Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 лютага: у Гомлі судзяць студэнта ўнівэрсытэту; пасьля вяртаньня ў Беларусь арыштавалі мадэль

абноўлена

Гомельскі абласны суд
Гомельскі абласны суд

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Судзяць студэнта з Гомля

20 лютага ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Данілы Чыбісава.

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», яму інкрымінавалі два артыкулы, якія актыўна ўжываюць для палітычных рэпрэсіяў.

  • Гэта ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»)
  • і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Працэс прызначаны весьці судзьдзя Анатоль Сотнікаў.

Даніла — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. 18 кастрычніка 2024 году ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля яго разам з маці Аленай Чыбісавай асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Вынік таго судовага пасяджэньня невядомы.

Пасьля вяртаньня ў Беларусь арыштавалі акторку і мадэль

Пасьля вяртаньня ў Беларусь арыштавалі акторку і мадэль Вераніку Жалубоўскую, паведамляе «Наша ніва». Справу ў дачыненьні да яе пачнуць разглядаць 4 сакавіка 2024 году ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску. Дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу.

Паводле інфармацыі выданьня, Вераніцы Жалубоўскай 29 гадоў. Яна зь Менску, скончыла менскі ліцэй №1, а потым навучалася ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, які скончыла ў 2017 годзе. Мяркуючы па анкеце, адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай сталічнага конкурсу «ВелаМіс».

Пасьля заканчэньня МДЛУ Вераніка Жалубоўская адпрацавала тры гады бортправадніцай у Катарскіх авіялініях.

Яна здымалася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псэўданімам Вераніка Брусьнікіна і супрацоўнічала з мадэльнымі агенцтвамі.

Апошняе фота ў сацыяльнай сетцы дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 года з Турэччыны. Пасьля гэтага яна паехала ў Беларусь – верагодна, тады яе і затрымалі, мяркуе выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG