Новы суд за пратэсты 2020-га
Пасьля вяртаньня ў Беларусь арыштавалі Вераніку Жалубоўскую, стуардэсу «Катарскіх авіялініяў», акторку і мадэль.
Жалубоўскай 29 гадоў. Яна скончыла менскі ліцэй № 1, а пасьля адвучылася ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, які скончыла ў 2017 годзе. Паводле анкеты, адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай сталічнага конкурсу «ВелаМіс».
Пасьля заканчэньня МДЛУ Вераніка адпрацавала тры гады бортправадніцай на «Катарскіх авіялініях». Таксама яна зьнялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псэўданімам Вераніка Брусьнікіна і супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў.
Апошняе фота ў сацсетках дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 году з Турэччыны. Пасьля гэтага яна паехала ў Беларусь — падобна, тады яе і затрымалі, піша «Наша ніва».
Працэс над Веранікай пачнецца 4 сакавіка ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску. Судзяць яе за ўдзел у пратэстах паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Ініцыятыва «Вольная Беларусь» трапіла ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў», у сьпісе датычных да яе Зянон Пазьняк
Адпаведнае рашэньне аб прызнаньні ініцыятывы «Вольная Беларусь» «экстрэмісцкім фармаваньнем» прыняло МУС 21 лютага.
Паводле ведамства, дачыненьне да яе маюць Зянон Пазьняк, Алена Самусева, Віктар Каралькоў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум