Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 лютага: прызналі «экстрэмісцкім» праект Nastaunik.іnfo; у Буда-Кашалёве за «экстрэмізм» судзілі дырэктарку школы

абноўлена

Суд у Беларусі, архіўнае фота
Суд у Беларусі, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» праект для настаўнікаў Nastaunik.іnfo

Міністэрства інфармацыі Беларусі 18 лютага абнавіла Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго, сярод інашага, трапілі сацсеткі грамадзкага праекту для настаўнікаў Nastaunik.іnfo.

Праект Nastaunik.info створаны ў 2005 годзе. Ён пазыцыянуе сябе як «пляцоўка для ўзаемадапамогі, абмену досьведам, публікацыямі і пэдагагічнымі ідэямі». На сайце публікуюцца навіны адукацыі, агляд новых тэхналёгіяў і мэтадаў навучаньня, вучэбныя матэрыялы, мэтадычныя матэрыялы, урокі і пазаклясныя імпрэзы.

Таксама ў сьпіс «экстрэмісцкіх» трапілі:

  • музычная кампазыцыя «Жыве Беларусь» гурта «Elysium»,
  • Telegram-каналы «ЗСУ квадратноголовий пiксель», «Наружка Могилев», «mopmilby»,
  • Facebook-старонкі «Марина Зелёная», «Перакулены клас + ДН. Матэрыялы для ўрокаў»,
  • старонкі ва «Укантакце» «Антология Сибирского Панка», «Это Пинск»,
  • сайт і сацсеткі праекту «horki.іnfo».

Тым часам суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 14 лютага прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі:

  • YouTube-канал з кулінарнымі рэцэптамі «ВСЁ СНАЧАЛА», на які падпісаныя крыху больш за 2 тысячы чалавек,
  • Instagram-старонка «freedom_way_to_belarus»,
  • сайт і старонкі праекту «Digital Intelligence Team» у сацсетках,
  • Facebook-старонка «НIЯКАЙ IНТЭГРАЦЫI З РАСЕЯЙ»,
  • старонка ў TikTok «brest-region»,
  • старонка ў «Х» «Мiхась Iльiн».

У Буда-Кашалёве за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі дырэктарку школы, намесьніцу кіраўніка райкаму «Белай Русі»

13 лютага ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна разглядалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненьні да Алены Сяргееўны Некрашэвіч. Судзьдзя — Канстанцін Скорын, паведамляюць праваабаронцы.

Алена Некрашэвіч, прынамсі да апошняга часу, працавала дырэктаркай сярэдняй школы № 1 горада Буда-Кашалёва і адначасова зьяўлялася намесьніцай старшыні Буда-Кашалёўскай раёнай арганізацыіі рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Белая Русь». Таксама вядома, што на некалькіх апошніх выбарах жанчына ўваходзіла ў склад участковых выбарчых камісіяў.

У лістападзе 2024 году яна стала пераможцай абласнога фэстывалю кіраўнічага майстэрства «Мэнэджмент у адукацыі: ідэі, рашэньні, пэрспэктывы».

Грамадзяніна Армэніі будуць судзіць за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» калёніі

51-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Армэніі Ерванда Мартырасьяна асудзілі летась на 2 гады калёніі нібыта за абразу Лукашэнкі.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, мужчына ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзелу Дэпартамэнту аховы нэгатыўна выказаўся ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

У кастрычніку мінулага году яго накіравалі адбываць тэрмін у калёнію № 11 у Ваўкавыску.

27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну адбудзецца разгляд справы Ерванда паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»), піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Справу будзе разглядаць Ганна Каралевіч.

Суд за пратэсты над братамі і сямейнай парай з Кобрына

У судзе Кобрынскага раёну 25 лютага пачнецца разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу супраць Дзьмітрыя Кубарэцкага, Натальлі Кубарэцкай, Віктара Ціханенкі, Ільлі Ціханенкі, даведалася «Вясна».

Працэс будзе весьці судзьдзя Аляксей Кміта.

З дапамогай «Белпол» праваабаронцы высьветлілі, што вядома пра абвінавачваных. Ільлю Ціханенку 28 гадоў. Мужчына працаваў ліцейшчыкам на кобрынскай фабрыцы дзіцячых цацак «Палесьсе». У 2018 годзе яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што на сваёй старонцы «Укантакце» апублікаваў фота сьцяга і эмблемы нацыянал-сацыялістычнай партыі Нямеччыны.

Брату Ільлі, Віктару Ціханенку, 23 гады. Хлопца неаднойчы судзілі за бойкі і расьпіцьцё алькаголю ў грамадзкіх месцах.

35-гадовы Дзьмітры і 34-гадовая Натальля Кубарэцкія — муж і жонка, якія маюць 9-гадовую дачку. Натальля зарэгістраваная як індывідуальная прадпрымальніца. Па стане на 2019 год Дзьмітры працаваў штукатурам у Берасьцейскім рамонтна-будаўнічым трэсьце № 1.

Суд у Мазыры за «паклёп» на Лукашэнку

На 25 лютага ў судзе Мазырскага раёну прызначаны пачатак разгляду крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта») у дачыненьні да Анастасіі Ахраменкі. Судовы працэс у закрытым рэжыме будзе весьці судзьдзя Анатоль Стрэльчанка, паведаміла «Вясна».

Вядома, што Анастасія прафэсійна займалася фатаграфіяй, рабіла фатасэсіі. Апошняя яе актыўнасьць у сацыяльных сетках была каля месяца таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG