Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК заявіў, пры якіх умовах санкцыйны ціск на ўлады Беларусі можна зьменшыць


Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка на пасяджэньні АПК, 2024
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка на пасяджэньні АПК, 2024

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі выклаў сваю пазыцыю ў пытаньнях санкцый і патэнцыйнага вызваленьня палітвязьняў.

19 лютага адбылося пасяджэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту наконт названых пытаньняў.

«Кабінэт лічыць, што ўвядзеньне санкцый з боку міжнародных партнэраў у дачыненьні рэжыму Лукашэнкі зьяўляецца адным з важных інструмэнтаў для прымушэньня рэжыму зьмяніць унутраную палітыку і забясьпечыць выкананьне міжнародных абавязальніцтваў».

У кантэксьце кансультацый аб вызваленьні палітзьняволеных Кабінэт заявіў наступнае:

  • рэжым Лукашэнкі павінен цалкам спыніць палітычныя рэпрэсіі;
  • рэжым Лукашэнкі павінен вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць іх крымінальны і адміністрацыйны перасьлед, адмяніць незаконныя прысуды;
  • вызваленым палітвязьням павінен быць дадзены выбар: застацца ў Беларусі ці выехаць за яе межы;
  • палітычная і грамадзкая дзейнасьць, праца незалежных СМІ павінны быць цалкам дэкрыміналізаваныя;
  • у Рэспубліцы Беларусь павінна быць адноўленае дзеяньне прававой сыстэмы, якая забясьпечвае належную павагу да правоў чалавека;
  • пры выкананьні вышэйзгаданых умоў частка санкцый ЗША можа быць паэтапна прыпынена, каб пераканацца ў тым, што рэжым належным чынам выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні.

Адначасова АПК падтрымаў дзеяньні Эўразьвязу, накіраваныя на працяг санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі за парушэньне правоў чалавека і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

У лютым у Беларусь на перамовы прыяждалі тры высокапастаўленыя амэрыканскія службоўцы. Сярод іх намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў эўрапейскіх справах Крыстафэр Сьміт і яшчэ дзьве афіцыйныя асобы. Яны сустрэліся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынём КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем, каб «абмеркаваць умовы пагадненьня».

Паводле выданьня The New York Times, Сьміт сказаў дыпляматам у Вільні, што «гэтыя вызваленьні могуць стаць першым крокам да шырэйшай угоды паміж Вашынгтонам і Менскам у абмен на паслабленьне санкцыяў, многія зь якіх зьвязаныя з падтрымкай Беларусьсю вайны Расеі ва Ўкраіне і яе рэпрэсіямі супраць іншадумства ў краіне».

Многія заходнія краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на здушэньне іншадумства ў краіне. Цягам некалькіх месяцаў у 2020 годзе беларусы пратэставалі супраць фальшаваньня выбараў і масавых рэпрэсіяў супраць нязгодных.

Беларускія апазыцыйныя сілы падзеленыя пытаньнем санкцый супраць Беларусі. Сьвятлана Ціханоўская з паплечнікамі некалькі гадоў падтрымлівае санкцыйны рэжым, называючы гэта спосабам узьдзеяньня на рэпрэсіўную палітыку Лукашэнкі. Пасьля вызваленьня з турмы на адмысловай сустрэчы з журналістамі ў Вільні за санкцыі выказалася і былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Супраць санкцый выступае, у прыватнасьці, кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк, які заўважае, што санкцый за наяўнасьць палітвязьняў супраць Лукашэнкі ня ўводзілі і сьцьвярджае, што цяперашні санкцыйны рэжым шкодзіць не дыктатару, а беларускаму народу — «штурхае» беларускія прадпрыемствы ў эканоміку Расеі і перашкаджае беларусам свабодна атрымліваць візы ў заходнія краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG