Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж пратэстам і «ябацькамі»: З каго складаецца беларускае «балота»? Дыскусія экспэртаў


Нэўтралы, «балота», апалітычныя — з каго складаецца частка беларускага грамадзтва, якая паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады? Да каго і ў чым яны бліжэйшыя — да пратэстоўцаў ці да «бастыёну Лукашэнкі»? Ці маральна быць па-за палітычным супрацьстаяньнем?

Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць паліталягіня Тацяна Чуліцкая і сацыёляг Філіп Біканаў.

Біканаў

  • Апытаньні Chatham House паказваюць, што нэўтралы ў сярэднім маюць крыху ніжэйшы ўзровень адукацыі, чым «ядро пратэсту». У «ядры пратэсту» пераважаюць мужчыны, сярод нэўтралаў і «бастыёну Лукашэнкі» больш жанчын.
  • Паводле гэтых апытаньняў, усё больш людзей выключаюцца з пратэстнага парадку дня. Гэта можа быць зьвязана з фактарам страху. Гэта страх дзеяньня і страх нават шчыра адказваць на пытаньні хай сабе і ананімнай анкеты. Ёсьць таксама і фактар стомы.
  • Мяркую, што з тых, каго Chatham House называе нэўтраламі, вельмі нямногія ўдзельнічалі ў пратэстах.
  • «Ядро пратэсту» — вельмі вялікі сэгмэнт, гэта 30% гарадзкога насельніцтва. Сярод іх таксама ня ўсе выходзілі на пратэсты. Пратэсты былі масавыя, але не настолькі. У Менску гэтая група складае 40%. 40% менчукоў на пратэсты не выходзілі.
  • Нэўтралы ў практычны палітычны працэс і не ўключаліся, таму недарэчна казаць, што цяпер яны зь яго выключыліся.
  • Апытаньні паказваюць, што найлепш постаці палітычнай сцэны Беларусі ведае «ядро пратэсту» — ня толькі Бабарыку, Ціханоўскую і Латушку, але і Макея, і Качанаву, і Галоўчанку. А нэўтралы і «бастыён Лукашэнкі» ведаюць усіх гэтых дзеячоў значна менш.
  • Нэўтралы збольшага падтрымліваюць патрабаваньні пратэсту — спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, расьсьледаваньне выпадкаў катаваньняў.
  • Да 2020 году была агульная думка, што прыхільнікі пераменаў — у меншасьці. Цяпер прыхільнікі Лукашэнкі пераважна думаюць гэтак жа — што яны па-ранейшаму ў большасьці. Але цяпер і прыхільнікі пераменаў упэўненыя, што яны — у большасьці.
  • Кардынальна памяняўся імідж беларуса. Быў распаўсюджаны вобраз рахманага і ціхага, мы гэта фіксавалі ў апытаньні красавіку 2020 году. Праз год пра такі вобраз беларуса казалі ўжо ўдвая менш рэспандэнтаў.
  • Мае палітычныя перавагі адназначныя, мяне запісаць у «бастыён Лукашэнкі» дастаткова складана. Але я дасьледнік. І я мяркую, што мы не павінны ўкладаць у нарматыўную рамку паводзіны людзей.
  • Я ня буду папракаць тых людзей, якія аддаюць перавагу сваім эканамічным, сацыяльным патрэбам перад змаганьнем з АМАПам.
  • І я, і Тацяна знаходзімся за мяжой. Я зьехаў у жніўні 2020 году. Нехта і нас можа палічыць амаральнымі людзьмі. Я б тут устрымаўся ад маральных ацэнак і іншым бы гэта параіў.

Чуліцкая

  • Нэўтралы — гэта людзі, якія не цікавяцца палітыкай, яны не спажываюць інфармацыю пра палітыку. Зусім ужо апалітычных людзей няшмат. Да 2020 году, калі быў «сацыяльны кантракт» паміж уладай і грамадзтвам, значная частка грамадзтва пагаджалася ня лезьці ў палітыку ў абмен на пэўныя сацыяльныя даброты. Але ў 2020 годзе гэты кантракт зьнік і ён ужо не адновіцца.
  • Людзі, якія не цікавяцца палітыкай, ёсьць ва ўсіх грамадзтвах, нават самых дэмакратычных. Але ў цяперашніх умовах Беларусі вялікая рызыка, што палітыка сама да цябе прыйдзе, нават калі ты ні ў чым ня ўдзельнічаеш.
  • Палітыка ў Беларусі ня зводзіцца да наўпроставага пратэсту. Арганізацыя «Птушкі Бацькаўшчыны» шмат у чым нечакана для сябе сталі палітычнай арганізацыяй. Самыя бяскрыўдныя непалітычныя арганізацыі робяцца «палітыкай».
  • З геапалітычнымі арыентацыямі ў Беларусі складана, мы бачым розныя геапалітычныя арыентацыі — на Захад і на Расею — і сярод прыхільнікаў пратэсту. Пры тым, што і сярод нэўтралаў, і сярод «бастыёну Лукашэнкі» пераважаюць прыхільнікі арыентацыі на Расею.
  • Жнівень 2020 году быў вынікам доўгага ланцужка падзеяў. Безумоўна, на масавыя настроі паўплывала так званая «лібэралізацыя» 2014–2020 гадоў. У тыя гады зьяўлялася шмат грамадзкіх плятформаў, зусім ня толькі палітычных, якія спрыялі таму, што людзі адчулі сябе грамадзянамі.
  • Асаблівасьцю 2020 году было новае адчуваньне большасьці. Мае калегі і сябры, людзі палітызаваныя, тады казалі, што ўпершыню адчулі сябе часткаю большасьці, а ня меншасьці. Людзі наўрад ці забудуць гэтае адчуваньне большасьці, адчуваньне сваёй суб’ектнасьці, адчуваньне, што ад цябе нешта залежыць.
  • Лукашэнка зараз ня можа казаць «А хто замест мяне?». Людзі бачылі і ведаюць, хто.
  • Гвалт — гэта кепска і тут няма чаго абмяркоўваць. Але гэта выбар кожнага. Хто выйшаў — той герой, хто ня выйшаў — той здраднік, такога трэба пазьбягаць.

Што было раней

  • Брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House правёў летась у лістападзе чарговае, шостае онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі.
  • Вось некаторыя вынікі дасьледаваньня:
  • Палітычныя апанэнты — «ядро пратэсту» і «бастыён Лукашэнкі» — ставяцца адзін да аднаго горш, чым да ўсіх астатніх этнічных і сацыяльных групаў, у тым ліку горш, чым да тых жа геяў і цыганоў.
  • Нэўтралы маюць прамежкавае стаўленьне да розных сацыяльных групаў : яны больш талерантныя, чым «бастыён Лукашэнкі», і пры гэтым менш талерантныя, чым «ядро пратэсту». Што іх адрозьнівае — гэта досыць спакойнае, талерантнае стаўленьне і да прыхільнікаў, і да праціўнікаў Лукашэнкі.
  • Пры ўжываньні адмысловых прыёмаў мы вылічылі, што ў жніўні 2020 году за Ціханоўскую галасавала каля 60% гараджанаў. Калі ў верасьні 2020 году мы задавалі простае пытаньне пра галасаваньне на выбарах 9 жніўня, то пра галасаваньне за Ціханоўскую паведамілі 51% апытаных. Калі даем магчымасьць рэспандэнтам схаваць адказ, то маем паказьнік, вышэйшы прыкладна на 8-9 адсоткавых пунктаў.
  • Фактар страху сапраўды мае месца. Але ён не бязьмежны, не такі, што кардынальна скажае ўсе вынікі.
  • Значная частка прыхільнікаў Лукашэнкі шчыра верыць, што яны складаюць большасьць.
  • Навідавоку дэпалітызацыя беларускага грамадзтва. Гэта зьвязана і са страхамі, і з расчараваньнем. Пратэст абʼектыўна прайграў, і невядома, якія шанцы мае. І людзі гэта адчуваюць. У выніку яны робяцца менш прыхільнымі да пратэсту.
  • Застаецца велізарная колькасьць людзей, якія падтрымліваюць пратэст і яго патрабаваньні. Большасьць беларусаў выступае, як і раней, за вызваленьне палітвязьняў і за спыненьне гвалту.
  • Палітычныя погляды грамадзтва са жніўня 2020 году не зьмяніліся. Як ён ня выйграў выбары тады, так ён ня выйграў бы сумленныя выбары і цяпер.
  • Было б лягічна, калі б шмат людзей далучыліся да пераможцы. Але ў Беларусі гэтага не адбылося. Усе разумеюць, што Лукашэнка разграміў пратэст. Але пры гэтым людзі ня робяцца лукашэнкаўскімі прыхільнікамі. Ёсьць 25-30%, якія падтрымліваюць яго, і гэтыя лічбы не мяняюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG