Рэспандэнтам задаваліся пытаньні, якія тычацца нацыянальнай ідэнтычнасьці, палітычных працэсаў у Беларусі, стаўленьня да цяперашняй вайны Расеі з Украінай, геапалітычнага выбару і шмат іншых.
Асноўныя высновы дасьледаваньня наступныя.
- Значная частка беларускага грамадзтва знаходзіцца на ростанях ідэнтычнасьцяў. Нацыянальныя праекты моцна зьвязаныя з сацыяльна-палітычным і каштоўнасным канфліктам у грамадзтве.
- Перавагі ў вонкавай палітыцы вызначаюцца ў залежнасьці ад прыхільнасьці да таго ці іншага праекту нацыянальнай ідэнтычнасьці. Аднак пераважае сярод беларусаў падтрымка нэўтралітэту.
- Улічваючы накіраванасьць беларускага рэжыму і зьнешнепалітычную дынаміку, раскол у грамадзтве будзе паглыбляцца.
У дасьледаваньні былі вызначаныя 5 групаў апытаных, якія істотна адрозьніваюцца адна ад адной паводле стаўленьня да нацыянальных каштоўнасьцяў. Гэта «Сьвядомыя» (14%), «Савецкія» (29%), «Тыя, хто фармуецца» (39%), «Абыякавыя» (13%) і «Русыфікаваныя» (4%).
Ніжэй прыводзяцца некаторыя вынікі апытаньня з тлумачэньнямі аўтара справаздачы.
Падзеі 2020 году значна паўплывалі на ўспрыманьне паходжаньня беларусаў: меркаваньне аб тым, што беларусы — асобны народ, за два гады стала значна больш папулярным, тады як уяўленьне аб трыадзінстве беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў паступова губляе прыхільнікаў, адбываецца адрыў ад савецкіх і прарасейскіх поглядаў. На дадзены момант галоўным чынам адрыў адбываецца за кошт «Абыякавых»: яны сталі значна радзей верыць у трыадзінства і часьцей — у наяўнасьць асобнага беларускага народу.
На стаўленьне да нацыянальнага апасродкавана ўплывае знаходжаньне ў той ці іншай інфармацыйнай прасторы. Сэгмэнты кардынальна адрозьніваюцца тым, якімі мэдыя яны карыстаюцца. «Сьвядомыя» — адзіны сэгмэнт, які зьяўляецца сталай аўдыторыяй недзяржаўных СМІ. У той жа час «Савецкія», «Абыякавыя» і «Русыфікаваныя» найбольш падобныя ў перавагах: тут пераважае актыўнае спажываньне дзяржаўных мэдыя.
Беларуская аўдыторыя сыстэмна і рэгулярна атрымлівае пераважна расейскі мэдыйны парадак дня і пракрамлёўскі погляд на асноўныя падзеі ў сьвеце.
У грамадзтве існуюць два супрацьлеглыя сэгмэнты, адрозьненьні якіх палягаюць у рознай ступені даверу да дзяржаўных і незалежных структур:
- Зацятыя праціўнікі (21%) — вельмі не давяраюць усім дзяржаўным структурам і вельмі давяраюць незалежным;
- Зацятыя прыхільнікі (9%) — вельмі давяраюць дзяржаўным структурам і не давяраюць недзяржаўным інстытутам.
Ядрамі гэтых двух групаў зьяўляюцца прадстаўнікі розных нацыянальных беларускіх праектаў — «Сьвядомыя» і «Савецкія», адпаведна, і, такім чынам, гэтыя групы служаць асновай для сацыяльнага канфлікту ўнутры краіны.
Яны займаюць строга супрацьлеглыя пазыцыі ў пытаньні напрамку разьвіцьця беларускай дзяржавы, выказваюць вельмі моцную непрыязь адзін да аднаго і выкарыстоўваюць розныя крыніцы інфармацыі. Прадстаўнікі гэтых групаў лічаць «альтэрнатыўны бок» небясьпечным як для сябе асабіста, так і для грамадзтва ў цэлым.
Гэтыя групы знаходзяцца ў адпаведных інфармацыйных бурбалках і, верагодна, імкнуцца не кантактаваць адна зь адной.
Апроч гэтага, існуюць дзьве «цэнтрысцкія» групы — Хутчэй праціўнікі (30%) і Хутчэй прыхільнікі (41%), найбольш рухомыя ў сваіх меркаваньнях і ацэнках часткі грамадзтва, яны значнай часткай складаюцца з «Тых, хто фармуецца» (у адносінах да нацыянальнага), чым і абумоўлены іх «сярэдні» узровень даверу да розных структураў.
Назіраецца зрух у бок дзяржаўнага патэрналізму. Пры гэтым грамадзтва ў цэлым яўна не гатовае да праяваў гвалту з боку дзяржавы. Імаверна, насельніцтва ўсё яшчэ не забылася на траўму, атрыманую ў 2020 годзе. Тым ня менш, у большасьці сваёй беларусы прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасьцяў і выступаюць за кантроль даходаў чыноўнікаў і захаваньне чалавечай годнасьці.
Можна казаць аб тым, што грамадзтва працягвае прытрымлівацца дэмакратычных каштоўнасцяў, аднак, верагодна, назіраецца расчараваньне, «забываньне» і перапісваньне ў мэдыя падзеяў 2020 году.
Найбольш актуальнымі праблемамі па-ранейшаму застаюцца эканамічныя: рост коштаў, нізкія заробкі і пэнсіі, што ў цэлым вельмі характэрна для беларускага грамадзтва ў розных замерах. Тым ня менш, у ТОП-5 праблемаў таксама ўвайшлі палітычныя праблемы, такія як вайна Расеі з Украінай (87%) і санкцыі з боку ЭЗ і ЗША (занепакоенасьць якімі ў цэлым не зьмянілася). Іншымі словамі, гараджане добра разумеюць актуальнасьць праблемы вайны для Беларусі і, імаверна, адчуваюць яе блізкасьць за кошт удзелу «братэрскіх» для Беларусі суседніх краінаў і ролі самой Беларусі ў гэтым канфлікце.
У параўнаньні з папярэднім замерам у 2021 годзе, у гараджанаў у цэлым значна ўзрос давер да афіцыйных урадавых структураў. Пры гэтым таксама назіраецца зьніжэньне даверу да тых, хто не падтрымлівае афіцыйную ўладу, да пацярпелых у 2020 годзе. Найбольш відавочна зрух у бок «патэрналізму» адчуваецца сярод цэнтрыстаў, якія не выступаюць актыўна адназначна «за» або «супраць» улады.
Верагодна, гэта зьвязана з вайной, на фоне якой умоўным «цэнтрыстам» лягчэй растлумачыць сабе неабходнасьць знаходжаньня ва ўладзе ў Беларусі прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Сродкі афіцыйных мэдыя прасоўваюць «зручную» для цэнтрыстаў пазыцыю адносна канфлікту: умоўны «нэўтралітэт» краіны і неўмяшаньне ў непасрэдныя ваенныя дзеяньні.
Нэўтралітэт — найбольш папулярная пазыцыя ў міжнародных адносінах, яе падтрымлівае палова беларусаў. Свой выбар яны матывуюць прагматыкай: асьцерагаюцца далучацца да аднаго з бакоў канфлікту і хочуць атрымліваць выгаду ад супрацоўніцтва з усімі.
Пры гэтым прыхільнікі нэўтралітэту ў цэлым настроеныя па-эўрапейску: іх выбар ссоўваецца ў бок ЭЗ, калі нельга сысьці ў нэўтралітэт. Прарасейскую пазыцыю падтрымлівае каля траціны беларусаў.
Беларусы падзеленыя ў пытаньні інтэграцыі з Расеяй. У параўнаньні зь мінулым годам вырасла доля прыхільнікаў інтэграцыі, і зараз іх больш, чым праціўнікаў, хоць ніводную з пазыцыяў не падтрымлівае большасьць.
Пад інтэграцыяй з РФ беларусы рэдка маюць на ўвазе зьліцьцё асноўных дзяржаўных інстытутаў. Як прыхільнікі, так і праціўнікі інтэграцыі часьцей лічаць, што яна павінна азначаць супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сфэры і стварэньне агульнай візавай прасторы.
Геапалітычныя прыярытэты выяўляюцца ў адказах на пытаньне аб падтрымцы аднаго з бакоў у расейска-украінскай вайне: 41% адмаўляецца займаць які б то ні было бок, 39% выказваюць падтрымку Расеі і 20% — Украіне. Прарасейскую пазыцыю займае большасьць прыхільнікаў цяперашняй улады ў Беларусі (77%) і аўдыторыі дзяржаўных мэдыя (60%). Сярод праціўнікаў улады Ўкраіну падтрымліваюць 66%, а сярод аўдыторыі недзяржаўных мэдыя — 44%. Словам, сэгмэнты з прарасейскім патэнцыялам кансалідавана выступаюць у падтрымку Расеі, тады як патэнцыйна праўкраінскія сэгмэнты часьцей сыходзяць у нэўтралітэт.