Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГАТЭ агледзелі аскепкі бесьпілётніка, якім пашкодзілі саркафаг на ЧАЭС, але не ацанілі ягонага паходжаньня


Наступствы расейскага ўдару па Чарнобыльскай АЭС 14 лютага 2025
Наступствы расейскага ўдару па Чарнобыльскай АЭС 14 лютага 2025

Пасьля ўдару пажарныя некалькі разоў вымушаныя былі спыняць працу праз паветраныя атакі. За гэты час ударныя дроны праляталі за пяць кілямэтраў ад пляцоўкі Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку два дроны — над адным з прамежкавых сховішчаў адпрацаванага паліва.

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што ўкраінскія пажарныя ўсё яшчэ спрабуюць патушыць ачагі тленьня ў канструкцыі, пабудаванай над чацьвёртым аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, каманда МАГАТЭ ўважліва сочыць на месцы за сытуацыяй пасьля 14 лютага, калі дрон пацэліў у канструкцыю саркафагу.

«Часты маніторынг радыяцыі, які праводзіць Украіна, і незалежныя вымярэньні, якія праводзіць МАГАТЭ, па-ранейшаму паказваюць нармальныя ўзроўні ў межах канфайнмэнту, а таксама ў іншых месцах на пляцоўцы Чарнобыльскай АЭС», — адзначаецца ў паведамленьні.

У ліквідацыі наступстваў удзельнічалі пазьменна больш за 400 супрацоўнікаў Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях.

«Пажарныя і іншыя службы рэагаваньня вельмі ўпарта працуюць у цяжкіх умовах, каб зьліквідаваць наступствы ўдару бесьпілётніка. Відавочна, што гэта быў сур’ёзны інцыдэнт з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі, хоць магло быць значна горш. Як я неаднаразова заяўляў падчас гэтай разбуральнай вайны: напад на ядзерны абʼект ніколі не павінен адбывацца», — заявіў Рафаэль Гросі.

Паводле яго, ужо пасьля ўдару пажарныя некалькі разоў вымушаныя былі спыняць працу праз паветраныя атакі. За гэты час ударныя дроны праляталі за пяць кілямэтраў ад пляцоўкі Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку два дроны — над адным з прамежкавых сховішчаў адпрацаванага паліва.

Асобна група экспэртаў МАГАТЭ 27 лютага агледзела аскепкі бесьпілётніка, сабраныя, паводле ўкраінскага боку, пасьля ўдару па канфайнмэнту.

«Каманда агледзела аскепкі бесьпілётніка, якія, паводле іх ацэнкі, адпавядаюць бесьпілётнаму лятальнаму апарату тыпу Shahed. Аднак каманда не зрабіла ніякіх дадатковых ацэнак адносна паходжаньня бесьпілётніка», — адзначаецца ў паведамленьні МАГАТЭ.

Расейскі ўдарны дрон з фугаснай баявой часткай у ноч на 14 лютага пацэліў ва ўкрыцьце аварыйнага 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай станцыі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня выключыў, што атака магла быць мэтанакіраванай. Паводле яго, дрон ляцеў на вышыні 85 мэтраў, а радары ня бачаць цэляў на такой вышыні.

У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду канфайнмэнту зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаража, плошча скразнога пашкоджаньня складала прыблізна да 15 квадратных мэтраў. Разам з гэтым кіраўнік ведамства Рыгор Ішчанка заявіў, што «сумных наступстваў» на Чарнобыльскай АЭС удалося пазьбегнуць.

Урад Украіны на пасяджэньні 18 лютага выдзеліў 1,5 мільярда грыўняў (прыблізна 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на падтрымку ўкрыцьця ў бясьпечным стане.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пацьвердзіла, што ўначы 14 лютага на Чарнобыльскай АЭС прагрымеў выбух. Там таксама адзначылі, што ў дах саркафага АЭС урэзаўся дрон, але не ўдакладнілі, ці быў гэта расейскі дрон.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ня мае дакладнай інфармацыі пра атаку, але «ня можа быць і гаворкі, каб наносіліся ўдары па якіх-небудзь аб’ектах атамнай інфраструктуры». У Расеі рэгулярна адмаўляюць напады на ўкраінскія абʼекты, у прыватнасьці цывільныя, нягледзячы на доказы гэтага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG