Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 лютага: армянскую блогерку судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»; трэці суд за «парушэньні на выбарах-2025»

абноўлена

Беларуская турма. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская турма. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Затрыманую ў Беларусі армянскую блогерку судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

19 лютага ў Гомельскім абласным судзе разглядалі скаргу на пастанову суда Чыгуначнага раёну Гомля датычна блогеркі Бэлы (Розы Бабаханян), якая акрамя армянскага, мае яшчэ і беларускае грамадзянства. Суд Чыгуначнага раёна абвінаваціў Бабаханян паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмізму). Пры гэтым у раскладзе паседжаньняў суда Чыгуначнага раёну на сайце Вярхоўнага суда такога паседжаньня не было, паведамляюць праваабаронцы.

Пра затрыманьне жанчыны стала вядома некалькі дзён таму. Блогер Аляксандар Лапшын паведамляў, што яе абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў — «распальваньне варожасьці», «прапаганда вайны», «паклёп», «абраза прадстаўніка ўлады», «пагроза забойствам, прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў».

Новыя суды за пратэсты

У судзе Кобрынскага раёну 25 лютага пачнецца разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Крымінальнага кодэксу супраць Дзьмітрыя Кубарэцкага, Натальлі Кубарэцкай, Віктара Ціханенкі, Ільлі Ціханенкі. Працэс будзе весьці судзьдзя Аляксей Кміта.

Праваабаронцы з дапамогай BelPol высьветлілі, што вядома пра абвінавачаных.

Ільлю Ціханенку 28 гадоў. Ён працаваў ліцейнікам на кобрынскай фабрыцы дзіцячых цацак «Палесьсе». Брату Ільлі Віктару Ціханенку 23 гады.

35-гадовы Дзьмітры і 34-гадовая Натальля Кубарэцкія — муж і жонка, маюць 9-гадовую дачку. Натальля зарэгістраваная як індывідуальная прадпрымальніца. На 2019 год Дзьмітры працаваў у Берасьцейскім рамонтна-будаўнічым трэсьце № 1.

Будаўніка зь Бешанкавічаў абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў

Жыхара Бешанкавічаў Ігара Сімашковіча будуць судзіць паводле пяці крымінальных артыкулах, пішуць віцебскія праваабаронцы.

Яго справу 27 лютага ў закрытым рэжыме пачне разглядаць Віцебскі абласны суд. Сімашковіча абвінавачваюць паводле артыкулаў аб «распальваньні варожасьці» (арт. 130 КК), «абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады» (арт. 368 і 369 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Акрамя таго, яму ставяць у віну «распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў» (ч. 1 арт. 343 КК).

Ігару Сімашковічу больш за 50 гадоў, ён працаваў будаўніком.

У Рэчыцы пройдзе суд за «парушэньні на выбарах»

На 24 лютага ў судзе Рэчыцкага раёну заплянаваны суд паводле арт. 10.9 КаАП («парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян»). Адміністрацыйная справа, якую прызначылі разглядаць судзьдзю Юліяну Лунцэвіч, пачатая супраць мясцовага жыхара Леаніда Радчанкі, піша «Гомельская Вясна».

На Гомельшчыне гэта будзе трэці вядомы праваабаронцам суд за «парушэньні на выбарах» — 3 лютага ў Навабеліцкім раёне з такой самай нагоды перасьледавалі Андрэя Цімашэнку, а 14 лютага ў Савецкім раёне Гомля паводле такога артыкула судзілі Яўгена Бадракова.

.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG