Беларуская міліцыя заявіла, што яе агульнарэспубліканская сыстэма відэасачэньня здольная ўстанавіць асобу чалавека па адным фатаздымку і адсачыць яго перамяшчэньні па ўсёй краіне. У сюжэце АНТ супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы МУС прадэманстравалі, як працуе такі відэаманіторынг, заўважыла «Наша ніва».
Інфармацыя з камэраў відэаназіраньня з усёй краіны паступае ў маніторынгавы цэнтар у рэжыме рэальнага часу. Гэта дазваляе апэратыўна адсочваць перамяшчэньні людзей і аналізаваць іх паводзіны.
Каб прадэманстраваць працу сыстэмы, супрацоўнікі Дэпартамэнту загрузілі фатаграфію журналіста і атрымалі запісы з камэраў па ўсёй краіне, дзе напярэдадні ён быў зафіксаваны. Сярод іх былі запісы зь відэакамэры ў школе, адкуль мужчына забіраў дзіця, супэрмаркеце на поўдні Менску, краме ў іншым горадзе краіны.
Акрамя таго, у сюжэце паказалі запісы з камэраў у грамадзкім транспарце, якія таксама інтэграваныя ў сыстэму. Фіксуецца ўсё тое, што трапляе на міліцэйскія відэарэгістратары.
Міліцыя падкрэсьлівае, што сыстэма прызначаная для «павышэньня бясьпекі». Але «Наша ніва» зазначае, што ў многіх краінах прымяненьне відэаназіраньня рэгулюецца строгімі законамі, што абмяжоўвае выкарыстаньне зьвестак і гарантуе правы грамадзян на прыватнасьць. У Беларусі ж такія мэханізмы кантролю разьвіваюцца без публічнай дыскусіі, што робіць яе жыхароў аб’ектамі пастаяннага назіраньня.
Форум