У літоўскай арміі дасьледавалі дзейнасьць расейскай і беларускай прапаганды за апошнія два гады і прадставілі вынікі сваёй працы.
Як паведаміла выданьне LRT, прапагандысцкія СМІ Расеі і Беларусі канцэнтраваліся на тэмах узмацненьня абароны Літвы і літоўскай падтрымкі Ўкраіны.
«Згодна з справаздачай аб інфармацыйным асяродзьдзі 2024 году, калі раней паведамленьні аб магчымай трэцяй усясьветнай вайне і ядзерным канфлікце былі рэдкасьцю, то летась падобная рыторыка стала штодзённай», — адзначаецца ў матэрыяле.
Дасьледнікі адзначылі, што ў прапагандысцкіх матэрыялах адзначалася, што Расея не зьяўляецца пагрозай, таму нарошчваньне абарончых магчымасьцяў Літвы зьяўляецца не абаронай, а падрыхтоўкай да агрэсіі, мэта якой — Беларусь і Калінінград.
Апроч таго, згодна з справаздачай, у Беларусі шмат пісалі пра тое, што беларуская апазыцыя рыхтуецца да сілавых дзеяньняў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а сама па сабе не патрэбная ні Літве, ні Беларусі.
Сярод іншых тэмаў, якія абмяркоўваюць расейская і беларуская прапаганда, — сынхранізацыя электрасетак краін Балтыі з рынкам Эўразьвязу, магчымыя перамовы па Ўкраіне і накіраваньне туды міратворчай місіі, а таксама паказ Літвы як нікчэмнай дзяржавы.
Аўтары дасьледаваньня сьцьвярджаюць, што ў 2025 годзе на прапаганду плянуюць выдзеліць ня менш за 1,5 мільярда даляраў, без уліку расходаў на гэтыя мэты з боку спэцслужбаў і тайных апэрацый.
Форум