Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла разгляд усіх гуманітарных іміграцыйных заяваў, пададзеных грамадзянамі Ўкраіны і некалькіх краін Лацінскай Амэрыкі, паведамляе CBS News са спасылкай на тэкст службовай запіскі Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS).
Паводле зьвестак выданьня, такое рашэньне было прынятае з прычыны «падазрэньняў у махлярстве і пагрозаў нацыянальнай бясьпецы».
Замарожваньне закранае некалькі праграмаў «эпохі Джо Байдэна», уключаючы «Аб’яднаньне для Ўкраіны», у якой у ЗША заехалі 240 тысяч украінцаў, праграму CHNV, якая дазволіла ўехаць у ЗША 530 тысячам грамадзян Кубы, Гаіці, Нікарагуа і Вэнэсуэлы, а таксама праграму, якая дазваляла калюмбійцам, эквадорцам, цэнтральнаамэрыканцам, гаіцянам і кубінцам са сваякамі ў ЗША заяжджаць у краіну і чакаць атрыманьня грын-карты для ўзьяднаньні сямʼі.
Як адзначае CBS News, рашэньне закранае людзей, якія ўжо знаходзіліся на тэрыторыі ЗША і распачалі працэс атрыманьня дакумэнтаў, якія дазваляюць ім законна застацца ў краіне. Згодна з унутраным распараджэньнем USCIS, ад гэтых людзей ня будуць прымаць нават заяваў аб наданьні іншых іміграцыйных прэфэрэнцыяў.
«Гэта фактычна замарожвае іх магчымасьць атрымаць іншы легальны статус. У гэты пэрыяд іх могуць дэпартаваць, калі ўрад адменіць іх дазвол на часовае знаходжаньне ў ЗША», — заявіў Ліндэн Мельдзед, былы галоўны юрыст USCIS пры адміністрацыі Джорджа Буша малодшага.
Замарозка будзе дзейнічаць нявызначаны час, пакуль USCIS будзе праводзіць усебаковы аналіз праграмаў і іх удзельнікаў.
- Пасьля ўступленьня на пасаду Дональд Трамп увёў рэжым надзвычайнага становішча на паўднёвай мяжы ЗША і закрыў CBP One, афіцыйную мабільную праграму, запушчаную пры адміністрацыі Байдэна, якая дазваляла ахвочым атрымаць прытулак запытаць чаргу для праходу праз КПП з Мэксыкі. Гэтай праграмай для ўезду ў ЗША карысталіся і мігранты з многіх краін, у тым ліку з Расеі і краін Цэнтральнай Азіі.
- Празь некалькі дзён пасьля інаўгурацыі Трампа ЗША пачалі масавую высылку мігрантаў, якія нелегальна знаходзяцца ў краіне. Трамп ужо прыняў шэраг указаў, якія тычацца становішча мігрантаў у ЗША. На вайсковых самалётах невялікую частку мігрантаў вывезьлі ў краіны Паўднёвай Амэрыкі.
Форум