Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Вялікай Брытаніі абвясьціў пра рэзкае павышэньне выдаткаў краіны на абарону


Кір Стармэр
Кір Стармэр

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр 25 лютага абвясьціў пра намер рэзка павялічыць бюджэтныя выдаткі на абарону — у тым ліку за кошт скарачэньня выдаткаў на дапамогу замежным краінам.

Вялікая Брытанія павялічыць выдаткі на абарону да 2,5% ВУП да 2027 году, заявіў кіраўнік брытанскага ўраду Кір Стармэр, паведамляе ВВС. Цяпер выдаткі Вялікай Брытаніі на абарону складаюць каля 2,3% ВУП. У абсалютных лічбах павышэньне складзе каля 13,4 мільярда фунтаў стэрлінгаў у год.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве Вялікая Брытанія, паводле Стармэра, будзе імкнуцца дасягнуць 3-працэнтнага паказчыка выдаткаў на абарону.

«...Урад пачне самы вялікі ўстойлівы рост выдаткаў на абарону з моманту заканчэньня „халоднай вайны“», — заявіў Стармэр, выступаючы ў брытанскім парлямэнце.

Для таго каб дасягнуць пастаўленай мэты і пазьбегнуць рэзкага павелічэньня дзяржаўнага доўгу ці падаткаў, Брытанія пераразьмяркуе бюджэтныя выдаткі. У прыватнасьці, выдаткі на міжнародную дапамогу скароцяць з 0,5 да 0,3% ВУП. Гэтыя сродкі ідуць, сярод іншага, на гуманітарную дапамогу Ўкраіне, сэктару Газа, Судану, а таксама на барацьбу з кліматычнымі зьменамі.

Апазыцыйныя кансэрватары і лібэральныя дэмакраты падчас дыскусіі падтрымалі павышэньне выдаткаў на абарону. Пры гэтым ня ўсе ў брытанскім парлямэнце згодныя са скарачэньнем выдаткаў на міжнародную дапамогу — асабліва ў сьвятле таго, што ЗША таксама могуць рэзка скараціць яе ў сувязі з рэарганізацыяй агенцтва USAID. Дэпутаты, у прыватнасьці, адзначылі, што на праекты ва Ўкраіне з гэтых сродкаў выдзяляецца каля 250 мільёнаў фунтаў.

Зьмены ў абароннай стратэгіі Вялікай Брытаніі адбываюцца напярэдадні паездкі Стармэра ў ЗША, дзе ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Трамп патрабуе ад партнэраў ЗША па NATO падвышаць абаронныя выдаткі, называючы лічбу 5% ВУП. На цяперашні момант ніводная з краін NATO не выдаткоўвае столькі на абарону, самі ЗША выдаткоўваюць каля 3,5% ВУП.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ перакананы, што выдаткі на гарантаваньне бясьпекі, магчыма, давядзецца павялічыць да 3,7% ВУП у год. Сёньня гэты паказчык перавысіла толькі Польшча, якая ў 2024 годзе павялічыла свае абаронныя выдаткі з 1,88% да 4,12% ВУП. Цяперашні мэтавы паказчык выдаткаў на абарону складае 2% ВУП, большасьць дзяржаваў NATO дасягнула або перавысіла яго ў 2024 годзе. Сярэдні паказчык па NATO цяпер — 2,71%. Аднак, да прыкладу, Вялікая Брытанія сёньня выдаткоўвае на абарону толькі 2,5%, а Гішпанія — менш за два працэнты. Значна павялічылі абаронныя выдаткі краіны Балтыі і Польшча.

Брытанскія ўрады, якія зьмянялі адзін аднаго, скарачалі выдаткі на абарону з часоў Другой сусьветнай вайны і «халоднай вайны», павялічваючы замест гэтага інвэстыцыі ў ахову здароўя, сацыяльнае забесьпячэньне і адукацыю.

Апошні раз Вялікая Брытанія траціла на абарону 3% ВУП у 1993–94 гадах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG