Эўрапейскія дыпляматы прыйшлі да будынку Менскага гарадзкога суду, дзе ад 21 лютага ідзе працэс над палітвязьняволеным журналістам Ігарам Ільяшом.
«Свабода слова павінна быць гарантаваная. Журналістыка — гэта не злачынства. Цяпер у Беларусі за кратамі 39 супрацоўнікаў мэдыя. Усе палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна», — напісала прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.
Вядома, што да акцыі далучыліся прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Аўстрыі, Чэхіі, ЭЗ, Фінляндыі, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Славаччыны, Вялікай Брытаніі.
Ігара Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Яго справу судзьдзя Сяргей Кацар.
Пра затрыманьне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 году. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш нібыта займаўся «спрыяньнем экстрэмісцкім фармаваньням» — даваў інтэрвію незалежным мэдыя, а таксама нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — бо даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.
Пра ход расьсьледаваньня справы Ігара Ільяша, якога трымаюць у СІЗА ў Калядзічах пад Менскам, вядома няшмат. Дасьведчаная крыніца расказала Свабодзе, што ён «не разгубіўся, трымаецца мужна, цяпер рыхтуецца да абароны».
«На здароўе таксама не наракае, больш перажывае за здароўе сваякоў і асабліва жонкі», — кажа пра Ігара Ільяша крыніца.
Жонка Ільяша — палітзьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева (Бахвалава).
Кацярына трапіла за краты яшчэ ў лістападзе 2020 году. З таго часу журналістку двойчы судзілі, агулам ёй прызначылі 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.
Форум