Тое, што сустрэча сапраўды адбудзецца, у этэры Radio France пацьвердзіў міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро.
«Прэзыдэнт Рэспублікі заўтра зьбярэ асноўныя эўрапейскія краіны, каб абмеркаваць эўрапейскую бясьпеку», — сказаў Баро. Ён, аднак, не ўдакладніў, якія менавіта краіны будуць удзельнічаць у сустрэчы.
Кіраўнік МЗС Францыі таксама падкрэсьліў, што эўрапейцы «так ці інакш будуць уцягнутыя ў дыскусіі аб спыненьні вайны ва Ўкраіне».
Раней ўкраінская агенцыя Укрінфарм з украінскіх дыпляматычных крыніц паведамляла, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня будзе ўдзельнічаць у парыскай сустрэчы. Сустрэча пройдзе ў фармаце «Вэймарскі трохкутнік ++» (Францыя, Нямеччына, Польшча, Гішпанія, Італія, Вялікая Брытанія і шэраг іншых эўрапейскіх краін).
15 лютага міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон запрасіў эўрапейскіх лідэраў у Парыж у панядзелак, 17 лютага, каб абмеркаваць сытуацыю ў Эўропе пасьля тэлефанаваньня Дональда Трампа Ўладзіміру Пуціну і выступу віцэ-прэзыдэнта ЗША Джэя Вэнса на Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі.
Злучаныя Штаты сумняваюцца ў тым, што краіны Эўразьвязу трэба запрашаць да мірных перамоваў, якія могуць спыніць доўгую вайну Расеі супраць Украіны.
16 лютага прэзыдэнты Фінляндыі і Латвіі Аляксандар Стуб і Эдгарс Рынкевічс заклікалі партнэраў па Эўразьвязе стаць больш рашучымі, падтрымаць Украіну і выступіць з уласнымі прапановамі ў адрас Злучаных Штатаў.
Форум