Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 лютага: Былога памежніка судзяць за «здраду дзяржаве»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Закрыты працэс на работнікам НПЗ

26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачынаецца закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лябараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Ігарам Шуканавым.

Яго абвінавачваюць у «паклёпе» на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Ігара Шуканава жорстка затрымалі 1 жніўня 2024 году на працоўным месцы. Па яго зь Менску прыехалі губазікаўцы. Затым заводзкім аўтамабілем «УАЗ-Patriot» вывезьлі за прахадную.

Недалёка ад аўтобуснага прыпынку, на паркоўцы каля галоўнай прахадной заводу, дзе ў той час былі людзі, губазікаўцы ўчынілі паказальнае пабіцьцё Шуканава — выцягнулі з «УАЗа», кінулі тварам на асфальт і, націснуўшы каленам на галаву, надзелі кайданкі, піша «Наша ніва».

У Берасьці за ўдзел у пратэстах у 2020-м судзяць трох чалавек

У судзе Ленінскага раёну Берасьця распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) трох мясцовых жыхароў: Алега Шылава, Вадзіма Карпава і Сяргея Гаруна, паведамляе «Вясна».

Вядома, што Сяргея Гаруна затрымалі ў канцы кастрычніка мінулага года. На відэа сілавікоў ён казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020-га, кідаў брук у бок сілавікоў і заблякаваў лаўкай дарогу.

Справу супраць іх разглядае Дзьмітры Шурын.

Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту 2020-га асудзілі мінімум 180 чалавек.

За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць вядомую фітнэс-інструктарку і чэмпіёнку СССР, якая мае падзяку ад Лукашэнкі

17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачынаюць разглядаць справу Натальлі Наважылавай. Ёй інкрымінаваны артыкул 342 КК («Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях»).

Судзьдзя — Кацярына Мурашка.

Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з ініцыяламі фітнэс-інструктаркі міжнароднай клясы катэгорыі Elite Натальлі Наважылавай.

Натальля — старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Фэдэрацыя фітнэсу», майстарка спорту ў спартовай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнэраў. Натальля Мікалаеўна зьяўляецца таксама афіцыйнай прадстаўніцай Фітнэс-праграм унівэрсытэту Reebok і Nike.

Яна таксама праводзіць Усебеларускія канфэрэнцыі па праграме «За здаровы лад жыцьця». Узнагароджана Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцьця».

Былога памежніка судзяць за «здраду дзяржаве»

Падсуднаму Сяргею Цераховічу 42 гады. Ён ад нараджэньня жыве ў Горадні. Па зьвестках BelPol, да канца 2016 году ён служыў старшым тэхнікам у памежнай частцы 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.

Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлягбаўм і дазволіў «грамадзянцы Цераховіч» (незразумела, гэта яго сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.

Па зьвестках Digital Intelligence Team, пасля 2016 году Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы «Севіры Сэрвіс», якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсьць статус ІП, сфэрай дзейнасьці якога пазначана «Паштовая ды курʼерская дзейнасьць», піша «Наша Ніва».

Суд над Сяргеем пачынаецца 17 лютага ў Горадзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Судзьдзя — Юры Казакевіч.

Палітзьняволены журналіст Ігар Карней абскарджвае прысуд за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі

Магілёўскі абласны суд 18 лютага разгледзіць апэляцыйную скаргу Ігара Карнея, якому ў сьнежні дадалі 10 месяцаў пазбаўленьня волі. Разьбіраць скаргу журналіста-палітвязьня прызначаны судзьдзя Ігар Зямцоў.

Ігар Карней спрабуе абскардзіць рашэньне суду Шклоўскага раёну, які 13 сьнежня 2024 году прызнаў яго вінаватым у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай калёніі № 17.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG