, яны паразмаўлялі перад камэрамі. Размова хутка перайшла на павышаныя тоны. Суразмоўцы вярнуліся да спрэчкі, якую Трамп распачаў тыдзень таму, калі ён несправядліва абвінаваціў Украіну ў вайне і назваў Зяленскага «дыктатарам».
«Вы паводзіце сябе зусім без удзячнасьці. Гэта нядобра», — сказаў Трамп, які меў цяжкія адносіны зь Зяленскім, пасьля таго як той быў абраны ў 2019 годзе. «Весьці справы такім чынам будзе вельмі цяжка», — дадаў ён.
«Вы гуляеце з жыцьцямі мільёнаў людзей», — сказаў Трамп. «Вы гуляеце ў азартныя гульні з Трэцяй сусьветнай вайной, і тое, што вы робіце, вельмі непаважліва да... гэтай краіны, якая падтрымлівае вас значна больш, чым, як шмат хто кажа, ёй варта было падтрымліваць».
У відэаматэрыялах з Авальнага кабінэту відаць, як Трамп і Зяленскі перабіваюць адзін аднаго, а прэзыдэнт ЗША кажа свайму госьцю: «Ваша краіна ў вялікіх праблемах. Вы не выйграяце... У вас ёсьць шалёна добры шанец выкараскацца з гэтага дзякуючы нам... У вас няма карт».
Паводле зьвестак СМІ, прэсавую канфэрэнцыю Трампа і Зяленскага, якая была заплянаваная пасьля іх сустрэчы, адмянілі.
Як паведамляе AP, у Зяленскага быў заплянаваны абед з Трампам. Меркавалася, што пасьля абеду, падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі, бакі падпішуць пагадненьне аб карысных выкапнях.
«Замест гэтага браніраваны пазадарожнік Зяленскага нечакана пад’ехаў да дзьвярэй заходняга крыла Белага дому адразу пасьля паста Трампа», — піша агенцтва.
Прэзыдэнт Украіны заявіў, што Кіеў не пагодзіцца на спыненьне вайны без гарантый бясьпекі.
Пазьней прэзыдэнт Украіны Зяленскі падзякаваў ЗША за падтрымку.
«Дзякуй, Амэрыка, дзякуй за падтрымку, дзякуй за гэты візыт». «Дзякуй прэзыдэнту, Кангрэсу і амэрыканскаму народу», – напісаў ён у сваіх сацыяльных сетках.
Зяленскі дадаў, што Ўкраіне патрэбны справядлівы і трывалы мір, «і мы працуем менавіта для гэтага».
Дамова пра карысныя выкапні
Галоўнай мэтай сустрэчы Трампа зь Зяленскім у Белым доме было падпісаньне рамачнай дамовы аб распрацоўцы ўкраінскіх радовішчаў карысных выкапняў, уключна з рэдказямельнымі мэталамі і выкапнёвым палівам.
Трамп заяўляе, што гэтая дамова дазволіць ЗША часткова кампэнсаваць фінансавую дапамогу, якую яны накіроўвалі Ўкраіне цягам апошніх трох гадоў, а таксама будзе спрыяць эканамічнаму росту краіны.
«Гэта як вялікі праект эканамічнага разьвіцьця. Таму гэта будзе выгадна для абедзьвюх краін», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Ён таксама адзначыў, што ўдзел Злучаных Штатаў у здабычы карысных выкапняў ва Ўкраіне стане «аўтаматычнай бясьпекай, бо ніхто ня будзе ўвязвацца ў канфлікт з нашымі людзьмі, калі мы там знаходзімся».
Тэкст дамовы, копія якой ёсьць у распараджэньні Радыё Свабода, указвае, што Злучаныя Штаты «падтрымліваюць намаганьні Ўкраіны ў атрыманьні гарантыяў бясьпекі, неабходных для ўсталяваньня трывалага міру», і маюць «доўгатэрміновы фінансавы абавязак у справе разьвіцьця стабільнай і эканамічна квітнеючай Украіны».
Аднак Вашынгтон ня даў канкрэтных гарантыяў бясьпекі, што, паводле Зяленскага, зьяўляецца абсалютнай неабходнасьцю ў выпадку замірэньня або мірнай дамовы, бо застаецца рызыка, што Расея, якая вядзе вайну з Украінай з 2014 году пасьля анэксіі Крыму і кантралюе каля 20% тэрыторыі Ўкраіны, можа зноў нарошчваць сваю армію і атакаваць.
«Я не зьбіраюся даваць шмат гарантыяў бясьпекі», — заявіў Трамп журналістам на гэтым тыдні. — «Мы прымусім Эўропу займацца гэтым».
Зьмяненьне палітыкі ЗША
З моманту ўступленьня на пасаду пяць тыдняў таму Трамп актыўна прыступіў да выкананьня свайго перадвыбарнага абяцаньня завяршыць вайну ва Ўкраіне, перакуліўшы «з ног на галаву» палітыку ЗША апошніх трох гадоў.
Трамп шакаваў сваіх эўрапейскіх калег раней у лютым, калі аб’явіў, што правёў працяглую і плённую тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і сказаў, што ягоная каманда ў нацыянальнай бясьпецы «неадкладна» пачне перамовы з Крамлём аб спыненьні вайны. Пазьней Трамп заявіў, што хацеў бы, каб Расея зноў увайшла ў Групу васьмі вядучых прамысловых краін, у той час як дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё разважаў пра бізнэс-магчымасьці для амэрыканскіх кампаній у Расеі.
Любое зьняцьце санкцыяў з Расеі — неабходны крок для аднаўленьня дзелавых адносінаў з гэтай краінай — дазволіць Крамлю пераўзброіцца, што створыць пагрозу эўрапейскай бясьпецы, кажуць аналітыкі.
Падыход Трампа азначае рэзкі адыход ад палітычнай і эканамічнай ізаляцыі Расеі, якую праводзіў ягоны папярэднік Джо Байдэн.
Эўрапейскія лідэры цяпер асьцерагаюцца, што беспасярэдняе ўзаемадзеяньне Трампа з Масквой можа прывесьці да пагадненьня, якое ставіць адносіны ЗША і Расеі вышэй за праблемы эўрапейскай бясьпекі, фактычна пакідаючы Эўропу без уплыву на рашэньні, якія ўплываюць на стабільнасць рэгіёну.
Каб перадухіліць такі зыход, Макрон арганізаваў 17 лютага экстраныя перамовы зь лідэрамі Эўразьвязу, каб выпрацаваць адзіны адказ.
«Злучаныя Штаты зьмяніліся, і Эўропа зразумела, што калі яна хоча сур’ёзна ставіцца да ўласнай бясьпекі, а таксама да доўгатэрміновага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, што мае важнае значэньне для эўрапейскай бясьпекі, ёй таксама трэба зьмяніцца», — сказала Фіёна Гіл, былая дарадца Трампа па Расеі падчас яго першага тэрміну.
Стармер і Макрон плянуюць стварыць 30-тысячны кантынгэнт эўрапейскіх сіл, але шукаюць падтрымкі ЗША.
Форум