Для збору дадзеных было выкарыстана анкетнае онлайн-апытаньне (CAWI). Квотная выбарка (n = 800) адлюстроўвае структуру гарадзкога насельніцтва Беларусі ва ўзросьце 18–64 гадоў адпаведна полу, узросту, памеру гораду, вобласьці жыхарства і ўзроўню адукацыі.
Асноўныя вынікі дасьледаваньня
- Беларусы найбольш палярызаваныя ў стаўленьні да праяваў «савецкасьці».
- Беларуская мова — гэта каштоўнасьць, а не інструмэнт камунікацыі.
- Расейскі ўплыў у кіно, літаратуры і музыцы меншы, чым заходні.
Дасьледнікі пры дапамозе кластэрнага аналізу вылучылі 5 групаў рэспандэнтаў, якія адрозьніваюцца ўяўленьнямі аб беларускай нацыі. «Сьвядомыя» (11%) і «савецкія» (24%) становяць сабой два полюсы сучаснай беларускай ідэнтычнасьці. Першым блізкі нацыянальна-рамантычны праект: для іх важныя беларускія мова і культура, дасавецкая гісторыя. «Савецкія» — гэта найстарэйшы сэгмэнт, для яго важныя савецкая спадчына і арыентацыя на Расею.
У сэгмэнце «фармаваныя» (25%) пераважае моладзь, для гэтага сэгмэнту характэрныя культурная ангажаванасьць і цікавасьць да элемэнтаў абодвух нацыянальных праектаў.
«Абыякавым» (32%) у цэлым менш цікавая нацыянальная тэматыка. «Русыфікаваныя» (7%) сваімі характарыстыкамі падобныя да «абыякавых», але лічаць сябе расейцамі, а не беларусамі.
Пласт беларускай культуры, якая аб’ядноўвае ўсе сэгмэнты: гурт «Песьняры», пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас, дранікі — гэта тое, што ведаюць і лічаць агульнабеларускай культурай большасьць гараджанаў, незалежна ад таго, які з канкурэнтных нацыянальных праектаў ім бліжэйшы. Агульныя брэнды — «Камунарка» і БЕЛАЗ.
У культурным спажываньні беларусаў прыкметнае месца займае расейскі кантэнт, асабліва катэгорыі блогераў і комікаў. Пры гэтым расейскі кантэнт не дамінуе сярод культурных перавагаў беларусаў. Часьцей за ўсё ўлюбленыя фільмы і сэрыялы — заходнія, а музыка — беларуская. Выбар расейскага кантэнту часьцей зьвязаны з матывацыямі сфэры ідэнтычнасьці : «гэта пра такіх, як мы», «на зразумелай мове».
Прыкладна палова гараджан задаволеная цяперашнім узроўнем распаўсюджанасьці беларускай мовы, бо яна ня ёсьць важнай часткай іхнае нацыянальнае ідэнтычнасьці. Аднак прыкладна траціна хацела б, каб беларускай мовы было больш у розных сфэрах жыцьця.
Паводле вынікаў дасьледаваньня, беларускае грамадзтва палярызаванае ў стаўленьні да праяваў «савецкасьці», такіх, як шкадаваньне аб распадзе СССР і актыўная падтрымка абʼяднаньня Беларусі з Расеяй. «Сьвядомыя» хутчэй падтрымліваюць сацыяльнае выключэньне людзей з такімі поглядамі. У супрацьлегласьць ім «савецкія» і «русыфікаваныя» перакананыя, што такія погляды грамадзтва мусіць прыняць. У «фармаваных» і ў «абыякавых» стаўленьне да носьбітаў савецкай кампанэнты ня вызначанае.
З гледзішча адносінаў да «інакшасьці» найбольш неталерантны сэгмэнт — «сьвядомыя».
Дасьледаваньне паказала, што нават «савецкія» і «русыфікаваныя» не падтрымліваюць сацыяльнага выключэньня тых, хто размаўляе па-беларуску ці актыўна разьвівае нацыянальную культуру.
Беларусы абʼяднаныя тым, што яны ганарацца «Камунаркай» і БЕЛАЗам, лічаць важнымі для нацыянальнай культуры Янку Купалу, Якуба Коласа і групу «Песьняры».
У культурным спажываньні беларусаў расейскі кантэнт пераважае ў сфэры прадукцыі блогераў і комікаў. Асабліва часта расейскіх блогераў і каналы называюць «фармаваныя» — сэгмэнт з самай вялікай перавагай моладзі.
Большасьць улюбленых беларусамі фільмаў, сэрыялаў і кніг — заходняй вытворчасьці. Музыка — адзіная сфэра, дзе пераважае беларускі зьмест. Значная колькасьць людзей, асабліва «сьвядомыя», узгадалі выканаўцаў часоў БССР (напрыклад, «Песьняры», «Сябры»), але яшчэ больш назвалі сучасных беларускіх выканаўцаў: «Ляпіса Трубяцкога» і Макса Каржа. Расейскую і савецкую музыку прыгадваюць ня так часта, і гэта тычыцца ўсіх сэгмэнтаў, акрамя «савецкіх».
Асноўная асэнсаваная прычына выбару расейскага кіно — ідэнтычнасьць: людзі зьвязваюць сябе з пэрсанажамі і сюжэтамі на экране («яны пра такіх, як мы», «блізкія нам»). Яшчэ 9% адказалі, што выбіраюць расейскія фільмы і сэрыялы праз расейскую мову, якая ім зразумелая.
Мова не займае значнага месца ў ідэнтычнасьці большасьці беларусаў, бо яе рэдка выкарыстоўваюць у якасьці маркера, па якім можна вызначыць нацыянальнасьць.
*апытаньне сьнежня 2023 году
У выніку беларусы часьцей за ўсё ня бачаць праблемы ў цяперашнім узроўні распаўсюджанасьці беларускай мовы, хоць і не жадаюць, каб сфэра яе ўжываньня і далей скарачалася.
Мова застаецца другасным маркерам самаідэнтыфікацыі, саступаючы такім характарыстыкам, як «месца нараджэньня», «мэнталітэт», «паходжаньне» і «дзяржава». Выключэньне складае сэгмэнт «сьвядомыя», для якіх мова займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Толькі 3% гараджан адзначаюць мову як важную характарыстыку, якая дазваляе лічыць чалавека беларусам. У суседняй Польшчы мова ёсьць галоўным маркерам нацыянальнай ідэнтычнасьці: 86% грамадзянаў Польшчы адзначаюць яе веданьне як важны фактар, які дазваляе лічыць чалавека палякам.
Форум