Пасьля выбраньня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША беларуская прапаганда пачала мяняць рыторыку адносна амэрыканскай палітыкі і перамоўнага працэсу вакол спыненьня вайны і Эўропы. Паглядзелі, у якім ключы яны цяпер падаюць інфармацыю.
«Трамп прыедзе ў Беларусь у якасьці госьця»
Беларускія прапагандысцкія каналы апошнім часам шмат увагі прысьвячаюць амэрыканскаму прэзыдэнту Дональду Трампу і амэрыканскай палітыцы. Калі да выбраньня Трампа ЗША згадваліся як «вашынгтонская пятля» («удавка»), то зараз прапагандысты акуратна выказваюць сымпатыі Трампу і чакаюць яго ў Менску.
«Мы, вядома, ня ведаем, як і ў якім кірунку будуць далей разьвівацца двухбаковыя адносіны паміж Беларусьсю і ЗША, але калі Трамп прыедзе ў Беларусь у якасьці госьця, напрыклад 9 Траўня, то такога выключаць нельга», — напісаў 16 лютага праўладны тэлеграм-канал Белтэлерадыёкампаніі news.by, намякаючы на зьняцьце амэрыканскіх санкцый.
Таксама яны выказалі здагадку, што Трамп мог бы наведаць Івацэвічы, бо адтуль паходзіць жонка ягонага знаёмага блогера Джэка Пасобца.
Тэкст выйшаў пасьля візыту намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафэра Сьміта ў Менск і вызваленьня некалькіх палітзьняволеных: журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка, актывісткі Алены Маўшук і грамадзяніна ЗША, імя якога не называлася (потым высьветлілася, што гэта 56-гадовы Мікалай Шугаеў. Яго 5 месяцаў трымалі ў беларускіх СІЗА паводле палітычных артыкулаў).
Для параўнаньня, вось што казаў беларускі прадзяржаўны аглядальнік Аляксей Дзермант у інтэрвію Рыгору Азаронку ў верасьні 2024 году:
«Сутнасьць заходняга нэакаляніялізму ранейшая — нічога не даючы ўзамен, толькі забіраць, эксплюатаваць, высмоктваць рэсурсы. ЗША стаяць на чале гэтага працэсу. Сьвет стаміўся ад вашынгтонскай пятлі», — казаў тады Дзермант.
«Новая шчырасьць»
Некаторыя прапагандысты нават параўноўваюць Трампа з Лукашэнкам.
«І гэтая новая шчырасьць, як гэта пайшло ад Трампа, яна зараз актыўна ўкараняецца як паліттэхналёгія на выбарах. То бок вось ёсьць прылізаныя нейкія чыноўнікі, а вось ёсьць там хлопец з народу», — заявіў у інтэрвію Азаронку прадзяржаўны палітоляг Андрэй Лазуткін, а Азаронак дадаў пра такую ж палітыку Лукашэнкі ў 1994 годзе.
Прадзяржаўны аглядальнік Аляксандар Шпакоўскі, зьвяртаючы ўвагу на артыкул The New York Times наконт магчымых перамоў паміж Менскам і Вашынгтонам, наагул дапусьціў вызваленьне актывістаў і палітыкаў.
«І ў такой сытуацыі, па вялікім рахунку, якая розьніца, дзе (у турме ці за мяжой) будзе знаходзіцца той ці іншы пэрсанаж беларускай смуты 2020 году?» — напісаў ён.
Новую адміністрацыю ў Вашынгтоне, як і ЗША агулам, прапагандысты цяпер згадваюць некалькі разоў на тыдзень. Раней жа згадкі былі значна радзейшыя і то ў кантэксьце сусьветных навінаў ці таго, што гэта «ЗША ваююць з Расеяй ва Ўкраіне».
Эўропа ж у кантэксьце магчымага заканчэньня вайны, мірных перамоваў і глябальнага парадку дня прапагандыстамі падаецца як бок, ад якога нічога не залежыць. Маўляў, ёсьць буйныя гульцы: Расея, ЗША і Кітай. Пры гэтым гаворыцца, што «безь Беларусі вырашаць пытаньне бясьпекі рэгіёну нельга».
Праўладны журналіст Ігар Тур у эфіры АНТ заявіў, што Крэмль і Белы дом могуць вырашыць лёс ЭЗ без самога ЭЗ.
«У Эўропе няма адзінства, у Эўропе куча праблем, няма моцных палітыкаў, а ёсьць эканамічныя складанасьці праз папулісцкія меры, у тым ліку калясальныя страты ад куплі зброі, якая нікому ня стане патрэбнай, калі аб вайне ва Ўкраіне дамовяцца Масква і Вашынгтон», — заявіў ён.
З Украіны і прэзыдэнта Зяленскага прапагандысты зьедліва кпяць, рыторыка зводзіцца да таго, што «пакуль ён прэзыдэнт, Украіна ня мае месца за сталом перамоваў». Калі гэта кажа нехта з палітыкаў, беларуская прапаганда паўтарае такі тэзіс, зазначае старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі.
«Яны кажуць, што расьце запазычанасьць, што Захад і ЗША скупляюць украінскія землі. Цяпер любое выказваньне, якое пацьвярджае гэту рыторыку, бярэцца на ўзбраеньне», — кажа Быкоўскі.
Паводле дасьледчыцы прапаганды Ірыны Сідорскай, зьмены ў рыторыцы «ўласьцівыя любой прапагандзе». Гэта правілы, паводле якіх дзейнічае прапаганда.
«Для прапаганды сёньня адно, заўтра іншае — гэта норма. Да гэтага ў іх ЗША былі галоўным ворагам, а ЭЗ — сатэліты ЗША. Цяпер жа камплімэнты Трампу і ягонай адміністрацыі, што нарэшце амэрыканскі народ зразумеў, каго трэба выбіраць. А краіны ЭЗ, якія і раней крытыкаваліся, цяпер зьневажаюць. Гэта робіцца, каб паказаць беларусам, што ня можа быць ніякай надзеі на краіны ЭЗ», — гаворыць дасьледчыца.
На думку Ірыны Сідорскай, такі пасыл да ЭЗ робіцца для беларусаў унутры Беларусі, каб яны не задумваліся пра ад’езд туды. А таксама, каб іх адгаворвалі старэйшыя родныя, якія жывуць у Беларусі.
Прызнаньне «памылковасьці ранейшай палітыкі»
У беларускіх уладаў былі надзеі на новае кіраўніцтва ЗША яшчэ да выбараў, успамінае старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі.
«Зьявіўся адзін з наратываў, што ЗША прызнаюць памылковасьць папярэдняй палітыкі, што зьвязана са зьменай кіраўніка ЗША. Шмат якія надзеі былі зьвязаныя з прыходам Трампа. Мы бачым істотную трансфармацыю прапагандысцкай рыторыкі. Не зьвяртаюць увагу, што ў ЗША існуе „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“. Паказваецца няпоўная карціна, быццам ёсьць шанец на прызнаньне для афіцыйнага Менску», — мяркуе Паўлюк Быкоўскі.
Аналітык зьвяртае ўвагу, што падобная рыторыка выказваецца ў аўтарскіх праграмах, калёнках, тэлеграм-каналах. У навінах жа інфармацыя падаецца стрымана.
«Кожная навіна, якая дае беларускай прапагандзе нейкія шанцы выкарыстаць факты супраць сваіх апанэнтаў, выкарыстоўваецца. Гэта не памянялася. Зьмянілася інструмэнтарнае выкарыстаньне амэрыканскай рыторыкі, каб паказаць, што менскі рэжым устойлівы», — зазначае аналітык.
Паўлюк Быкоўскі дадае, што беларуская прапаганда сынхранізуецца з расейскай: нейкія выказваньні могуць не супадаць на 100%, але гэта толькі «асаблівасьць выказваньняў».
«Ня могуць перагарнуць старонку»
Яшчэ адна вечная тэма для прапагандыстаў — беларусы, якія зьехалі. Пра іх пішуць і гавораць шмат, і гэта робіцца ў зьдзеклівай, абразьлівай манэры.
«Улады і Лукашэнка ня могуць перагарнуць старонку і пакінуць у спакоі людзей, якія выехалі. Ідзе дыскрэдытацыя заходніх краін для беларусаў, якія паверылі ў гэтыя каштоўнасьці. Прапагандуецца моцны лідэр, нібыта на гэтым фоне лідэры эўрапейскіх краін слабыя», — даводзіць Сідорская.
Усе прыёмы, якія выкарыстоўвае беларуская прапаганда, сьведчаць не пра веру ў магчымыя дамоўленасьці з ЗША, а выкарыстоўваюцца як прыём абнадзейваньня ляяльнай аўдыторыі, адзначае Паўлюк Быкоўскі. Гэта робіцца для ўнутранай аўдыторыі, «каб падмацаваць меркаваньні ляялістаў і дэматываваць крытыкаў».
Форум