Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля гарадзкіх жыхароў, якія аддаюць перавагу беларускай мове, за год вырасла з 7 да 11 працэнтаў, — дасьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Доля гарадзкіх жыхароў, якія лічаць за лепшае размаўляць на беларускай мове, у 2024 годзе склала 11%; «час ад часу» на ёй размаўлялі 44% гараджан, сьведчаць вынікі дасьледаваньня «Беларуская ідэнтычнасьць у 2024 годзе», падрыхтаванага сацыёлягамі Філіпам Біканавым і Канстанцінам Несьцяровічам, паведамляе «Позірк».

Расейскай мове аддаюць перавагу 88% апытаных, час ад часу ёй карыстаецца 5% — такія зьвесткі былі прадстаўленыя на прэзэнтацыі дасьледаваньня. Згодна з ім, часам у зносінах гарадзкія жыхары Беларусі таксама ўжываюць ангельскую мову (19% апытаных), польскую (6%) і ўкраінскую (4%) мовы.

Гэтыя зьвесткі крыху адрозьніваюцца ад вынікаў папярэдняга аналягічнага апытаньня, які сацыёлягі Біканаў і Несьцяровіч прэзэнтавалі ў сьнежні 2023 году. Згодна зь ім, гараджан, якія аддаюць перавагу беларускай мове, было 7%, расейскай — 92%. Час ад часу на беларускай размаўлялі 44%, па-расейску — 1%, па-ангельску — 16%, па-польску — 5%, па-ўкраінску — 4%.

Згодна з дасьледаваньнем 2024 году, роднай беларускую мову назвалі 63% апытаных гараджан (год таму 56%), расейскую — 71% (73%), польскую і ўкраінскую — па 2% (па 1%).

Пры гэтым беларуская мова зьяўляецца асноўным маркерам самаідэнтыфікацыі толькі для 21% апытаных беларусаў (год таму такая ж доля) — гэта дзявятае месца пасьля месца нараджэньня, радзімы (62%), мэнталітэту, рысаў характару (36%), паходжаньня \ нацыянальнасьці бацькоў (35%), дзяржавы (32%), «сёньняшняга жыцьця ў адной краіне» (29%), тэрыторыі, зямлі (27%), традыцыяў (сьвятаў, абрадаў і інш.) (24%) і нацыянальнай культуры (22%).

Маркерам ідэнтыфікацыі беларусаў у іншых людзях беларускую мову назвалі толькі 4% апытаных (год таму такая ж доля) — гэта восьмае месца пасьля маркераў «выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёй» (42%), «сам лічыць сябе беларусам» (39%), «любіць Беларусь» (34%), «мае беларускае грамадзянства» (29%), «чые бацькі — беларусы» (25%), «жыве ў Беларусі» (22%) і «паводле характару падобны на беларусаў» (5%).

Дасьледаваньне праводзілі на анлайн-плятформах, у ім узялі ўдзел 800 чалавек рознага ўзросту. Паводле сацыёлягаў, якія вымушана жывуць і працуюць за мяжой, пры аналізе лічбаў неабходна ўлічваць, што анлайн-плятформамі ўмеюць карыстацца ня ўсе грамадзяне, але асноўныя трэнды па выніках апытаньня вызначыць можна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG