Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартаваў трэці сэзон ініцыятывы «Будуй сваё», якая дапамагае беларусам фінансаваць праекты праз падаткі і дабрачынныя ўнёскі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пачынаецца трэці сэзон праекту лічбавага самакіраваньня «Будуй сваё» — ініцыятывы, якая дазваляе беларусам і беларускам самастойна вырашаць, якія праекты падтрымліваць і фінансаваць, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Праект рэалізоўвае плятформа SVAE (былая «Новая Беларусь»).Удзельнічаць у ім могуць беларусы і беларускі, якія пражываюць у розных краінах. Усе сродкі для працы праграмы зьбіраюць праз пералічэньне часткі падаткаў афіцыйным дабрачынным арганізацыям-партнэрам SVAE або праз адмысловыя дабрачынныя ўнёскі.

Беларусы і беларускі, якія жывуць у Польшчы, могуць накіраваць 1,5% сваіх падаткаў на дабрачыннасьць у партнэрскія ўстановы SVAE пры запаўненьні дэклярацыі, а тыя, хто знаходзіцца ў Літве, — 1,2% падаткаў. Для тых, хто ня можа скарыстацца гэтым мэханізмам, але хоча далучыцца да ініцыятывы, даступны аднаразовы дабрачынны ўнёсак памерам ад 50 эўра.

Галоўная асаблівасьць праекту — самакіраваньне: беларусы самі выбіраюць, якія ініцыятывы атрымаюць фінансаваньне.

Збор фінансаваньня працягнецца да канца красавіка для тых, хто пералічвае падаткі, і да 1 лістапада для тых, хто робіць унёсак. Галасаваньне за праекты, якія атрымаюць фінансаваньне, адбудзецца ў лістападзе 2025 году. Рэалізацыя праектаў заплянаваная на 2026 год.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсьці на сайце SVAE.

  • Праект «Будуй сваё» запусьцілі ў 2023 годзе. За два сэзоны ўдзельнікі сабралі больш як 130 тысяч эўра.
  • У 2023 годзе беларусы і беларускі сабралі 47 тысяч эўра, што дазволіла стварыць незалежны партал пра гісторыю Беларусі і адкрыць беларускую бібліятэку «Чытальня» ў Вільні. У 2024 годзе зборы вырасьлі да 83 тысяч эўра, дзякуючы чаму рэалізуюцца тры праекты: дзіцячы летнік на Падляшшы, творчы хаб у Вільні і адукацыйныя відэа па-беларуску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG