Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі дзясяткаў тысяч прысудаў могуць перагледзець у Беларусі пасьля зьменаў у Крымінальным кодэксе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Некалькі дзясяткаў тысяч прысудаў могуць перагледзець у Беларусі, заявіў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валер Калінковіч.

Аляксандар Лукашэнка 17 лютага падпісаў закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці», якім зацьвярджае шматлікія зьмены ў крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства. Паводле праваабаронцаў, зацьверджаныя зьмены даюць «магчымасьці для новых рэпрэсіяў».

На гэтым фоне некалькі дзясяткаў тысяч прысудаў могуць перагледзець у Беларусі, паведаміў журналістам першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі Валер Калінковіч. Яго цытуе БелТА.

«У сілу закону належыць перагледзець некалькі дзясяткаў тысяч прысудаў, вынесеных да набыцьця гэтым законам сілы ў рамках старых крымінальна-прававых санкцый», — сказаў Валер Калінковіч.

Згодна з падпісанымі Лукашэнкам зьменамі ў Крымінальны кодэкс перагледжаны санкцыі ў дачыненьні да 97 складаў злачынстваў. Зь іх 65 дапоўненыя альтэрнатыўнымі, больш мяккімі відамі пакараньняў (24 склады злачынства да цяперашняга часу зьмяшчалі пазбаўленьне волі як адзіна магчымае пакараньне). Яшчэ 32 склады зьмененыя ў частцы памеру пакараньняў.

Згодна са зьменамі, ад пазбаўленьня волі могуць вызваляцца:

  • жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў ці дзяцей-інвалідаў;
  • інваліды I групы;
  • асобы, якія ўпершыню зрабілі злачынствы, што не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі.

Аднак гэтае правіла ня дзейнічае ў выпадку злачынстваў, што пацягнулі сьмерць чалавека, цяжкія цялесныя пашкоджаньні, або звязаныя з так званым «экстрэмізмам» — гэтае азначэньне ўлады Беларусі актыўна выкарыстоўваюць для палітычных рэпрэсіяў супраць праціўнікаў рэжыму.

Пералік злачынстваў, учыненьне якіх грамадзянамі Беларусі за межамі краіны прыводзіць да крымінальнай адказнасьці, дапоўнены злачынствамі тэрарыстычнай накіраванасьці. Што да адказнасьці за ўчынкі за мяжой, дык згодна са зьменамі ў закон прадугледжанае пакараньне пры зьдзяйсьненьні за межамі Беларусі наступных злачынстваў: распальваньне варожасьці, абраза прэзыдэнта і паклёп на яго, абраза прадстаўніка ўлады, зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў, акт тэрарызму ці пагроза яго зьдзяйсьненьня і інш. Як адзначаў раней юрыст і праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка, гэта «рыхтуе магчымасьці для новых шырокамаштабных рэпрэсіяў» і завочных судоў над беларусамі з палітычных матываў.

Таксама зьявяцца новыя артыкулы ў Крымінальным кодэксе:

  • арт. 366-1 «Гвалт або пагроза ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў».
  • Згадка былога прэзыдэнта зьявіцца таксама ў артыкулах пра паклёп (арт. 367) і абразу (арт. 368) прэзыдэнта.

Акрамя гэтага, законам прадугледжаныя меры, якія «дазваляюць судам больш гнутка падыходзіць да прызначэньня пакараньня за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG