Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: для Зяленскага ня так важна прысутнічаць на перамовах


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у пятніцу, што ён ня лічыць неабходнай прысутнасьць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага на перамовах, накіраваных на спыненьне ваеннага канфлікту з Расеяй.

«Шчыра кажучы, я ня думаю, што для яго важна прысутнічаць на сустрэчах», — сказаў Трамп у інтэрвію Fox News Radio. Ён адзначыў, што Зяленскі праводзіў сустрэчы на працягу трох гадоў пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня і да гэтага часу ня змог пакласьці канец канфлікту. «Ён да гэтага часу дрэнна спраўляўся зь перамовамі», — дадаў Трамп.

Гэтыя камэнтары кіраўніка Белага дому сыгналізуюць аб тым, што ён мае намер прасоўваць свой падыход да прамых кантактаў з Расеяй, з Украінай ці безь яе, адзначае ў сувязі з апошнімі выказваньнямі Дональда Трампа агенцтва Bloomberg.

Таксама ў пятніцу прыводзіцца заява Дональда Трампа, якую ён зрабіў на нарадзе з губэрнатарамі ў Белым доме. Трамп сказаў, што ў цяперашніх украінскіх лідэраў «няма ніякіх карт» у перамовах, накіраваных на спыненьне вайны. «У мяне былі добрыя перамовы з прэзыдэнтам Пуціным, і не такія добрыя перамовы з Украінай. У іх няма ніякіх карт, але яны паводзяць сябе жорстка. Аднак мы не зьбіраемся дазваляць гэтаму працягвацца», — падкрэсьліў Трамп.

Агенцтва Reuters, прыводзячы гэтыя словы Трампа аб картах за сталом перамоваў выказала меркаваньне, што прэзыдэнт ЗША падштурхоўвае Кіеў да падпісаньня найважнейшага пагадненьня аб даходах ад здабычы ва Ўкраіне карысных выкапняў — у абмен на фінансавую падтрымку з боку Вашынгтону.

Новыя рэзкія камэнтары Дональда Трампа на адрас украінскага прэзыдэнта і яго атачэньня прагучалі на фоне нарастаньня напружанасьці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Кіевам у апошнія дні. Раней Трамп называў Зяленскага «дыктатарам без выбараў», а той казаў, што цяперашні прэзыдэнт ЗША жыве ў «прасторы дэзінфармацыі».

Дарадца Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц у пятніцу выказаў меркаваньне, што Уладзімір Зяленскі ў рамках намаганьняў па спыненьні вайны ва Ўкраіне падпіша пагадненьне з ЗША аб карысных выкапнях. «Сутнасьць у тым, што прэзыдэнт Зяленскі зьбіраецца падпісаць гэтую дамову, і вы ўбачыце гэта ў вельмі кароткатэрміновай пэрспэктыве», — сказаў Уолц, выступаючы на "Канфэрэнцыі кансэрватыўных палітычных дзеяньняў«, якая праходзіць недалёка ад Вашынгтону.

Дарадца кіраўніка офісу ўкраінскага прэзыдэнта Міхаіл Падаляк заявіў ВВС, што Ўкраіна адкрытая для інвэстыцый ЗША ў рэдказямельныя мэталы, але Кіеў павінен мець эканамічную выгаду ад зьдзелкі і атрымаць гарантыі бясьпекі. Па словах Падаляка, Украіна зьдзіўленая «дзіўнымі» і «нерацыянальнымі» заявамі Вашынгтону, якія «пэўна несправядлівыя».

  • Раней новая адміністрацыя ЗША прадставіла Кіеву праект пагадненьня з Украінай аб рэдказямельных мэталах. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі дапускаў, што дамова можа быць заключаная ўжо на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, але гэтага не адбылося да гэтага часу, зазначае «РБК-Украіна». Зяленскі ўказаў, што ў пагадненьні няма згадак аб гарантыях бясьпекі для Украіны. ЗША толькі хацелі атрымаць кантроль над 50 працэнтамі пэўных рэсурсаў. У чацьвер амэрыканскі навінавы сайт AXIOS паведаміў, што адміністрацыя Трампа перадала Ўкраіне «палепшаны» праект пагадненьня аб карысных выкапнях пасьля таго, як прэзыдэнт Зяленскі раззлаваў прэзыдэнта Трампа, адхіліўшы яго першапачатковую прапанову.
  • Улады Ўкраіны і лідэры Эўропы выказвалі засьцярогі, што яны могуць застацца ўбаку ад перагаворнага працэсу пасьля таго, як Дональд Трамп пачаў кантакты з Масквой, абяцаючы як мага хутчэй пакласьці канец трохгадовай вайне ва Ўкраіне.
  • 18 лютага ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе прайшлі перамовы высокапастаўленых прадстаўнікоў Расеі і ЗША — гэта была першая такая сустрэча пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Кіеў і прадстаўнікі эўрапейскіх краін на сустрэчу запрошаныя не былі. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, гаворачы аб выніках перамоваў у Эр-Рыядзе, запэўніў, што краіны ЭЗ ня будуць выключаныя з працэсу перамоваў, як і Ўкраіна. Але, паводле слоў Рубіё, усе бакі павінны быць гатовыя да саступак.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG