Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскім юрыстам расказалі пра перашкоды ў працы беларускіх адвакатаў


Сьвятлана Галаўнёва
Сьвятлана Галаўнёва

Сустрэча была прысьвечаная Міжнароднаму дню адваката ў небясьпецы. У Беларусі адвакаты ўжо некалькі гадоў сутыкаюцца зь вялікімі перашкодамі ў працы.

Брэшыйскі ордэн адвакатаў разам з Школай юрыспрудэнцыі і пры супрацоўніцтве з шэрагам іншых арганізацый прысьвяціў сустрэчу ў тым ліку беларускім адвакатам. На ёй расказвалі, як працуюць беларускія адвакаты і юрысты ў небясьпецы. Сярод выступоўцаў была юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва.

«Гэта супольнасьць адвакатаў, і таму яны ведалі збольшага, што адбываецца ў Беларусі: ведалі пра вялікія пратэсты, гвалт з боку дзяржавы да прадстаўнікоў апазыцыі; яны ведаюць пра тое, што шмат дэмакратычных сілаў апынулася ў выгнаньні. Але пра нейкія дэталі, як і шмат хто ў Эўропе, яны ня ведаюць. Ім трэба дадаткова тлумачыць і падкрэсьліваць, што, напрыклад, у нас суды — гэта фікцыя, што гэта ня нейкі незалежны орган, які цябе можа абараніць, а гэта проста яшчэ адзін інструмэнт у дзяржаве».

Сьвятлана Галаўнёва расказвала аб працы ў «Вясьне» яшчэ ў Беларусі, калі ў Менску працавала сядзіба арганізацыі і людзі маглі прыходзіць туды. Яна адзначыла, што за ўвесь гэты час вясноўцы падрыхтавалі больш за 2000 розных скаргаў у суды, Сьледчы камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў на дзеяньні міліцыі, на судовыя рашэньні.

Таксама Сьвятлана Галаўнёва расказала замежным калегам, як цяпер будуецца праца беларускіх НДА:

«Мы, як і большасьць беларускіх НДА, якія працуюць з правамі чалавека, знаходзімся ў выгнаньні, і любая камунікацыя людзей з намі — гэта рызыкі, але яна вельмі важная як для нас, так і для людзей. Бо мы як НДА, якія працуюць з тэматыкай правоў чалавека, часта застаемся адзінай крыніцай, якая можа дапамагчы і падтрымаць людзей, якія сутыкнуліся з палітычнымі рэпрэсіямі ў краіне. Таксама я расказвала агулам пра становішча з правамі чалавека, пра колькасьць людзей, якія сутыкнуліся з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам.

Адвакатам з Брэшы было цікава і важна пачуць, якую ролю ў гэтым гралі суды, наколькі яны пазбаўленыя незалежнасьці і наколькі цяжка працаваць адвакатам у такім становішчы. Бо адвакаты знаходзяцца пад вялікім ціскам і часта вельмі абмежаваныя ў магчымасьцях таго, што яны могуць рабіць і што казаць».

  • З восені 2020 году ўлады Беларусі арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, пазбавілі ліцэнзій больш як 140, а 11 трапілі пад крымінальны перасьлед, зь якіх 7 застаюцца за кратамі, паведамляе «Вясна».
  • У Беларусі засталося 1,6 тысячы адвакатаў-практыкаў, сьведчаць лічбы міжнароднай абсэрваторыі «Юрысты ў небясьпецы» (OIAD), у справаздачы адзначаюць, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавалі 2,2 тысячы адвакатаў. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасьць скарацілася на 27,3%, больш як на чвэрць.
  • Паводле зьвестак абсэрваторыі, у 2020–2024 гадах сама меней 11 беларускім адвакатам выставілі абвінавачаньні ў рамках крымінальных спраў, 6 адвакатаў знаходзяцца за кратамі, 4 «зазналі катаваньні падчас затрыманьня», ня менш як 139 пазбавілі права на прафэсію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG