Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі перасьледуюць адвакатаў і чаму тыя ўсё роўна абараняюць пратэстоўцаў


Затрыманьне за ўдзел у акцыі, падчас якой ты на другім канцы гораду купляла сшыткі для дачкі-школьніцы. Арышт па крымінальнай справе і галадоўка ў СІЗА. Допыт у судзе сьведкі зь імем «Іван Іваноў» з балаклавай на галаве — і «суткі» для твайго падабароннага на аснове яго паказаньняў. Так выглядае праца адваката ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Ужо два месяцы адвакаты працуюць амаль без выходных: шукаюць сваіх падабаронных у ізалятарах часовага ўтрыманьня (ІЧУ) і судах, удзельнічаюць у пасяджэньнях пасьля пратэстаў, больш падобных да канвэера. Іх саміх таксама затрымліваюць і арыштоўваюць — у тым ліку па крымінальных справах. За што перасьледуюць адвакатаў і як працаваць у такіх умовах, высьвятляла карэспандэнтка тэлеканалу «Настоящее время» Алена Шалаева.

«Калі з табой „трэба папрацаваць“, цябе ніхто ня знойдзе»

Адвакатка Людміла Казак 24 верасьня 2020 году ехала на судовае паседжаньне, калі яе схапілі невядомыя. Сілай запхнулі ў машыну і павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Блізкія даведаліся, што Людмілу затрымалі, позна вечарам — амаль празь дзесяць гадзін.

«Будзь ты адвакат ці звычайны чалавек, калі з табой „трэба папрацаваць“, то цябе ніхто ня знойдзе, інфармацыю пра цябе ніхто не паведаміць, ніякага адваката да цябе ня пусьцяць да таго моманту, пакуль самі не палічаць гэта неабходным», — кажа Людміла.

Адвакатка Казак абараняе арыштаваную Марыю Калесьнікаву, удзельніцу прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, паплечніцу Сьвятланы Ціханоўскай, а на пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі — каардынатара штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Марыю абвінавачваюць у «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», па гэтым артыкуле ёй пагражае ад двух да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Людміла Казак са скаргай, якую адна з затрыманых напісала на кавалку прасьціны і перадала ёй. Менск, 25 верасьня 2020
Людміла Казак са скаргай, якую адна з затрыманых напісала на кавалку прасьціны і перадала ёй. Менск, 25 верасьня 2020

Людміла Казак успамінае, што нават ва ўмовах пастаянных затрыманьняў і арыштаў апошніх тыдняў бесцырымоннае і нахабнае затрыманьне яе ўразіла: «Ніякага закону ў нас няма, што хочуць, тое і робяць».

У РАУС Казак паведамілі, што ў міліцыі ёсьць зьвесткі: яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 жніўня — акцыі пратэсту на праспэкце Пераможцаў.

«Я сказала, што гэта поўнае глупства, я ня ўдзельнічаю ў масавых мерапрыемствах, а знаходзіцца магла дзе заўгодна, у тым ліку і рабіць пакупкі да школы зь дзіцем, бо гэта было напярэдадні 1 верасьня, — кажа Казак. — У далейшым на мяне склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам пры затрыманьні, падставай да якога зьявілася, як пазначана ў пратаколе, падазрэньне ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

На наступны дзень у судзе супраць адвакаткі Казак сьведчылі супрацоўнікі міліцыі ў балаклавах і са зьмененымі імёнамі — «Іван Іваноў» і «Аляксандар Александровіч». Суд вырашыў, што яна вінаватая ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі, і прызначыў штраф — 675 беларускіх рублёў (каля $260).

Людміла Казак упэўненая, што яе затрыманьне зьвязанае з тым, што яна абараняе Марыю Калесьнікаву, але адмаўляцца ад гэтай справы не зьбіраецца.

«Адвакаты нашы абураныя, і ніхто не адчувае сябе ў бясьпецы на фоне такой гісторыі, — кажа Людміла. — Вядома, у адвакатаў даволі шмат рэсурсаў і мэтадаў для таго, каб пазмагацца і адстаяць свае правы. Але [затрыманьне] — гэта рэальна ціск на абаронцу, што ў нас закон наўпрост забараняе».

«Прававы дэфолт». Максім Знак і ягоная галадоўка

За два тыдні да затрыманьня Людмілы Казак у Менску затрымалі яшчэ дваіх адвакатаў: Максіма Знака людзі ў масках вывелі з штабу Віктара Бабарыкі, дзе ён працаваў; Ільлю Салея затрымалі дома пасьля ператрусу. Абодвух арыштавалі і абвінавацілі па крымінальным артыкуле «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (той самы 361-ы артыкул КК РБ, што і ў Калесьнікавай).

Максім Знак прыдумаў называць тое, што адбываецца ў Беларусі з правамі чалавека ў апошнія месяцы, «прававым дэфолтам», кажа ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

«У нас ужо можна не крычаць „Жыве Беларусь“ і нават не размахваць рукамі. Можна проста ісьці, нічога не крычаць [і быць затрыманым], — прыводзіць прыклад Лаеўскі. — Калі раней стандартная формула, якую мы бачылі ў адміністрацыйных пратаколах, так і гучала: „размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся, выкрыкваў лёзунгі“, — цяпер гэта ўсё не абавязкова. Тут мы „эвалюцыянуем“, і вельмі хутка. Мы не пасьпяваем нават асэнсаваць, што адбываецца. Але праблема прававога дэфолту значна шырэйшая і ня зводзіцца толькі да адвольных затрыманьняў. Пытаньне ўзьнікае пра маштабны гвалт над людзьмі, пра здольнасьць інстытутаў дзяржавы выконваць сваю функцыю, пра давер грамадзян да гэтых інстытутаў».

«Тэмы, на якія Максім выказваўся, — рэфэрэндум, адкліканьне дэпутатаў, яшчэ нейкія рэзанансныя пытаньні. Але супрацьпраўнага ў яго выказваньнях не было ніколі. Ідэя паставіць пытаньне аб адклiканьнi дэпутатаў — новая. І шмат іншых новых. Яны нязвыклыя беларускаму вуху. І ў гэтай сытуацыі, якая цягнецца ўжо чатыры месяцы, такія яго тлумачэньні маглі здацца некаму нязручнымі», — мяркуе Дзьмітры Лаеўскі.

Не пагадзіўшыся з абвінавачаньнем, Максім Знак абвясьціў галадоўку і трымаў яе 10 дзён. «Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі адвакат галадаў, быўшы зьняволеным. Гэта беспрэцэдэнтна і прапарцыйна той беспрэцэдэнтнай сытуацыі зь немагчымасьцю дамагчыся ўжываньня прававых нормаў», — кажа абаронца Максіма Знака.

«Прылятаю ў суд, знаёмлюся з матэрыяламі». Як працуюць адвакаты, калі пратэсты не спыняюцца

«Калі майго кліента затрымалі, я часьцяком стаўлю на ўсім наступным дні крыж», — кажа Сяргей Зікрацкі. Ён адвакат, удзельнічае ў разглядзе шматлікіх адміністрацыйных спраў, якія разглядаюцца ў апошнія тыдні ў менскіх судах.

Максім Знак, Менск, 21 жніўня 2020
Максім Знак, Менск, 21 жніўня 2020

«Увечары мне тэлефануюць сваякі або калегі затрыманага і кажуць, што ён затрыманы. Гэта азначае, што наступнай раніцай я пачынаю шукаць гэтага кліента, а таксама шукаць, дзе будзе разглядацца справа аб адміністрацыйным правапарушэньні», — кажа Зікрацкі.

Так выглядае «ўзмоцнены рэжым працы», на які перайшлі многія юрысты ў краіне два месяцы таму — адразу пасьля выбараў. У кожнай справе чалавека, схопленага на вуліцы «ціхарамі», затрыманага на мітынгу або прывезенага ў ІЧУ пасьля ператрусу, патрэбен абаронца. Аб плянаваньні працоўнага дня загадзя гаворка не ідзе: невядомая ня толькі дата паседжаньня, але і месца.

«У нас былі пэрыяды, калі мы наогул ня ведалі, які суд будзе разглядаць справу, бо яе мог разглядаць любы раённы суд гораду Менску, а іх у нас дзевяць. Мая раніца пачыналася з таго, што я павінен быў паехаць у гэтыя дзевяць судоў і падаць ім апавяшчэньне пра тое, што я прымаю абарону ў дачыненьні да майго кліента. Далей я чакаю, калі мне патэлефануюць і скажуць, што справа ў дачыненьні да майго кліента паступіла. Улічваючы, што кліента могуць затрымаць на трое сутак, у мяне няма ніякай гарантыі, што справу разгледзяць сёньня. Па сутнасьці, я сяджу на іголках і ня ведаю, як мне плянаваць наступныя дні і ці трэба мне адмяняць мерапрыемствы, якія ў мяне заплянаваныя», — кажа Зікрацкі.

Нарэшце, з суду тэлефануюць — напрыклад, у 11:00. І паведамляюць, што справу разгледзяць у 12:00. «Гэта азначае, што я павінен кінуць усё і ехаць — да нейкага суду мне 15 хвілін, да іншага 30, калі на машыне. Я прылятаю туды, знаёмлюся з матэрыяламі справы і толькі тады даведваюся, у чым канкрэтна абвінавачваюць майго кліента. Абсурднасьць гэтай сытуацыі ў тым, што кліента могуць затрымаць у адным месцы, але ў матэрыялах справы будзе паказана зусім іншае. І мне трэба будзе прадставіць доказы таго, што кліента ў гэтым месцы не затрымлівалі. Гэта значыць, што мне трэба будзе нейкім цудоўным чынам сабраць гэтыя доказы і прадставіць іх у суд».

Гэты бег зь перашкодамі па судах, гадзіны чаканьня і спроба абвергнуць паказаньні міліцыянтаў часьцей за ўсё заканчваюцца аднолькава — «суткамі» для затрыманага. «Па [такіх] адміністрацыйных справах выносяцца рашэньні, якія, на мой погляд, абсалютна незаконныя. На жаль, ні ўдзел адваката ў такіх працэсах, ні наступнае абскарджаньне гэтых пастаноў у большасьці выпадкаў не прыносіць чаканага выніку», — заключае Сяргей Зікрацкі.

«Я ўсё жыцьцё падыходзіў да таго, што праца адваката падобна працы лекара: мы павінны адключаць эмоцыі і разглядаць справу з пункту гледжаньня фактаў, дакумэнтаў і гэтак далей, не спрабуючы перажываць за лёс кліента, — кажа Сяргей Зікрацкі. — Але ў сытуацыі, калі твайго кліента абсалютна незаслужана, несправядліва, без належных доказаў кідаюць за краты на 10–15 сутак, гэта вельмі цяжка ўспрымаць маральна і псыхалягічна».

Працы стала больш, а задавальненьня ад яе ніякага, кажа адвакат: выкладвацца даводзіцца цалкам, а вынік атрымліваеш эмацыйна нэгатыўны. Матэрыяльны фактар таксама адыгрывае сваю ролю (многія абараняюць затрыманых бясплатна, pro bono), хоць адвакаты кажуць пра гэта ў апошнюю чаргу.

Адвакаты Сяргей Зікрацкі (крайні зьлева), Дзьмітры Лаеўскі (другі зьлева) і іншыя абаронцы Максіма Знака
Адвакаты Сяргей Зікрацкі (крайні зьлева), Дзьмітры Лаеўскі (другі зьлева) і іншыя абаронцы Максіма Знака

Навошта ў гэтым удзельнічаць

Адвакаты кажуць, што ня раз чулі ад калегаў і ад людзей, якія назіраюць за сытуацыяй збоку, пытаньне: «Навошта ў гэтым удзельнічаць?». Які сэнс пісаць скаргі, хадайніцтвы, кудысьці зьвяртацца, калі зразумелая пэрспэктыва гэтых скаргаў?»

«Я заўсёды адказваю: на што мы прэтэндуем, тое і будзе», — кажа Дзьмітры Лаеўскі. У яго матывацыйным сьпісе тры пункты — «і спартовы інтарэс».

Пункт першы, паводле Лаеўскага: трэба, каб людзі не забыліся, што наогул было б нядрэнна карыстацца прававымі нормамі. Пакуль застаюцца тыя, хто заклікае да права, ёсьць шанец усё ж такі пабудаваць прававую дзяржаву, лічыць адвакат.

Другая матывацыя — «кропля камень точыць». Дзьмітры Лаеўскі прыводзіць у прыклад справу, калі абвінавачаны правёў амаль два гады ў турмах і СІЗА, але ў выніку быў прызнаны невінаватым і атрымаў кампэнсацыю маральнай шкоды за незаконнае асуджэньне. «Гэта ўсё было вельмі доўга, цяжка і небясьпечна. Але мы не спыняліся, і ў нас атрымалася».

У трэцім пункце Дзмітры Лаеўскі цытуе арыштаванага Віктара Бабарыку: «Мы ня будзем ваяваць, але ўсё роўна пераможам». «Пакуль мы будзем жыць, мы можам дамагчыся станоўчага выніку. І мы будзем яго дамагацца, таму што па-іншаму я ня бачу тады сэнсу ў прафэсіі наогул», — кажа адвакат.

Чаканьне каля Першамайскага суду ў Менску, дзе разглядаюцца адміністрацыйныя справы аб несанкцыянаваных акцыях, 28 верасьня 2020
Чаканьне каля Першамайскага суду ў Менску, дзе разглядаюцца адміністрацыйныя справы аб несанкцыянаваных акцыях, 28 верасьня 2020

Людміла Казак, незалежна ад рашэньня суду ў такіх справах, лічыць патрэбнай працу сваю і сваіх калегаў: «Без абароны тут у любым выпадку нельга. Робіцца ўсё, што магчыма, потым будзе вынік. Не цяпер — дык потым».

«Людзі, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях, ходзяць на ўсе гэтыя мерапрыемствы, ведаюць, што яны камусьці патрэбныя, што адвакат акажа ім якасную дапамогу. І яны ўдзячныя за тое, што нехта за іх змагаецца і спрабуе зрабіць так, каб было вынесена справядлівае рашэньне», — кажа Сяргей Зікрацкі.

Акрамя таго, дадае адвакат, ён не губляе надзеі паўплываць на ўнутраныя перакананьні судзьдзі. У якасьці прыкладу Зікрацкі прыводзіць «апошнюю фішку» беларускіх праваахоўных органаў: у пратаколах не паказваюць рэальныя прозьвішчы сьведак, а самі гэтыя людзі хаваюць свае твары на судзе.

«То бок у нас ёсьць сьведка, чыё прозьвішча ня бачнае ў пратаколе, і перада мной, калі я апытваю сьведку, сядзіць нейкі мужчына ў балаклаве. Ён дае паказаньні ў якасьці сьведкі, і гэтыя паказаньні суд успрымае пры вынясеньні пастановы, — кажа Сяргей Зікрацкі. — Дык вось калі мы суду паказваем, што ўсё гэта незаконна, спасылаючыся на канкрэтныя нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэксу, судзьдзі трэба выходзіць з зоны камфорту і прымаць адпаведную пастанову, на мой погляд, абсалютна незаконную. Я спадзяюся, што проста ў нейкі момант ім перастане быць зручна выносіць гэтыя пастановы і потым глядзець у вочы людзям, чыіх сваякоў яны судзяць».

«Бліжэй за ўсё да Азэрбайджану і Турэччыны». Перасьлед адвакатаў у Беларусі і за яе межамі — камэнтар праваабаронцы

Калі праблемы з рэалізацыяй прынцыпу спаборнасьці бакоў ёсьць у многіх судовых сыстэмах на постсавецкай прасторы, то перасьлед адвакатаў за палітычную актыўнасьць іх давернікаў — гэта «ў вельмі вялікай ступені беларуская гісторыя», лічыць кіраўнік Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкава.

«Асноўнай мэтай крымінальных спраў, заведзеных цяпер у Беларусі ў дачыненьні да адвакатаў, зьяўляюцца лідэры палітычнай апазыцыі і фармальныя апанэнты Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Цяпер гэта Бабарыка, Ціханоўская, Калесьнікава», — кажа праваабаронца.

Вось толькі некаторыя прыклады. У 2012 годзе пакінула Беларусь адвакатка Марына Кавалеўская — яна абараняла кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і лідэра апазыцыйнага руху «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Да гэтага яе тройчы змушалі зьмяніць месца працы, пагражалі пазбавіць ліцэнзіі, а аднойчы ня выпусьцілі з краіны з прычыны ўхіленьня ад вайсковай службы, хоць жанчына не была вайсковаабавязанай і ня мела вайсковага білета.

На акцыі пратэсту ў Менску, 20 верасьня 2020
На акцыі пратэсту ў Менску, 20 верасьня 2020

Адвакатку Тамару Сідарэнку пазбавілі ліцэнзіі ў 2011 годзе — у 2010-м яна абараняла кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча.

У 2017 годзе Мін’юст пазбавіў ліцэнзіі Ганну Бахціну — вядомага ва ўсёй краіне спэцыяліста з 13-гадовым пракурорскім стажам і 25-гадовым стажам адвакацкай дзейнасьці. На пазачарговай атэстацыі камісія прызнала яе «недастаткова кваліфікаванай». Сама Бахціна лічыць, што была пазбаўленая ліцэнзіі за тое, што абараняла фігурантаў рэзанансных палітычных працэсаў, напрыклад журналістку Ірыну Халіп, блогера Эдуарда Пальчыса, фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага.

Павел Чыкава параўноўвае перасьлед беларускіх адвакатаў з сытуацыяй у Азэрбайджане і Турэччыне: «Вядома шмат выпадкаў за апошнія некалькі гадоў, калі азэрбайджанскія адвакаты-праваабаронцы атрымлівалі вымовы, ім прыпынялі ліцэнзіі або цалкам іх пазбаўлялі».

«У Беларусі на сёньняшні момант лёс адвакатаў вызначаецца палітычным становішчам у краіне. Зразумела, што калі пратэст будзе пасьпяховы, то абвінавачаньні не пражывуць даўжэй, чым палітычны рэжым Лукашэнкі. Калі ж Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то ўсё будзе вызначацца нейкімі наступнымі падзеямі — судом, тэрмінам і ўсім такім, — кажа Павел Чыкава. — Пакуль ім застаецца абараняцца і спадзявацца на палітычныя зьмены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG