Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Украіна і ЗША ўзгаднілі ўмовы пагадненьня аб прыродных рэсурсах


Прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і Дональд Трамп, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і Дональд Трамп, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Украіна і ЗША дасягнулі пагадненьня па дамове аб прыродных рэсурсах пасьля адмены Вашынгтонам самых жорсткіх патрабаваньняў, піша Financial Times. Пра гэта ж паведамляе і «Економічна правда».

Пагадненьне, як спадзяюцца ўкраінскія чыноўнікі, павінна палепшыць адносіны з адміністрацыяй Трампа, можа адкрыць шлях для доўгатэрміновых абавязаньняў ЗША ў галіне бясьпекі Ўкраіны і зьяўляецца часткай стратэгіі спыненьня вайны, паведамляюць СМІ.

Financial Times са спасылкай на ўкраінскіх чыноўнікаў піша, што ЗША адмовіліся ад патрабаваньня даць ім права на 500 мільярдаў даляраў патэнцыйнага даходу ад эксплюатацыі рэсурсаў Украіны. Суразмоўцы FT сьцьвярджаюць, што ім удалося дамагчыся значна больш выгадных умоваў. Таксама яны малююць пагадненьне як спосаб пашырыць адносіны з ЗША. Газэта піша, што атрымала канчатковы варыянт дамовы, датаваны 24 лютага.

Паводле зьвестак украінскага выданьня «Економічна правда», абноўленая дамова прадугледжвае, што ЗША і Ўкраіна створаць Інвэстыцыйны фонд рэканструкцыі. З дамовы выключылі палажэньне, паводле якога ЗША будуць мець 100% кантроль над камэрцыйным фондам. У актуальнай фармулёўцы яны будуць валодаць максымальнай фінансавай доляй у фондзе, дазволенай заканадаўствам ЗША.

Паводле зьвестак выданьня, згодна з дамовай, сумесная ўласнасьць Украіны і ЗША над фондам будзе вылічвацца згодна з фактычным унёскам у яго з боку кожнага з удзельнікаў. Кіраваць фондам Украіна і ЗША будуць сумесна, аднак ЗША будуць мець паўнамоцтвы па прыняцьці рашэньняў у межах свайго заканадаўства. Да пагадненьня таксама дадалі пункт, паводле якога ні Ўкраіна, ні ЗША ня будуць мець права прадаваць або перадаваць сваю долю ў фондзе без папярэдняй пісьмовай згоды іншага боку.

Фонд будзе атрымліваць 50% даходаў з рэалізацыі ўкраінскіх прыродных рэсурсаў, партоў і інфраструктуры, зьвязанай з рэсурсамі (нават тых, якія належаць ураду Ўкраіны апасродкавана) для рэінвэставаньня ва ўкраінскую эканоміку. Крыніцы адлічэньняў у фонд ня будуць уключаць тыя, якія ўжо зьяўляюцца часткай бюджэтных паступленьняў Украіны.

ЗША, згодна з тэкстам, маюць намер узяць фінансавае абавязаньне па дапамозе Ўкраіне на суму, якую вызначаць асобна. Аднак у дамове няма дакладных гарантыяў бясьпекі, пра якія раней гаварыў Зяленскі, піша «Економічна правда».

Дакумэнт павінны падпісаць міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё.

Афіцыйна пра ўзгадненьне ўмоваў дамовы аб карысных выкапнях ні ЗША, ні Ўкраіна пакуль не паведамлялі.

  • Пагадненьне аб доступе да радовішчаў рэдказямельных мэталаў Украіне прапанаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які заявіў, што такім чынам плянуе кампэнсаваць аказаную Кіеву дапамогу, аб’ём якой ён ацаніў у 500 мільярдаў даляраў.
  • Пасьля таго як Кіеў адкінуў першы варыянт праекту пагадненьня аб рэсурсах, Трамп рэзка скрытыкаваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які сьцьвярджаў, што прадстаўленая ЗША дапамога склала каля 100 мільярдаў даляраў.
  • 24 лютага Трамп заявіў, што мае намер сустрэцца зь Зяленскім у бліжэйшыя два тыдні, каб падпісаць пагадненьне аб доступе да рэдказямельных мэталаў. «Узгодненыя амаль усе ключавыя дэталі. Мы маем намер завяршыць іх як мага хутчэй, каб прыступіць да падпісаньня дакумэнту», — пацьвердзілі ў Кіеве.
  • Расейскі лідэр Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея гатовая прапанаваць дзяржаўным і прыватным структурам ЗША сумесную працу па рэдказямельных мэталах.
  • Украіна валодае значнымі запасамі тытану, а таксама прыкладна 500 тысячамі тон літыю, агульны кошт якіх ацэньваецца ў дзясяткі трыльёнаў даляраў, адзначае Financial Times. Некаторыя зь іх цяпер пад пагрозай страты або ўжо трапілі пад расейскую акупацыю.
  • Украіна мае найбуйнейшыя запасы літыю і тытану ў Эўропе, казала ў 2023 годзе міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка. Некаторыя радовішчы бэрылію, цырконію, танталу, комплекс фосфарных рудаў рэдказямельных і рэдкіх мэталаў унікальныя, гаворыцца на сайце галіновай выставы Mining World Ukraine. Акрамя таго, краіна мае магчымасьць выйсьці на сусьветны рынак з чыстымі і звышчыстымі мэталамі, такімі як галій, індый, талій, сьвінец, волава.
  • Агульны кошт карысных выкапняў Украіны, паводле ацэнкі Forbes па стане на 2023 год, складаў 14,8 трыльёна даляраў. Больш за 70% зь іх прыпадаюць на Данецкую, Днепрапятроўскую і Луганскую вобласьці краіны. Агульны абʼём карысных выкапняў — 111 мільярдаў тон.
  • Да пачатку 2025 году Ўкраіна страціла два з чатырох радовішчаў літыю — ключавога кампанэнта для акумулятараў электрамабіляў і іншых прыладаў. Паводле зьвестак на 2023 год, Расея кантралявала больш за 700 радовішчаў карысных выкапняў на акупаваных тэрыторыях.
  • Атрымаўшы доступ да ўкраінскіх рэсурсаў, ЗША зьменшаць сваю залежнасьць ад Кітаю, які здабывае каля 60% усіх рэдказямельных мэталаў у сьвеце і перапрацоўвае амаль 90%. У 2023 годзе ўлады КНР забаранілі экспарт тэхналёгіяў выманьня і апрацоўкі рэдказямельных мэталаў, што моцна ўскладніла здабычу, якую вядуць ЗША і іх саюзьнікі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG