У Польшчы ліквідавалі групоўку беларусаў і ўкраінцаў, якія гандлявалі фальшывымі дакумэнтамі. У справе 42 падазраваных, расказалі ў Памежнай службе Польшчы. Увагу на публікацыю зьвярнула выданьне MOST.
Удзельнікі групоўкі падраблялі практычна ўсё — ад пашпартоў, ДНЖ і пасьведчаньняў кіроўцы да мэдыцынскіх даведак і працоўных дамоваў, гаворыцца ў паведамленьні ведамства. Прычым падраблялі ня толькі дакумэнты польскага ўзору, але і іншых краін.
У сярэднім за адзін падроблены дакумэнт бралі 1,5 тысячы эўра. Свае «паслугі» яны прапаноўвалі на вэб-сайтах і ў сацыяльных сетках.
Расьсьледаваньне заняло некалькі гадоў, расказалі ў Памежнай службе Польшчы. На сьлед групоўкі выйшлі яшчэ ў 2020 годзе. Тады падчас памежнага кантролю замежнік прад’явіў падробленае пасьведчаньне кіроўцы. Памежнікі і сьледчыя пачалі высьвятляць, адкуль яно. Так пачалося сумеснае расьсьледаваньне з Эўраполам. У 2021 годзе сьледчыя знайшлі ў Катавіцы нелегальную друкарню, дзе чальцы групоўкі выраблялі фальшывыя дакумэнты і дасылалі іх замоўнікам празь міжнародныя службы дастаўкі. А ў 2023 годзе там жа знайшлі яшчэ адну майстэрню. Атрымальнікі фальшывых дакумэнтаў былі ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу.
Апошніх падазраваных у справе затрымалі ў сьнежні 2024 году.
Сьледчыя прыйшлі да высновы, што беларусы і ўкраінцы дзейнічалі ў складзе злачыннай групоўкі, дзе ролі выразна разьмяркоўвалі паміж удзельнікамі: адны займаліся вырабам падробак і ўзаемадзеяньнем з кліентамі, іншыя — фінансавымі апэрацыямі.
Агулам у справе затрымалі 42 чалавекі, сярод іх і тыя, хто карыстаўся набытымі падробленымі дакумэнтамі. Іх абвінавачваюць у арганізацыі злачыннай групы, адмываньні грошай, перашкодзе расьсьледаваньню і выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў. У дачыненьні да 8 чалавек ужылі меру стрыманьня ў выглядзе часовага арышту. Некаторыя абвінавачаныя прызналіся ў зробленым. Аднак лідэраў групоўкі сярод абвінавачаных няма — па вэрсіі пракуратуры, яны знаходзяцца ва Ўкраіне.
У ходзе расьсьледаваньня канфіскавалі каля 1 мільёна злотых і больш за 12 тысяч дакумэнтаў. У сьпісе таго, што падраблялі злачынцы, — пашпарты, візы, пасьведчаньні асобы, карты рэзыдэнта, правы кіроўцы, мэдыцынскія даведкі і псыхалягічныя заключэньні, працоўныя дамовы і пасьведчаньні аб рэгістрацыі.
Форум