Беларусы Бэльгіі ў Брусэлі 20 лютага зладзілі хвіліну маўчаньня ў гонар памяці праваабаронцы, грамадзкага актывіста і сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігара Ледніка.
Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году. Спачатку яго арыштавалі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, пасьля якога на волю ён ня выйшаў. На актывіста завялі крымінальную справу паводле арт. 367 Крымінальнага кодэксу («паклёп на Лукашэнку») за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП «Пазыцыя». 18 ліпеня 2022 году суд Барысаўскага раёну прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонкі Ледніка ў Фэйсбуку «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
6 верасьня 2022 году ў судзе Ленінскага раёну Менску судзьдзя Тацяна Шоцік асудзіла Ледніка на тры гады пазбаўленьня волі у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ігар Леднік быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам. Яшчэ ў чэрвені 2022 году ягоная адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязьня пагоршыўся, ён знаходзіўся ў санчастцы сьледчага ізалятара ў ляжачым становішчы. У ліпені стала вядома, што актывісту правялі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце.
20 лютага 2024 году Ігар Леднік памёр у Менскай раённай лякарні, куды яго плянава даставілі з бабруйскай калёніі № 2, дзе палітвязень адбываў пакараньне. Прычынай сьмерці стала спыненьне сэрца. Яму было 63 гады. Пахаваны 22 лютага 2024 году ў Барысаве.
Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.
Форум