Савет міністраў Беларусі распарадзіўся забраць у мясцовых уладаў і адкрытых акцыянэрных таварыстваў акцыі шэрагу банкаў і арганізацыяў — фармальна яны пяройдуць ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь. Адпаведная пастанова апублікаваная 22 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Да 1 ліпеня 2025 году шэраг абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, прадпрыемстваў, іншых органаў, дзяржаўных арганізацыяў, а таксама адкрытых акцыянэрных таварыстваў павінны перадаць ва ўласнасьць дзяржавы свае акцыі наступных акцыянэрных таварыстваў:
- «Белаграпрамбанк»,
- «Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі «Белінвестбанк»,
- «Беларускі народны банк»,
- «Сбер Банк»,
- «Ашчадны банк «Беларусбанк»,
- «Тэхнабанк»,
- «Бабруйскі гарбарны камбінат»,
- «Беларускі гандлёва-выставачны і інфармацыйна-маркетынгавы цэнтар»,
- «Агенцтва зьнешнеэканамічнай дзейнасьці»,
- «Агратэхпаслуга»,
- «Скідальскі Цукаргандаль»,
- «Сталічны праспэкт».
Да гэтай жа даты ўсе акцыі «Беларускага банку разьвіцьця і рэканструкцыі «Белінвестбанк», якія знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы, перададуць Дзяржаўнаму камітэту па маёмасьці. У сьпісе дзевяць акцыянэраў, найбуйнейшы зь якіх — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, ён перадасьць акцыі на суму 240 тысяч рублёў.
Да 28 лютага ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь свае акцыі павінен перадаць «Менсктэлекамбуд», да 1 сакавіка ААТ «Александрыйскае» павінна перадаць ва ўласнасьць дзяржавы акцыі «Шклоўскага масларобнага заводу», а Аршанскі раён да 1 красавіка — акцыі «Арэхаўскага льнозаводу».
Форум