Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі таксама ратыфікавалі гэтую дамову. Цяпер адпаведны закон мусіць падтрымаць Савет Рэспублікі, а пасьля падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
«Дамова прадугледжвае, што разьвіцьцё беларуска-расейскіх дачыненьняў у сфэры бясьпекі не накіравана супраць іншых дзяржаў і будзе ажыцьцяўляцца адпаведна мэтам і прынцыпам Статуту ААН», — сказаў старшыня камісіі ў міжнародных справах Сяргей Рачкоў, працытавала выданьне sb.by.
Паводле яго, дакумэнт прадугледжвае ўзаемныя абавязаньні бакоў у сфэры бясьпекі і абароны сувэрэнітэту. «Напад на адну з краін разглядаецца як агрэсія супраць дзьвюх краін», — дадаў ён.
Раней Савет Фэдэрацыі Расеі аднагалосна ўхваліў закон аб ратыфікацыі дамовы зь Беларусьсю аб гарантыях бясьпекі. 18 лютага адпаведны закон ухваліла Дзяржаўная Дума Расеі.
«Дамова мае абарончы характар і не накіравана супраць якіх-небудзь краіны ці аб’яднаньняў. Яго ратыфікацыя ўмацоўвае стратэгічнае партнэрства Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы», — заявіў прадстаўнік камітэту Савету Фэдэрацыі ў абароне і бясьпецы Таймураз Мамсураў.
Дамову падпісалі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін 6 сьнежня 2024 году ў Менску на пасяджэньні найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай саюзнай дзяржавы.
Згодна з дамовай, бакі будуць разглядаць узброены напад на адну з краін-удзельніц як напад на «саюзную дзяржаву» ў цэлым і «прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаньнем усіх сіл і сродкаў, якія ёсьць у іхным распараджэньні».
Асобна ў дамове згадваецца ядзерная зброя, пры гэтым паўтараюцца палажэньні нядаўна абноўленай расейскай ядзернай дактрыны аб тым, што ядзерная зброя можа быць ужытая ў выпадку агрэсіі, якая стварае крытычную пагрозу яе сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласьці дзяржавы. У выпадку агрэсіі супраць Беларусі рашэньне аб ужываньні разьмешчанай на яе тэрыторыі расейскай ядзернай зброі «прымаецца ў парадку, вызначаным бакамі». Што гэта за парадак, не ўдакладняюць. Раней Лукашэнка неаднойчы заяўляў пра магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ў выпадку нападу на Беларусь.
З апублікаванага раней тэксту дамовы вынікае, што «ў мэтах перадухіленьня і адбіцьця актаў агрэсіі» на тэрыторыі Беларусі могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб’екты Расеі, а таксама разьмяшчацца расейскія вайсковыя фармаваньні.
На сустрэчы з Пуціным у сьнежні 2024 году Лукашэнка таксама прасіў расейскага прэзыдэнта разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ракетную сыстэму «Арэшнік». Пуцін адказаў, што гэта стане магчыма ў другой палове 2025 году. «Да гэтага часу, паводле нашых папярэдніх разьлікаў, мы наладзім іх сэрыйны выпуск», — заявіў Пуцін.
- Расея летась падпісала дамову пра стратэгічнае партнэрства — фактычна пра вайсковы саюз — з Паўночнай Карэяй. Украіна і краіны Захаду паведамлялі, што КНДР адправіла некалькі тысяч сваіх жаўнераў для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. Масква і Пхэньян гэта не пацьвярджалі, але катэгарычна і не адмаўлялі.
- У студзені падпісаная яшчэ адна дамова аб стратэгічным партнэрстве — паміж Расеяй і Іранам. У ім, аднак, няма пунктаў пра вайсковы саюз.
Форум