Для выяўленьня «дармаедаў» ва ўсіх раёнах Менску пройдуць «пазаплянавыя адпрацоўкі», паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
«Асаблівую ўвагу» падчас праверак удзеляць тым, хто працуе за мяжой, і так званым «дармаедам», якія працуюць, але атрымліваюць заробак «у канвэртах».
Акрамя гэтага, ведамства анансавала пашырэньне «праграмаў працаўладкаваньня» для дармаедаў. Тых жа, хто ўхіляецца ад працы з прычыны алькагольнай ці наркатычнай залежнасьці, будуць накіроўваць у ЛПП.
«У Менску гэтая катэгорыя будзе адпрацаваная на 100%, — падкрэсьліў Іван Кубракоў. — Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі дабротамі, якія дае дзяржава».
Па выніках рэйдаў плянуюць унесьці прапановы для «ўдасканаленьня заканадаўства» аб дармаедах.
На нарадзе таксама прысутнічалі кіраўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў, начальнік сталічнага ГУУС Міхаіл Грыб, старшыня камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму Пётр Шуцька.
- Упершыню так званы закон аб «дармаедах» (дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства») Лукашэнка прыняў у 2015 годзе. У 2017-м, калі беспрацоўныя беларусы сталі атрымліваць зь дзяржаўных органаў лісты з патрабаваньнем «кампэнсацыі дзяржаўных выдаткаў», у многіх гарадах пачаліся масавыя пратэсты, якія атрымалі назву «маршы недармаедаў». У выніку дакумэнт адправілі на дапрацоўку. У студзені 2018 году быў падпісаны новы дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», які адкарэктаваў дэкрэт № 3. У базу «дармаедаў» тады ўнесьлі каля паўмільёна чалавек.
- У Беларусі існуе база тых людзей, каго дзяржава лічыць «дармаедамі». Гэта найперш тыя, хто, на думку дзяржавы, ня ўдзельнічае ў фінансаваньні эканомікі, не працуе і ня плаціць падаткаў. З 2024 году база абнаўляецца штомесяц. «Дармаедамі» прызнаюць тых, хто афіцыйна не працуе і ня плаціць падаткі. Такія людзі, калі яны ўласьнікі жыльля, цалкам аплачваюць ацяпленьне, газ і гарачую ваду. Пры гэтым у беларускім заканадаўстве па-ранейшаму няма дакладнага вызначэньня, каго прызнаваць «дармаедам».
- 16 лістапада 2024 году Аляксандар Лукашэнка зноў згадаў пра «дармаедаў». «Бамжоў, дармаедаў у краіне ня будзе. Усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю», — сказаў ён. Некаторыя чыноўнікі на месцах тут жа адрэагавалі на заяву: у Менску анансавалі два кірмашы для незанятых у эканоміцы.
- З 1 студзеня 2025 году ў Беларусі ўвялі чарговае абмежаваньне для «дармаедаў». Пачала дзейнічаць новая ўмова для тых, хто прэтэндуе на дапамогу па беспрацоўі ад цэнтру занятасьці насельніцтва — для гэтага трэба знаходзіцца «ня менш за пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўнымі ў працоўных адносінах».
- 14 лютага кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў пра важнасьць гарантаваньня «эканамічнай бясьпекі краіны, у тым ліку шляхам мэтанакіраванай працы зь непрацаўладкаванымі грамадзянамі і мігрантамі». Пасьля гэтага газэта МУС «На варце» паведаміла, што міліцыя ў рэгіёнах актывізавала працу з «дармаедамі». Сьцьвярджалася, што супрацоўнікі «дойдуць да кожнага» зь іх. Таксама газэта паведамляла, што МУС Беларусі зацьвердзіла дадатковыя меры «прафіляктычнага ўзьдзеяньня на асобаў, якія знаходзяцца на міліцэйскіх уліках і не занятых працай і вучобай».
Форум