Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым хоча, каб квір-людзей не было», — актывістка пра перасьлед ЛГБТК+ cупольнасьці ў Беларусі і кампанію «Каханьне — мая рэлігія»


Цішотка з кампаніі «Каханьне — мая рэлігія»
Цішотка з кампаніі «Каханьне — мая рэлігія»

У сацыяльных сетках цяпер праводзіцца кампанія «Каханьне — мая рэлігія», накіраваная на зьмяненьне грамадзкага ўспрыманьня ЛГБТК+ супольнасьці ў Беларусі. Частка кампаніі — відэагісторыі пра каханьне, у тым ліку вядомай баскетбалісткі Кацярыны Сныцінай і яе жонкі Надзі.

Адна з арганізатарак кампаніі «Каханьне — мая рэлігія» Дар’я Парафінюк, сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта окей», расказала Свабодзе, зь якімі рэпрэсіямі сутыкаецца ЛГБТК+ супольнасьць у Беларусі, пра леташнія рэйды сілавікоў, а таксама пра тое, што адбываецца ў Грузіі, дзе цяпер жыве Дар’я, і чаму апошнім часам сталі ўсё больш дамінаваць антыгендэрныя наратывы.

Пра сацыяльную кампанію «Каханьне — мая рэлігія»


Паводле Дар’і Парафінюк, у лютым у рамках кампаніі «Каханьне — мая рэлігія» ініцыятыва «Гэта окей» распаўсюджвае ў сацсетках і праз мэдыя відэагісторыі розных беларусак і беларусаў, якія расказваюць пра сваё каханьне і дзеляцца досьведам.

— Гэта гісторыя каханьня Каці Сныцінай і яе жонкі Надзі. Мы расказалі пра каханьне Алега і Андрэя, апублікуем гісторыю Натальлі і Андрэя. Мы лічым, што кожная з гэтых гісторый мае права існаваць, быць расказанай, быць пачутай, быць бачнай. Сёньня Беларусь у «чырвонай зоне» па ўзроўні бясьпекі для ЛГБТК+ людзей, што зьвязана з рэпрэсіўнай палітыкай уладаў і высокай ступеньню стыгматызацыі гэтай супольнасьці.

Паводле Дар’і Парафінюк, кампанія «Каханьне — мая рэлігія» прымеркаваная да вядомага сьвята 14 лютага — «Дня ўсіх закаханых» — і заклікае беларусак і беларусаў пераасэнсаваць тэму каханьня для ўсіх людзей у Беларусі і за яе межамі.

— Гэтай кампаніяй мы заяўляем пра важныя каштоўнасьці інклюзіі, прыняцьця і дэмакратыі. Мы прапануем пераасэнсаваць беларускія сымбалі каханьня. Большасьць прыгожых нацыянальна значных сымбаляў, якія гістарычна запомніліся, ілюструе або адлюстроўвае толькі гетэраадносіны і гетэракаханьне. У той жа час рэжым у Беларусі ўводзіць рэпрэсіўныя мэханізмы супраць гомасэксуальных, бісэксуальных і нават асэксуальных адносін. Таму мы заяўляем, што каханьне — гэта не прапаганда, гэта не парнаграфія, каханьне — гэта не пэдафілія, гэта не бязьдзетнасьць. Каханьне — гэта каханьне, гэта звычайна для ўсіх, каханьне — гэта окей.

Паводле сузаснавальніцы ініцыятывы «Гэта окей», кампанію ўжо падтрымалі вядомыя блогеркі і блогеры, інфлюэнсэркі і інфлюэнсэры, мастачкі і мастакі. Дар’я Парафінюк працягвае:

— Сёлета мы робім кампанію разам з ініцыятывай аб устойлівай модзе «Сьвядомы Шык». Мы падрыхтавалі экалягічны мерч кампаніі. Мы падкрэсьліваем, што ў першую чаргу рэчы варта купляць, толькі калі яны сапраўды патрэбныя. Мы прапануем купляць адзеньне лякальных брэндаў, зробленае з улікам справядлівай аплаты працы, а таксама разам зь беларускімі мастачкамі і мастакамі паказваем, як шыкоўна можна кастамізаваць старыя рэчы і працягваць іх жыцьцё.

Адна з арганізатарак кампаніі «Каханьне — мая рэлігія» Дар’я Парафінюк, сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта окей»
Адна з арганізатарак кампаніі «Каханьне — мая рэлігія» Дар’я Парафінюк, сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта окей»

Дар’я Парафінюк адзначае, што важная частка кампаніі — краўдфандынг, накіраваны на падтрымку ЛГБТК+ людзей, якія зазнаюць рэпрэсіі ў Беларусі.

Пра рэпрэсіўны законапраект і перасьлед ЛГБТК+ людзей у Беларусі

Летась у жніўні і верасьні ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+. Сілавікі затрымалі сама меней 8 транспэрсон і каля дзясятка прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+, нагадвае Дар’я Парафінюк. Паводле яе, затрыманьні суправаджаліся біцьцём, катаваньнямі, абразамі. Некаторыя з затрыманых былі вымушаныя эвакуавацца зь Беларусі.

Дар’я зьвязвае гэта, сярод іншага, з падрыхтоўкай закону аб «прапагандзе ЛГБТК+», які можа быць прыняты неўзабаве. Законапраект у лютым 2024 году ініцыявала Генпракуратура Беларусі, ён прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў».

Таксама ў красавіку 2024 году Міністэрства культуры Беларусі ўнесла зьмены ў інструкцыю, якая рэглямэнтуе выпуск, продаж і рэкляму эратычнай прадукцыі і тавараў сэксуальнага прызначэньня. У ёй, у прыватнасьці, перагледзелі азначэньне парнаграфіі: цяпер «парнаграфіяй» лічацца «нетрадыцыйныя палавыя адносіны і (або) палавыя паводзіны», якімі Мінкульт, сярод іншага, лічыць гомасэксуальныя і бісэксуальныя адносіны, транссэксуальнасьць.

Дар’я Парафінюк кажа, што летась пад перасьлед трапілі людзі, трошкі зьвязаныя з актывізмам. Пры гэтым, паводле яе, у Беларусі ёсьць ЛГБТК+ людзі, якія не адчуваюць на сабе рэпрэсій, але яны не афішуюць сваю ідэнтычнасьць.

Як шмат сярод палітзьняволеных беларусаў ЛГБТК+ людзей? Дар’я кажа, што складана прывесьці дакладныя лічбы.

— Было дасьледаваньне, што сярод палітзьняволеных квір-пэрсоны зазнаюць больш жорсткае абыходжаньне і больш жорсткія катаваньні. Пра статыстыку цяжка казаць, бо людзі найчасьцей выбіраюць не гаварыць пра гэта, каб не было больш жорсткага абыходжаньня.

Пра пераезд у Грузію і антыгендэрныя наратывы

Пасьля таго як у 2020–2021 гадах у Беларусі ўлады зьнішчылі грамадзянскую супольнасьць, унутры краіны не засталося арганізацый, якія дапамагаюць ЛГБТК+ людзям і падтрымліваюць іх, — толькі адзінкавыя актывісты і актывісткі, кажа Дар’я Парафінюк.

— У Беларусі было некалькі лякальных арганізацый, якія займаліся лякальнымі ЛГБТК+ супольнасьцямі. Былі арганізацыі, якія працавалі больш інстытуцыйна. На дадзены момант у Беларусі не засталося арганізацый, якія займаюцца патрэбамі ЛГБТК+ супольнасьці, але засталіся актывісты і актывісткі, якія дапамагаюць сваёй супольнасьці ў крызісных сытуацыях. Яны працуюць у закрытым і прыватным рэжыме дзеля патрэбаў канкрэтных людзей. У Беларусі не засталося бачнага і маштабнага квір-актывізму, які быў там раней.

Мэдыйную ініцыятыву «Гэта окей» стварыла ў Тбілісі ў канцы 2022 году група ініцыятыўных людзей зь Беларусі, каб зьніжаць у грамадзтве ўзровень дыскрымінацыі і стыгматызацыі ў дачыненьні да ЛГБТК+ людзей, расказвае Дар’я.

— Мы працуем у асноўным праз адукацыю і асьвету, вядзем дыскусіі з шырокімі коламі грамадзтва, каб фармаваць іншы наратыў пра тое, што любая сэксуальная ідэнтычнасьць, любая гендэрная ідэнтычнасьць — гэта ўсё окей, гэта ўсё ў парадку. Мы ўсе людзі і можам жыць усе разам без канфліктаў і падзелаў.

Дар’я Парафінюк адзначае, што ў Беларусі прапагандысцкая машына павялічвае абароты, шырока распаўсюджваюцца расейскія наратывы.

Пытаемся ў актывісткі, ці бясьпечна знаходзіцца ў Грузіі, дзе пад уплывам Расеі прынялі заканадаўства аб «прапагандзе ЛГБТК+»?

— Мы працуем зь беларускай супольнасьцю, наша мова ўзаемадзеяньня — беларуская і расейская. Гэта нас трошкі адсоўвае ад перасьледу ў грузінскай супольнасьці. Шмат грузінскіх арганізацый, якая займаюцца патрэбамі ЛГБТК+ супольнасьці, маюць вельмі шмат складанасьцяў і праблем. Я жыву ў Грузіі і адчуваю зьмену наратываў у грамадзтве. Гэтыя наратывы мяняюцца вельмі хутка і актыўна ў горшы бок. У публічнай прасторы людзі перастаюць актыўна выказвацца на гэтую тэму, перастаюць падтрымліваць супольнасьць, баяцца рэпрэсій. Людзі пачынаюць весьці больш закрыты лад жыцьця, каб захаваць сябе. З боку грузінскага ўраду гэта такая легітымізацыя гвалту ў дачыненьні да ЛГБТК+ людзей.

Занепакоеная Дар’я Парафінюк тым, што гэта ня толькі грузінскія трэнды:

— З кантактаў з каляжанкамі зь іншых краінаў Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі мы заўважаем, што ў грамадзтве ўзмацняюцца наратывы антыгендэрнага стаўленьня. Адмаўленьне гендэру. Гэта і пазыцыя Трампа наконт існаваньня толькі двух полаў, адмаўленьне трансгендэрных людзей і ўсіх выклікаў, зьвязаных з гэтым. Узмацняецца антыквірная рыторыка. Беларускі рэжым працуе такім чынам, каб проста сьцерці з публічнай прасторы існаваньне ЛГБТК+ супольнасьці, каб такіх людзей проста не было. І ў Грузіі, і ў Азэрбайджане, і ў іншых краінах узмацняецца нэгатыўнае стаўленьне да розных гендэрных ідэнтычнасьцяў людзей.

  • Паводле праваабаронцаў, апошнімі гадамі ў Беларусі назіраецца значнае ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+. Улады ў Беларусі ўсё часьцей выкарыстоўваюць заканадаўчыя і прапагандысцкія інструмэнты для ціску на людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй і гендэрнай ідэнтычнасьцю, гаворыцца ў дакладзе «Прававой ініцыятывы». Затрыманьні ЛГБТК+ людзей часта суправаджаюцца зьбіцьцём, зьнявагамі і парушэньнем іх правоў.
  • Дзяржаўная прапаганда актыўна фармуе нэгатыўны вобраз ЛГБТК+ як пагрозы «традыцыйным каштоўнасьцям» і ставіць іх у адзін шэраг з ворагамі дзяржавы. Частата праяваў мовы варожасьці ў публічнай прасторы рэзка вырасла: калі да 2020 году стыгматызацыю зьмяшчала кожная 25-я публікацыя, дык у 2023–2024 гадах такіх публікацый амаль палова, адзначаецца ў дакладзе «Прававой ініцыятывы».
  • Паводле праваабаронцаў, трансьлюдзі ў Беларусі сутыкаюцца з сыстэматычнымі адмовамі ў гендэрным пераходзе, перабоямі з доступам да гарманальнай тэрапіі, зьневажальнымі ўмовамі мэдычных працэдур і пагрозамі пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.
  • Працэнт адмоваў у трансгендэрным пераходзе ў Беларусі, паводле зьвестак праваабаронцаў, значна павялічыўся: з 10–15% да 80% у 2024 годзе.
  • ЛГБТК+ людзі вымушаныя скарачаць колькасьць сацыяльных кантактаў з прычыны страху перасьледу. Карыстацца праграмамі для знаёмства стала небясьпечным праз рызыку сутыкнуцца з правакатарамі ад сілавых структур, гаворыцца ў дакладзе.
  • Таксама праваабаронцы адзначаюць, што беларуская прапаганда ўзмацняе грамадзкае непрыманьне ЛГБТК+ супольнасьці, прыводзячы да стыгматызацыі яе прадстаўнікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG