Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: Трамп сказаў, што пагражаў разбамбіць Маскву, каб не дапусьціць нападу Расеі на Ўкраіну


Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп, 2017 год
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп, 2017 год

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на закрытай сустрэчы з спонсарамі падчас перадвыбарчай кампаніі 2024 году заявіў пра сваё папярэджаньне расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ён аддасьць загад «бамбіць Маскву» ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Запіс ягоных словаў на сустрэчы апублікавала тэлекампанія CNN. Белы дом яго пакуль не камэнтаваў.

Пра гэтае выказваньне было вядома і раней з публікацыі ў The Washington Post у леташнім траўні, а таксама з кнігі пра выбары 2024 году, на якіх Трамп атрымаў перамогу.

Аднак аўдыёзапіс аповеду Трампа пра гэтую размову апублікавалі ўпершыню.

У запісе Трамп, згадваючы падзеі свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну (2017–2021 гады), апавядае:

«Я сказаў Пуціну: „Калі вы ўварвяцеся ва Ўкраіну, я разбамблю Маскву к чорту. У мяне ня будзе выбару“».

Паводле Трампа, Ўладзімір Пуцін сказаў, што ня верыць у рэальнасьць гэтай пагрозы. Аднак, як сьцьвярджае Трамп, Пуцін паверыў у яе «на 10%». А, на думку прэзыдэнта ЗША, каб утрымаць Расею ад уварваньня, хапіла б і 5%.

Гэткую ж пагрозу, кажа Трамп, ён перадаў і кітайскаму лідэру Сі Цзіньпіну, перасьцерагаючы яго ад уварваньня на Тайвань. Той таксама, на думку Трампа, паверыў на 10%.

Дональд Трамп ня раз заяўляў, што калі б у 2022 годзе ён быў прэзыдэнтам, расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ня здарылася б. Ён шматкроць абвінавачваў свайго папярэдніка Джо Байдэна ў тым, што той дапусьціў вайну.

У Крамлі заявілі, што пакуль няясна, фэйк гэта ці не.

Злучаныя Штаты пастаўляюць Украіне зброю і аказваюць іншую дапамогу, аднак падкрэсьліваюць, што ня маюць намеру адпраўляць ва Ўкраіну сваіх салдатаў ці іншым чынам наўпрост уступаць у канфлікт.

У адрозьненьне ад адміністрацыі Байдэна, адміністрацыя Трампа істотна зьмякчыла рыторыку стасоўна Расеі, спрабуючы схіліць бакі канфлікту да спыненьня агню.

Мінулымі днямі, аднак, Трамп некалькі разоў рэзка выказаўся пра расейскага прэзыдэнта і ягонае нежаданьне завяршаць вайну.

У аўторак пасьля тэлефоннай размовы з Пуціным прэзыдэнт ЗША сказаў, што той «кажа шмат усялякай лухты» і, хоць паводзіць сябе ветліва, ня робіць нічога, каб прыйсьці да міру.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG