Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома імя грамадзяніна ЗША, вызваленага ў Беларусі


Краты. Ілюстрацыйнае фота
Краты. Ілюстрацыйнае фота

Імя і падрабязнасьці палітычнага перасьледу грамадзяніна ЗША, якога нядаўна вызвалілі разам з палітзьняволенымі Андрэем Кузьнечыкам і Аленай Маўшук, высьветліў тэлеканал «Дождь».

На мінулым тыдні ўлады Беларусі вызвалілі трох палітвязьняў, сярод якіх быў неназваны грамадзянін ЗША. Ім аказаўся 56-гадовы Мікалай Шугаеў, высьветлілі журналісты тэлеканалу. Яго 5 месяцаў трымалі ў беларускіх СІЗА паводле палітычных артыкулаў.

Мікалай Шугаеў расказаў «Дождю», што ў яго ёсьць амэрыканскае і ўкраінскае грамадзянства. У Беларусі ён знаходзіўся з 2020 году, куды прыехаў да сям'і і свайго малога сына.

Паводле Шугаева, менавіта жонка, зь якой у яго сапсаваліся адносіны, напісала на яго данос беларускім уладам. Мікалай быў падпісаны ў сацсетках на NEXTA Live, Радыё Свабода, «Белсат» і іншыя незалежныя беларускія мэдыя, якія ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі». За гэта яго затрымалі 12 верасьня 2024 году.

Мікалаю паставілі ў віну «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пасадзілі на 13 дзён у ізалятар Наваполацку. Потым яго тройчы судзілі паводле гэтага ж адміністрацыйнага артыкула — агулам у ізалятары Мікала Шугаеў правёў 56 дзён. Пасьля гэтага яго перавялі ў СІЗА КДБ у Менску і завялі на яго крымінальную справу за публічную абразу Лукашэнкі, асновай для якой стаў камэнтар Мікалая ў сацыяльнай сетцы Інстаграм. У СІЗА мужчына правёў яшчэ тры месяцы.

12 лютага Шугаеў выйшаў на волю пры садзейнічаньні амэрыканскіх уладаў.

Цяпер Мікалай Шугаеў знаходзіцца на рэабілітацыі ў мэдыцынскай клініцы, разьмешчанай на вайсковай базе ў Тэхасе. За час у зьняволеньні ён схуднеў на 20 кіляграмаў, у яго зьявіліся праблемы са зрокам. Таксама ў яго падазраюць сухоты, паведамляе тэлеканал.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG