Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два праекты зь беларускімі каранямі трапілі ў топ-10 пэрспэктыўных стартапаў у Польшчы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праекты зь беларускімі каранямі, якія выкарыстоўваюць штучны інтэлект, увайшлі ў топ-10 найбольш пэрспэктыўных стартапаў у Польшчы паводле вэрсіі парталу Eu-startups.com, заўважыла выданьне Most. Адна з распрацовак дапамагае ў расьлінаводзтве, другая — падбірае мэблю для памяшканьняў.

Кампанія Cropler спэцыялізуецца на дакладным земляробстве на аснове штучнага інтэлекту. Кампанію заснавалі ў 2023 годзе беларускія айцішнікі Мікіта Бедункевіч і Ягор Вярбіцкі разам з аграномам Філіпам Кандраценкам.

Праграмы кампаніі здольныя назіраць стан пасеваў, выкарыстоўваючы ўсталяваныя на палях камэры і датчыкі вільготнасьці глебы. Сэрвіс аналізуе зьвесткі, якія паступаюць, і дапамагае прымаць рашэньні, у тым ліку павышаючы эфэктыўнасьць ужываньня ўгнаеньняў і хімічных сродкаў. Стартап прыцягнуў фінансаваньне ў памеры 150 тысяч эўра.

Другі праект Plain прапануе ШІ-памочнік для падбору мэблі, якая адпавядае бюджэту, стылю і прасторы карыстальнікаў. Праграмы праекту могуць выкарыстоўваць як пакупнікі, так і прадаўцы мэблі. Заснаваны ў 2024 годзе стартап прыцягнуў фінансаваньне ў памеры 116 тысяч эўра.

Стартап стварылі беларусы Таісія Муха і Барыс Малайчык. Таісія Муха скончыла БНТУ, працавала ў сфэры інтэр’ернага дызайну і заснавала ўласную фірму. Яе калега Барыс Малайчык вучыўся ў Берасьцейскім тэхналягічным унівэрсытэце, а пасьля ў Варшаўскай палітэхніцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG