З восені 2020 году ўлады Беларусі арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, пазбавілі ліцэнзій больш як 140, а 11 трапілі пад крымінальны перасьлед, зь якіх 7 застаюцца за кратамі, паведамляе «Вясна».
У Беларусі засталося 1,6 тысячы адвакатаў-практыкаў, сьведчаць дадзеныя міжнароднай абсэрваторыі «Юрысты ў небясьпецы» (OIAD), у справаздачы адзначаюць, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавалі 2,2 тысячы адвакатаў. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасьць скарацілася на 27,3%, больш як на чвэрць.
Паводле зьвестак абсэрваторыі, у 2020–2024 гадах сама меней 11 беларускім адвакатам выставілі абвінавачаньні ў рамках крымінальных спраў, 6 адвакатаў знаходзяцца за кратамі, 4 «зазналі катаваньні падчас затрыманьня», ня менш як 139 пазбавілі права на прафэсію.
20–25 студзеня ў розных гарадах ЗША, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі і іншых краін праходзяць акцыі ў падтрымку беларускіх адвакатаў.
Акцыі праводзяць, каб пашырыць інфармацыю пра «рэпрэсіі ў дачыненьні беларускіх адвакатаў, арышты, катаваньні, запалохваньні, публічную дыскрэдытацыю, перашкоды з боку дзяржавы выкананьню адвакацкай дзейнасьці, асабліва ў палітычна матываваных справах, пра поўны дзяржаўны кантроль над прафэсіяй юрыста і адсутнасьць незалежнай судовай улады».
Кааліцыя ў правядзеньні Дня адваката ў небясьпецы падрыхтавала даклад з рэкамэндацыямі для паляпшэньня сытуацыі. Прапануецца, сярод іншага:
- Гарантаваць адвакатам свабоду прафэсійнай дзейнасьці безь перасьледу.
- Забясьпечыць роўны доступ да юрыдычнай дапамогі для ўсіх грамадзян.
- Аднавіць у прафэсіі адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій з палітычных матываў, і вызваліць зьняволеных калег.
- Ахоўваць бясьпеку юрыстаў і абараняць іх ад дыскрымінацыі.
Асаблівую ўвагу ў справаздачы ўдзялілі выпадку юрыста і праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, асуджанага на 7 гадоў калёніі па палітычна матываваных абвінавачаньнях.
Форум