Над праграмай працуе група экспэртаў, якія вывучаюць узровень разладу і дэпрэсіі ў жанчын пасьля зьняволеньня, а таксама праблемы рэпрадукцыйнага здароўя зьняволеных жанчын. Таксама зь юрыдычных і праваабарончых пазыцый будзе дасьледавана, наколькі забясьпечваецца ў беларускіх вязьніцах права на здароўе жанчын. Вынікі дасьледаваньняў і рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча праваабаронцы абяцаюць прадставіць у чэрвені 2025 году.
Ініцыятары праграмы хочуць вывучыць досьвед жанчын, якія пабывалі ў беларускай турме, і праводзяць адмысловае анкетаваньне.
«Мы просім былых зьняволеных жанчын адказаць на пытаньні трох невялікіх анкет. Адна з іх — пра здароўе падчас зьняволеньня — агульная, дзьве іншыя — пра псыхалягічны стан. Гэтыя анкеты асобныя для былых зьняволеных, якія застаюцца ў Беларусі, і для тых, якія пакінулі краіну», — патлумачылі праваабаронцы зь «Лекараў за праўду і справядлівасьць».
Паводле актывістаў, анкетаваньне дазволіць больш дасканала вывучыць становішча спраў з захаваньнем жаночага здароўя ў беларускіх вязьніцах.
«Пытаньні цалкам ананімныя, не патрабуюць перадачы аніякіх асабістых зьвестак, адказы будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагуленым выглядзе», — абяцаюць праваабаронцы.
Анкеты для ўдзельнікаў праграмы «У турмы не жаночае аблічча» можна знайсьці тут.
Форум